Цікавасць да пазнання абудзіць мнагамерная дыдактычная тэхналогія

Адной з прыярытэтных мэт пачатковай школы з’яўляецца падрыхтоўка высокаадукаванай асобы, здольнай самастойна думаць і набываць веды. Задача настаўніка — ператварыць дзіця ў даследчыка, актыўнага ўдзельніка працэсу пазнання, які вучыцца і развіваецца на працягу ўсяго жыцця.

Даказана, што вучэнне толькі тады становіцца для вучняў паспяховым і прыцягальным, калі яны ўмеюць вучыцца: умеюць чытаць, усведамляць, параўноўваць, даследаваць, праектаваць, канструяваць, сістэматызаваць, структураваць і рацыянальна запамінаць. Дасягнуць гэтага можна дзякуючы выкарыстанню мнагамернай дыдактычнай тэхналогіі.
Ужо некалькі гадоў у нашай гімназіі ажыццяўляецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі кансалтынгавага цэнтра па выкарыстанні сучасных адукацыйных тэхналогій на ўроках і факультатыўных занятках”. Працуючы над гэтым праектам, я вывучыла тэхналогію мнагамерных дыдактычных інструментаў, якую сёння паспяхова выкарыстоўваю ў сваёй рабоце.
Мнагамерная дыдактычная тэхналогія складаецца з дыдактычных інструментаў — інтэлект-карт (карт памяці) і логіка-сэнсавых мадэлей. Яны дазваляюць фарміраваць у вучняў інтарэс да пазнання і адкрыцця новага, развіваць кругагляд, далучаць дзяцей да пошуку і работы з рознымі крыніцамі і сродкамі інфармацыі.
Карты памяці выкарыстоўваю з 1 класа. Яны актывізуюць даследчую дзейнасць дзяцей, дапамагаюць ім набыць першасныя навыкі правядзення самастойных даследаванняў.
З першых заняткаў у школе мы разглядаем метады даследаванняў. Дзеці даведваюцца, як і адкуль можна атрымаць інфармацыю: спытаць у дарослых, паглядзець у кнігах ці інтэрнэце, паназіраць, правесці эксперымент і г.д. Затым праводжу ўрок-трэнінг, на якім вучу дзяцей збіраць даступную інфармацыю і апрацоўваць яе. Напрыклад, прапаную падрыхтаваць паведамленне пра пэўную з’яву ці прадмет. Мая задача — падвесці вучняў да думкі, што набор метадаў залежыць ад нашых рэальных магчымасцей. Чым іх больш, тым лепш і цікавей пойдзе работа.
Вызначыўшы паслядоўнасць работы, пачынаем збіраць матэрыял. Але яго цяжка ўтрымаць у галаве ці запісаць, бо няма навыку пісьма. Таму прыходзім да высновы, што неабходна стварыць схему-малюнак (карту памяці).

Маляванне карт памяці — незвычайны від дзейнасці на ўроку. Яго можна аднесці да гульнявых. Ён асабліва эфектыўны ў 1—2 класах, бо ў дзяцей гэтай узроставай катэгорыі пераважае наглядна-вобразнае мысленне.
Карты памяці ўяўляюць сабой вобраз, ад якога разыходзяцца галінастыя лініі. Галіны павінны быць каляровымі. Кожную з іх трэба падпісваць адным-двума ключавымі словамі. Пры гэтым варта як мага часцей выкарыстоўваць малюнкі. Здольнасць дзіцяці рабіць кароткія запісы і вынаходзіць значкі сведчыць пра ўзровень развіцця асацыятыўнага мыслення і творчых здольнасцей.
Спачатку пэўную дапамогу аказваюць бацькі, якім тлумачу мэту даследавання і яго выніковасць. Бацькі з дзецьмі падбіраюць літаратуру. На ўроку вучні заносяць неабходную інфармацыю на інтэлект-карту. Сабраныя звесткі аналізуюцца і абагульняюцца. Затым юныя даследчыкі робяць паведамленні. Пасля кожнага выступлення абавязкова праводзіцца абмеркаванне. Так дзеці знаёмяцца з агульнай схемай дзейнасці. На гэтым этапе я выступаю ў ролі кансультанта-памочніка.
Далей працую над фарміраваннем у вучняў уменняў бачыць праблемы, задаваць пытанні, вылучаць гіпотэзы, даваць азначэнне паняццям, класіфікаваць назіранні і навыкі правядзення эксперымента, рабіць вывады, структураваць матэрыял і г.д. Так, у 2 класе на ўроку “Чалавек і свет” па тэме “Ежа” для фарміравання ў дзяцей уяўлення пра асноўныя групы харчовых прадуктаў і стымулявання імкнення да рацыянальнага харчавання вучні пад маім кіраўніцтвам дзеляць гэтыя прадукты на 4 групы. У выніку атрымліваецца карта памяці “Ежа”.
Карта памяці — гэта добры наглядны матэрыял, з якім лёгка і цікава працаваць. Такі матэрыял прасцей запомніць, чым старонку друкаванага тэксту ў падручніку. Дзіця з дапамогай малюнкаў можа адлюстроўваць на паперы свае думкі, рашаць творчыя задачы, адпрацоўваць атрыманую інфармацыю, удасканальваць яе і змяняць. Такім чынам, інтэлект-карты наглядна дэманструюць тэму ў цэлым і не дазваляюць згубіцца ў ёй. Пры вывучэнні матэрыялу дзеці з’яўляюцца не толькі вучнямі, але і даследчыкамі. Гэта развівае пазнавальны інтарэс школьнікаў, павышае эфектыўнасць работы з імі.

