Творчы тандэм

Настаўнік… Слова незвычайнае, асаблівае. Настаўнік — гэта не той, хто мае дыплом аб адпаведнай адукацыі, а той, хто з душой аддаецца сваёй справе, справе выхавання дзяцей. Чалавек, здольны запаліць у навучэнцах агеньчык пазнання, сфарміраваць жаданне і ўменне вучыцца, а таксама выхаваць у дзяцей маральныя і грамадзянскія пачуцці.

У навучэнцаў пачатковых класаў звычайна адзін настаўнік. Менавіта ён адыгрывае галоўную ролю ў фарміраванні далейшых адносін дзяцей да вучобы. Зараз, ва ўмовах вялікай занятасці бацькоў, малодшыя школьнікі ўсё больш часу праводзяць у сценах школы, наведваючы групу прадоўжанага дня. Я ж хачу расказаць не толькі пра настаўніцу пачатковых класаў, але і пра выхавальніцу групы прадоўжанага дня, сумесная работа якіх робіць працэс навучання дзяцей больш прадукцыйным, разнастайным і цікавым.Наталля Юр’еўна Ярошава, настаўніца пачатковых класаў, і Вольга Анатольеўна Рослік, выхавальніца групы прадоўжанага дня, маюць больш чым дваццацігадовы педагагічны стаж, але іх прафесійнае майстэрства нельга вымераць ніякімі катэгорыямі і кваліфікацыямі.
Сумесную работу педагогаў з упэўненасцю можна назваць творчым тандэмам. Наталля Юр’еўна і Вольга Анатольеўна зладжана працуюць у пары, разам вырашаючы адукацыйныя і выхаваўчыя задачы. Класы, якія яны выпускаюць, самыя згуртаваныя і дружныя.
Вольга Анатольеўна і Наталля Юр’еўна вялікую ўвагу ўдзяляюць маральнаму і патрыятычнаму выхаванню малодшых школьнікаў. На адпаведных занятках, спалучаючы індывідуальныя і групавыя формы работы, а таксама падключаючы бацькоў, педагогам удаецца дабіцца высокіх вынікаў.Для згуртавання дзіцячага калектыву настаўніца і выхавальніца праводзяць у класе святы, конкурсы, канцэрты, арганізоўваюць экскурсіі ў музеі, выезды на прыроду.
Вольга Анатольеўна і Наталля Юр’еўна стараюцца перадаваць дзецям усе свае веды, працуюць з поўнай самааддачай. І дзеці гэта адчуваюць. Добразычлівыя адносіны педагогаў і любоў да дзяцей і сваёй справы выклікаюць жаданне вучыцца нават у самых слабых навучэнцаў.

Надзея НЕСЦЯРЭНКА,
мама навучэнкі сярэдняй школы № 201 Мінска.