Цімбілдынг па-ліцэйску

Ва ўсім свеце карпарацыі і буйныя кампаніі трацяць значныя сродкі на цімбілдынг — мерапрыемствы па стварэнні і ўмацаванні каманднага духу, псіхалагічнага камфорту ў калектыве. Між тым гэта зусім не навінка, элементы такой работы здаўна выкарыстоўваліся і ў беларускай адукацыі. Карані гэтай моднай плыні сягаюць у савецкае мінулае, у піянерскія ды камсамольскія справы. І ў сучаснай гісторыі ёсць такія прыклады. Гаворка ідзе аб традыцыйным турысцкім злёце, які арганізоўваецца ў лiцэі № 1 Гродна на працягу амаль 20 гадоў.

Першы турзлёт адбыўся ў далёкім 1997 годзе, а яго сцэнарый за 18 гадоў зусім не змяніўся. Менавіта таму гэтае мерапрыемства ўспрымаецца калектывам педагогаў і ліцэістамі амаль як рытуал. Цудоўны. Нязменны. Абавязковы. У любое надвор’е, у сонейка і ў дождж, ліцэісты крочаць разам з настаўнікамі ў лес. Здаецца, нават нябесная канцылярыя звыклася з гэтай традыцыяй, штогод адорваючы нас ясным надвор’ем.
Як у любога рытуалу, у турзлёту ёсць свае канстанты. Па-першае, турзлёт праводзіцца на адным і тым жа месцы — каля турбазы “Мелавыя горы”, ля Нёмана. Па-другое, у спартыўных мерапрыемствах абавязкова ўдзельнічае каманда педагогаў, якія бегаюць, лазяць, скачуць, страляюць на адных умовах з вучнямі. Па-трэцяе, і гэта важна, былых ліцэістаў проста не бывае, нашы выпускнікі ўдзельнічаюць у турзлётах у якасці гасцей-студэнтаў. Вось і ў гэтым годзе да ліцэістаў далучыліся нашы сябры — студэнты 1 курса лячэбнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.Не мяняюцца і элементы паласы перашкод: “пастка”, “купіны”, кіданне ў цэль, “маятнік”, “гаць”, хадзьба на хадулях, дартс, распальванне вогнішча. Кожны элемент дазваляе праверыць фізічную форму ліцэістаў: сілу, трываласць, меткасць, спрытнасць.
Праверыць сваю меткасць дазваляе дартс. Удзельнік павінен трапіць трыма дроцікамі ў цэль. Трэба быць вельмі спрытным чалавекам, каб прайсці па купінах, не дакранаючыся да зямлі. Тое ж самае датычыцца і маятніка. Разгайдацца так, каб не прызямліцца да маркіроўкі і не атрымаць тым самым штраф, не самая простая задача. Спрыт і хуткасць спатрэбяцца пры хадзьбе на хадулях. Пераадоленне “пасткі” звычайна давяраюць самай мініяцюрнай дзяўчыне, бо пралезці праз вяровачны тунэль, не дакрануўшыся да яго ніводнай часткай цела, справа не з лёгкіх. Не проста даецца ліцэістам і “гаць”: прайсці на невялічкіх калодках, падтрымліваючы іх з дапамогай кароткіх вяровак, і не ўпасці, на першы погляд проста не рэальна, але практыка і вопыт даказваюць адваротнае. Вядома, за кожную памылку наступае расплата: удзельнік прабягае адзін штрафны круг.
Шквал эмоцый штогод выклікае эстафета. Кожны клас імкнецца выступіць як мага лепш, дзеці крычалкамі падтрымліваюць адно аднаго. І якая стаіць цішыня, калі апошні ўдзельнік распальвае вогнішча з загадзя падрыхтаванай распалкі (выкарыстанне паперы і лёгкаўзгаральных матэрыялаў забаронена). Каманда выкарыстоўвае свае запалкі, герметычна запакаваныя, якія суддзя на старце апускае ў ваду. І якое вялікае расчараванне, калі распаліць вогнішча не атрымліваецца (а такое часам здараецца) і табе даюць штраф — 5 хвілін дадатковага часу.
Вялікую цікавасць выклікае і выступленне каманды педагогаў. Менавіта ў гэты момант адчуваецца, што ліцэй — адна вялікая сям’я.
Акрамя эстафеты, праходзяць конкурсы на лепшую турыстычную песню і насценгазету, а таксама экалагічны конкурс, мэта якога — навучыць ліцэістаў берагчы прыроду. Турзлёт аказвае мінімальны антрапагенны ўплыў на навакольнае асяроддзе: пасля ліцэістаў пляцоўка застаецца прыбранай, смецце трапляе ў спецыяльна адведзеныя месцы. Для нашых навучэнцаў гэта норма, але, каб раптам хто-небудзь не забыўся пра свой натуральны абавязак, існуюць штрафныя балы для каманды, якая парушыла парадак.
Цудоўная традыцыя і адначасова жыццёвая неабходнасць. Час ліцэіста ляціць хутка. За два гады трэба паспець не толькі падрыхтавацца да паступлення і вучобы ў ВНУ, але і пасябраваць, наладзіць моцныя камандныя сувязі ў класных калектывах, пазнаёміцца з гісторыяй ліцэя і зрабіць у яе свой уклад. Менавіта з гэтымі задачамі на працягу 18 гадоў эфектыўна спраўляецца наш традыцыйны турыстычны злёт.

Алена ФІРОНАВА,
педагог ліцэя № 1 Гродна.