У 3—4 класах можна пачынаць выкарыстоўваць логіка-сэнсавыя мадэлі (ЛСМ). Яны грунтуюцца на тых жа прынцыпах, што і карты памяці, але пры пабудове мадэлей малюнкі не выкарыстоўваюцца. Правільна арганізаваная дзейнасць з ЛСМ дазваляе далучаць вучняў да дыскусіі, дапамагае ім выказваць уласныя меркаванні, аналізаваць і рабіць высновы. Веды, атрыманыя падчас работы з мадэлямі, становяцца глыбокімі і трывалымі.
Вучні могуць складаць ЛСМ самастойна пасля першага знаёмства з тэмай, выкарыстоўваючы вучэбную літаратуру. Работа па складанні мадэлей можа праводзіцца ў парах пастаяннага і зменнага складу, а таксама ў групах, дзе абмяркоўваюцца і ўдакладняюцца ўсе дэталі. Вучні працуюць над складаннем ЛСМ з вялікім інтарэсам і жаданнем.
Урокі рускай мовы — добрая магчымасць для навучання даследчай дзейнасці, бо на іх ёсць практычны, рэальна бачны канчатковы вынік, якога дзеці павінны дасягнуць. Так, на ўроках у 4 класе вынікам даследавання раздзела “Займеннік” з’явілася ЛСМ. Выбудоўвалася яна паэтапна — ад урока да ўрока — у адпаведнасці з парадкам даследавання тэм раздзела.
Пры даследаванні тэмы “Правапіс займеннікаў з прыназоўнікамі” вучні вылучылі гіпотэзу: калі займеннік ужываецца замест назоўніка, то з прыназоўнікамі пішацца асобна. Падчас даследавання дзеці павінны былі пацвердзіць ці аспрэчыць гэтую гіпотэзу. Для праверкі сцвярджэння вучні даследавалі прапанаваны моўны матэрыял у выглядзе заданняў, мэтай якіх з’яўлялася актуалізацыя ведаў па тэме “Назоўнік”. Былі прапанаваны практыкаванні, якія патрабавалі правядзення аналогіі самастойна, праз практычную накіраванасць заданняў, якія выконваліся. Вучні самастойна вылучылі сэнсавыя вузлы на каардынаце, што ў выніку прывяло іх да пацвярджэння гіпотэзы.
Школьнікі даследавалі мадэль цэласна і абагульнілі атрыманыя веды. Гэта павысіла пазнавальную актыўнасць вучняў, іх самакантроль. Дзеці змаглі ўбачыць тэму цалкам і кожны яе элемент паасобку, а таксама суаднесці паняцці. Такая форма даследавання вучэбнага матэрыялу дазваляе правільна сфармуляваць вывады, абгрунтавана адказаць на пытанні.
Цалкам складзеная ЛСМ з’яўляецца вынікам даследчай дзейнасці вучняў. Згорнутая інфармацыя на схеме можа лёгка ўзнаўляцца імі, бо яны самі яе складалі, структуруючы асноўныя паняцці.
Складанне і выкарыстанне ЛСМ ствараюць умовы для развіцця крытычнага мыслення вучняў, фарміравання вопыту і інструментарыя вучэбна-даследчай дзейнасці, ролевага і імітацыйнага мадэлявання, творчага асваення новага вопыту, пошуку і вызначэння ўласных асобасных сэнсаў і каштоўнасных адносін у школьнікаў.
Тэхналогія мнагамерных дыдактычных інструментаў садзейнічае фарміраванню самастойнай пазнавальнай і даследчай дзейнасці вучняў, павышае якасць адукацыйнага працэсу і даступнасць вучэбнага матэрыялу, дазваляе ўшчыльніць неструктураваную прастору ведаў.

Вольга ДЗІРША,
настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 4 Баранавіч.