Ці не аб даўніне марыць навізна?

У чым сучаснасць сённяшняга ўрока? Што павінна адрозніваць яго ад урока, скажам, дваццацігадовай даўнасці? Як правесці ўрок у поўнай адпаведнасці з патрабаваннямі бягучага часу? Якія крытэрыі звычайнага ўрока ў сучаснай школе? Гэтыя і іншыя пытанні высвятлялі ўдзельнікі пасяджэнняў раённых метадычных аб’яднанняў настаўнікаў Брагінскага раёна Гомельскай вобласці, якія выкладаюць прадметы гуманітарнага цыкла. Пасяджэнні прайшлі ў форме дзён дублёра ў гімназіі Брагіна, Брагінскай сярэдняй школе і Камарынскай сярэдняй школе.

Усе разумеюць, што “знаниевый” падыход, характэрны для адукацыі XX стагоддзя, з’яўляецца састарэлым. Сучасны кампетэнтнасны падыход ставіць перад настаўнікамі іншыя мэты і задачы. У ліку кампетэнцый, фарміраванне якіх вызначана ў якасці сучасных ключавых задач любой навучальнай установы, — кампетэнцыі, звязаныя з узнікненнем інфармацыйнага грамадства. У сувязі з гэтым задача, якая стаіць сёння перад любой навучальнай установай, — вучыць маладых людзей жыць у інфармацыйнай і камунікатыўнай прасторы, фарміраваць чалавека, вучня, які ўмее аператыўна арыентавацца ў патоку інфармацыі, засвойваць яе і эфектыўна выкарыстоўваць, чалавека, які ўмее быць камунікабельным у любой сферы жыцця.Стратэгічнай мэтай любога ўрока становіцца не інфармуючая, а стымулюючая мэта, якая заахвочвае навучэнцаў да самастойнага засваення ведаў у працэсе актыўнай дзейнасці.
Як арганізаваць працэс навучання, які адпавядае такой мэтавай устаноўцы? Магчымы два варыянты яго правядзення: традыцыйна і ў інтэрактыўным рэжыме.
Мы на практыцы праверылі абодва варыянты, прычым двойчы, у дзвюх установах агульнай сярэдняй адукацыі, на двух вучэбных прадметах.
Традыцыйны ўрок рускай мовы па тэме “Назоўнік” у 10 “Б” класе Брагінскай сярэдняй школы правяла настаўніца рускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі Іолчанскай сярэдняй школы Галіна Папенкова. Урок рускай мовы і літаратуры па той жа тэме, але ўжо ў інтэрактыўным рэжыме правёў у 10 класе, дзе ён з’яўляецца настаўнікам рускай мовы і літаратуры, настаўнік першай катэгорыі гімназіі Брагіна Вадзім Пятроўскі. Прысутныя на пасяджэнні раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры былі аднадушныя ў сваіх прыярытэтах. Сучасна выглядаў урок, праведзены Вадзімам Валянцінавічам у інтэрактыўным рэжыме. Немалаважную ролю адыграла ўмелае выкарыстанне настаўнікам інтэрактыўнай дошкі. Але больш за ўсё падкупляла прафесійная кампетэнтнасць настаўніка, які ўмее арганізаваць вучэбную прастору на ўроку, выкарыстоўваючы дыялагічныя формы навучання, скіроўваючы цэнтр цяжару на калектыўную работу.
У Камарынскай сярэдняй школе былі праведзены ўрокі гісторыі Беларусі ў 11 класе па тэме “Станаўленне суверэнітэту Рэспублікі Беларусь”. Традыцыйны ўрок праводзіла настаўніца гісторыі і грамадазнаўства вышэйшай катэгорыі Маложынскай сярэдняй школы Ніна Корань. Нягледзячы на тое, што ўрок праходзіў у незнаёмым класе, ён пераўзышоў усе нашы чаканні: і навучэнцы, і прысутныя былі ў захапленні. Сваім урокам Ніна Міхайлаўна даказала, што і традыцыйны ўрок можа быць цалкам сучасным. Традыцыйныя тлумачальныя і эўрыстычныя пазнавальныя метады, умела ўжытыя настаўніцай, у спалучэнні з якасным дыдактычным і раздатачным матэрыялам давалі свае вынікі. Немалаважную ролю адыграла і тое, што настаўніца працавала ў тандэме з намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Вольгай Харко, якая была і кансультантам, і лабарантам, і групай падтрымкі. Урок у інтэрактыўным рэжыме давала ў профільнай групе таго ж 11 класа па той жа тэме настаўніца гісторыі і грамадазнаўства вышэйшай катэгорыі Камарынскай сярэдняй школы Валянціна Шульга.
Выснова напрошваецца сама сабой: супрацьпастаўляць традыцыйны і нетрадыцыйны ўрокі бессэнсоўна. Заганныя не традыцыя і не ўрок, а абыякавасць, якая, на жаль, для некаторых настаўнікаў стала нормай. Практыка паказвае, што многія настаўнікі выступаюць у ролі ўрокадаўцаў, тлумачальнікаў, дапытвальнікаў. Сёння недастаткова асвоіць якую-небудзь методыку або тэхналогію, трэба яшчэ авалодаць мастацтвам выбудоўвання ўзаемаадносін з дзецьмі, стварыць уласную сістэму работы.
Што тычыцца згаданых пасяджэнняў раённых метадычных аб’яднанняў настаўнікаў раёна, то іх арганізатары імкнуліся дасягнуць яшчэ адной мэты: з дапамогай падобных дзён дублёра ажыццяўляць сацыялізацыю сельскіх настаўнікаў, іх адаптацыю да работы ў гарадской школе. Мэтазгоднасць падобных мерапрыемстваў відавочная: у многіх сельскіх настаўнікаў ёсць пэўная боязь вялікіх па напаўняльнасці класаў, нясмеласць перад гарадскімі, больш разняволеным дзецьмі. Для некаторых настаўнікаў, асабліва маладых, у далейшым гэта можа стаць сур’ёзнай праблемай. Будучыня ж настаўніка не можа не хваляваць нас, бо педагог з’яўляецца ключавой фігурай у рэалізацыі кампетэнтнасна арыентаванага навучання.
Менавіта кампетэнтнасна арыентаваны падыход да навучання сканцэнтраваны на навучэнцу, якому неабходна прадаставіць магчымасць думаць, вырашаць задачы, разважаць над магчымымі шляхамі вырашэння праблемы на ўроку, рабіць яго сучасным.

Таццяна СУХОЦКАЯ,
метадыст РВМК аддзела адукацыі, спорту і турызму Брагінскага райвыканкама.