Трывалая сувязь пакаленняў

Уладзімір Караткевіч сказаў: “Хто губляе сваіх продкаў — сябе губляе”, а наш славуты зямляк Васіль Быкаў пісаў: “Мабыць, найбольшае зло ў нашым жыцці — спрадвечнае наша бяспамяцтва”. Спадчыннае, народнае, мудрае дапаможа нам стаць багатымі духоўна.

Нашым школьным гонарам з’яўляецца этнаграфічны музей . Калі гонар школы — музей, то гонар любога музея — яго экспанаты: рэчы і прадметы, якія набываліся ў мясцовых жыхароў. Каардынуе работу музея савет, які ўзначальвае дырэктар установы.
Этнаграфічны музей Кубліцкай школы быў адноўлены ў лютым 2015 года, а ў гэтым навучальным годзе мы аб’явілі конкурс “Экспанат для музея”. Вучні школы разам з бацькамі актыўна далучыліся да справы: за невялікі прамежак часу сабрана больш за сто экспанатаў! У стварэнні музея непасрэдны ўдзел прымае і дырэктар школы Марыя Васільеўна Ярмош. Гэта чалавек апантаны, які ўсё сваё жыццё прысвяціў вывучэнню Бацькаўшчыны праз арганізацыю паездак, экскурсій, паходаў па родным краі.Давайце зробім невялікую экскурсію па нашым музеі. Спачатку трапляем у сенцы, якія служаць для гаспадарчых мэт. Гонарам музея з’яўляюцца кросны, ткацкі станок. У сенцах стаяць жорны, кораб, сплецены з саломы, ступа для апрацоўкі зерня на крупы, жлукта для мыцця бялізны (начоўкі), фуганкі для выраўноўвання паверхні дошак, кубел, бандарны выраб, у якім хавалі адзенне, саматканае палатно, каштоўныя рэчы. Ёсць яшчэ і кубелец — бандарны выраб, прызначаны для захавання сала і мясных прадуктаў, памерамі меншы за кубел. Існуе меркаванне, што назва нашай вёскі Кублічы паходзіць ад слова кубел. Таксама ля сцяны ўзвышаецца бочка, на сценах вісяць конскія падковы, жалезнае пута. Цікавая знаходка — старажытная сякера з каменю. Ёсць у нашых сенцах і грэбень — прылада з драўляным зуб’ем для часання льну, матавіла — прылада для змотвання і размотвання маткоў пражы, шпунтоўнік — інструмент сталярнага рамяства, які выкарыстоўваўся для адбівання шпунта, чвэрці ў дошках і іншых будаўнічых дэталях. Яшчэ называўся шпунтавік. Ім апрацоўвалі канты планак, дошак, што ішлі на выраб вокнаў, дзвярэй, на шалёўку, ёсць самаробныя цвікі.
З сенцаў трапляем у хату. Ля ўвахода злева — бабін кут, пасля — печ. За печчу — калыска, ложак. Перад лаўкамі — стол, абраз, ручнікі, павук. Справа стаіць канапа, куфар, калаўрот-самапрадка, прасніца. Хата ўпрыгожана саматканымі дыванамі, посцілкамі.
Значнае месца ў хаце займае куфар-скрыня, драўляная ёмістасць, у якой хавалі тканіны, адзенне, бялізну, упрыгажэнні, збіралі пасаг маладой, а ў час вяселля перавозілі ў дом маладога. У.Караткевіч называе куфар куфрам жыцця. Экспанаты этнаграфічнага музея актыўна выкарыстоўваем пры правядзенні ўрокаў беларускай мовы і літаратуры, гісторыі, выхаваўчых класных гадзін, факультатыўных заняткаў. Напрыклад, класная гадзіна “Я галінка на дрэве жыцця” з вучнямі 6 класа была праведзена ў музеі. Гаворачы пра род, радавод, дзецям было карысна ўбачыць тыя прадметы, прылады працы, якімі карысталіся іх продкі. Вывучаючы верш А.Пісьмянкова “Продкі”, я вяду сваіх вучняў у музей і расказваю пра ўсе каштоўнасці, якія ў нас ёсць, і іх прызначэнне. Традыцыяй у нашай школе стала праводзіць сярод сямікласнікаў урок-падарожжа па краіне продкаў пры вывучэнні нарысаў У.Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”. У дзяцей з’явілася выдатная магчымасць параўнаць выгляд сучаснай хаты з той, якой яна была раней, адчуць пах даўніны. Вялікую цікавасць у вучняў выклікае куфар, асабліва, калі я чытаю радкі Ларысы Геніюш:
Шырокі, высокі, акованы куфар
Малёваны вакол, з клямкаю са сталі.
Не ўстыдно б такому і на панскі хутар.
Куфар не замкнёны, бо ў нас не кралі.
У пахучым куфры важка ўсё ляжала,
Што сама бабуля працай рук прыдбала
Быццам водар з поля пранясло ля хаты,
Так запахла лугам, чабаром і мятай.
Пасля чытання радкоў верша паказваю сваім вучням, што ляжыць у куфры, расказваю пра працавітасць, майстэрства, талент, мудрасць нашых продкаў.
На вучэбных занятках выкарыстоўваю многія экспанаты музея. Дэкламую вершы беларускіх пісьменнікаў пра прылады працы нашых дзядоў і прадзедаў, зачытваю ўрыўкі з сачыненняў, паказваю малюнкі і ілюстрацыі да твораў, інсцэніруем дзеі, у якіх адлюстраваны народныя традыцыі і звычаі. Перад урокамі гісторыі, літаратуры вучні таксама наведваюць музей, каб, паслухаўшы лекцыю, больш поўна засвоіць тэму. Гэта дае магчымасць атрымаць і цікавыя звесткі з гісторыі нашай малой радзімы. Такія ўрокі становяцца больш даходлівымі, жывымі, захапляльнымі, што павышае цікавасць да прадметаў.
Пасля наведвання музея вучні 5—8-х класаў пішуць сачыненне-апавяданне з элементамі апісання “Беларуская хатка”. Гэтыя сачыненні садзейнічаюць развіццю маўленчай дзейнасці, папаўняюць вучнёўскія веды пра традыцыі, жыццё, гісторыю продкаў. Вучні не толькі запаміналі, колькі якіх рэчаў тут налічваецца, а, безумоўна, цікавіліся іх прызначэннем. Так папаўняліся веды вучняў па гісторыі нацыянальнай культуры, слоўнікавы запас, і развіваўся кругагляд.
У пачатку навучальнага года разам з настаўнікамі пачатковых класаў, беларускай мовы і літаратуры, гісторыі склалі план па выкарыстанні матэрыялаў этнаграфічнага музея (асноўнага і дапаможнага фондаў) у пазакласнай рабоце. Запланавалі ў гэтым навучальным годзе правядзенне наступных мерапрыемстваў: гасцёўні “Хата з матчынай душой”, “Скарбонкі бабулінага куфра”, “Калыска і калыханка ў беларусаў”, вечарыну “Матулін ручнік”, музычныя заняткі “Печ — цэнтр хаты і цэлай сям’і”, гутарку “Хатні вясковы посуд”, пазнавальны ўрок “З гісторыі аднаго экспаната”, фальклорнае свята “Беларускі ручнік”, літаратурна-музычную кампазіцыю “Хто губляе продкаў — сябе губляе”.
Краязнаўства дае магчымасць “узнавіць карціну жыцця нашых продкаў, паказаць вытокі сучаснасці, звярнуць увагу вучняў на свае карані”. Без краязнаўчага матэрыялу чалавек не можа быць патрыётам, бо ён адарваны ад сваіх каранёў. Шануючы свае карані, мы атрымліваем права людзьмі звацца. Не будзе каранёў — загіне дрэва, не застанецца ў будучыні і памяці пра нас. Я ўпэўнена, што на гэтым наша праца не спыніцца, бо да таго часу, пакуль жыве памяць пра мінулае, жывём і мы.

Наталля МАЦВЕЕНКА,
кіраўнік этнаграфічнага музея, настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Кубліцкага дзіцячага сада — базавай школы Ушацкага раёна.