Цяжка ў вучэнні — лёгка ў баі

У сучасных умовах няма задачы больш важнай, чым задача фарміравання патрыятызму. Разам з тым няма задачы і больш складанай. Але складана не азначае немагчыма. Задача ў тым, каб захаваць векавыя традыцыі і маральныя каштоўнасці: любоў да Айчыны, павагу да працы, нацыянальную і рэлігійную цярпімасць, справядлівасць, гатоўнасць да абароны Радзімы. Юнаку, які абдумвае сваё будучае жыццё, важна пастаянна памятаць пра тое, што разам з мноствам прафесій, дадзеных яму грамадствам для выбару, ёсць такая, якой ён павінен авалодаць абавязкова. Гэта прафесія абаронцы Радзімы.

У адпаведнасці з праграмай па дапрызыўнай падрыхтоўцы, на базе сярэдняй школы № 4 Горак прайшоў вучэбна-палявы збор са старшакласнікамі сярэдніх школ города. Планавае мерапрыемства было накіравана на павышэнне якасці дапрызыўнай падрыхтоўкі падрастаючага пакалення, ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі, падрыхтоўкі будучых абаронцаў Айчыны для праходжання службы ва Узброеных Сілах, а таксама правядзенне прафесійнай арыентацыі юнакоў. Вучэбна-палявыя зборы — адна з магчымасцей стварэння аптымальных умоў для фізічнай і маральнай падрыхтоўкі навучэнцаў дапрызыўнага ўзросту па выкананні свайго абавязку перад Радзімай, улічваючы іх фізіялагічныя, псіхічныя і інтэлектуальныя магчымасці. У ходзе заняткаў навучэнцы атрымалі неабходныя тэарэтычныя веды і першапачатковыя навыкі па арыентаванні на мясцовасці без карты, інжынерным абсталяванні адзіночнага акопа для стральбы лежачы, азнаёміліся з парадкам аказання першай медыцынскай дапамогі. Пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў юнакі вывучылі матэрыяльную частку стралковай зброі, папрактыкаваліся ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, а таксама ў выкананні нарматываў па надзяванні індывідуальных сродкаў абароны. Не меншую цікавасць у школьнікаў выклікалі вучэбныя месцы, дзе практычна адпрацоўваліся ўменні начыняць магазін аўтамата вучэбнымі патронамі. Няўзброеным вокам было відаць іх устойлівае жаданне ўдасканальваць свае практычныя навыкі, імкненне да дасягнення больш высокіх вынікаў у спаборніцтве са сваімі таварышамі па выкананні нарматыву. Хлопцам быў прадэманстраваны відэафільм пра выдатнага канструктара стралковай зброі Калашнікава.
Страявая падрыхтоўка прывучае адчуваць адказнасць за дакладнае выкананне каманд, патрабаванняў і распараджэнняў камандзіраў, дапамагае авалодаць рознымі прыёмамі і дзеяннямі, а таксама набыць некаторыя прыкладныя навыкі, якія неабходны ім на занятках па тактычнай, агнявой, фізічнай падрыхтоўцы. Акрамя таго, страявая вывучка выпрацоўвае ў падлеткаў акуратнасць, падцягнутасць, страявую выпраўку, цягавітасць і прыгажосць рухаў. Заняткі па страявой падрыхтоўцы ў велізарнай ступені спрыялі фарміраванню ў хлопцаў правільных поглядаў на ваенную службу. Яны з вялікім жаданнем і стараннем адпрацоўвалі страявыя прыёмы і рух без зброі. Многія мерапрыемствы, якія праводзяцца на вучэбна-палявых зборах, спалучаны са значнымі маральна-псіхалагічнымі і фізічнымі нагрузкамі. Гэта аказвае станоўчае ўздзеянне на падлеткаў, на іх імкненне загартаваць сябе, стаць цвёрдымі, рашучымі, больш упэўненымі і адказнымі. Невыпадкова многія прызыўнікі імкнуцца трапіць служыць у пагранічныя, паветрана-дэсантныя войскі, дзе прад’яўляюцца найбольш жорсткія патрабаванні да ўсебаковай, асабліва да фізічнай, падрыхтоўкі салдата, і дзе гэтая гатоўнасць павышаецца дзень пры дні.
Вучэбна-палявыя зборы маюць дастаткова магчымасцей падняць узровень падрыхтоўкі падлеткаў, сур’ёзна зацікавіць іх спортам і выпрацаваць розныя станоўчыя звычкі ў штодзённых самастойных занятках. Гэтаму спрыяе арганізацыя жыцця і дзейнасці падчас правядзення заняткаў, выразны распарадак дня, сістэма прадуманых узаемазвязаных мерапрыемстваў, актыўны ўдзел у іх усіх навучэнцаў. Напрыклад, кожны дзень пачынаўся з фізічнай зарадкі.У залежнасці ад фізічнага стану хлопцаў інтэнсіўнасць фізічных практыкаванняў падчас зарадкі павышаецца. Штодня павялічвалася дыстанцыя бегу на 100—200 м, і да сярэдзіны вучэбна-палявых збораў яна магла ўзрасці да 2—3 км. Спартыўна-масавая работа прадугледжвала правядзенне спаборніцтваў па бегу, спартыўных гульнях, у “кіданні гранат”, па арыентаванні на мясцовасці, набыцці навыкаў паходнага жыцця, страявых практыкаванняў і іншых, якія з’яўляюцца, па сутнасці, спартыўнымі, што асабліва прыцягвае заўтрашніх абаронцаў Радзімы.
Апошні дзень вучэбна-палявых збораў для ўсіх вучняў 10-х класаў праходзіў у вайсковай часці 6713. Ім прадаставілася магчымасць бліжэй азнаёміцца з распарадкам дня, размяшчэннем і бытам ваеннаслужачых. Юнакам паказалі работу сабак у кіналагічным цэнтры. Многія навучэнцы выказалі жаданне сыграць ролю парушальніка перад пошукавымі аўчаркамі.
У 3-й стралковай роце школьнікі з вялікай цікавасцю агледзелі стралковую зброю і баявую тэхніку, змаглі выканаць няпоўную разборку аўтамата Калашнікава.Па словах выкладчыкаў дапрызыўнай падрыхтоўкі Сяргея Шулакова, Мікалая Вярэніча, Яўгена Манаева, падобныя вучэбна-палявыя зборы старшакласнікаў заўсёды праходзяць цікава і з карысцю. Такія мерапрыемствы не толькі збліжаюць моладзь з арміяй, усяляюць у хлопцаў упэўненасць у сваіх сілах, але і дапамагаюць ім вызначыцца з прафесіяй.

Яўген ГРЭЦКІ,
настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі сярэдняй школы № 2 Горак.