Трансляцыя вопыту — крок да поспеху

Установы адукацыі Гродзенскай вобласці ўжо не адзін год паспяхова рэалізоўваюць эксперыментальныя і інавацыйныя праекты. Назапашаны вопыт дае магчымасць перайсці да новага ўзроўню — стварэння рэсурсных цэнтраў. Галоўная іх мэта — распаўсюджванне эфектыўнага педагагічнага вопыту, які забяспечвае рэалізацыю прыярытэтных кірункаў развіцця сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці.

Першаадкрывальнікамі такіх цэнтраў у 2010 годзе сталі тры ўстановы адукацыі: сярэдняя школа № 2 Мастоў, сярэдняя школа № 1 Ліды і гімназія № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна. Увогуле іх станаўленне пачалося з рэалізацыі інавацыйных рэспубліканскіх праектаў яшчэ ў 2007 годзе: “Укараненне праграмы маральнага самаўдасканалення асобы” (Масты), “Укараненне мадэлі інфармацыйна-метадычнага суправаджэння ідэалагічнай работы ва ўстановах адукацыі” (Ліда), “Укараненне мадэлі фарміравання індывідуальнай навучальнай дзейнасці ў навучэнцаў 1 — 6 класаў” (Гродна). Паспяховая рэалізацыя праектаў пацвердзіла неабходнасць трансляцыі педагагічнага вопыту ў масавую практыку. Прыклад трох школ паслужыў штуршком да стварэння рэсурсных цэнтраў па ўсёй вобласці. Каардынацыю і метадычнае суправаджэнне дзейнасці цэнтраў ажыццяўляе Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі.
Сёлета ва ўпраўленні адукацыі Гродзенскага аблвыканкама адбылося пасяджэнне экспертнага савета, на якім абмяркоўваліся вынікі дзейнасці абласных рэсурсных цэнтраў і разглядаліся новыя заяўкі. Так, у 2012/2013 навучальным годзе на Гродзеншчыне эфектыўна працавалі 12 рэсурсных цэнтраў, некалькі ўстаноў адукацыі падалі заяўкі на іх стварэнне. Адным з паспяховых з’яўляецца цэнтр на базе сярэдняй школы № 28 Гродна — Цэнтр нямецкай мовы і культуры як сучасны рэсурс павышэння якасці прадметнай адукацыі. Праца педагогаў цэнтра акцэнтавана на трох напрамках: навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу, навукова-даследчая дзейнасць настаўнікаў замежнай мовы і праца з адоранымі навучэнцамі.

Навукова-метадычная дзейнасць уключае правядзенне тэматычных семінараў, трэнінгаў, практыкумаў, кансультацый і інш. Асаблівасць гэтага напрамку — сумесная работа настаўнікаў замежнай мовы і інфарматыкі. На базе цэнтра быў створаны кансультацыйны пункт “Сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі на занятках і пазаўрочная дзейнасць”. Гэта дало магчымасць дапамагаць настаўнікам горада, раёна і вобласці ў выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій пры навучанні замежнай мове.
Навукова-даследчая дзейнасць дазваляе рэалізоўваць на практыцы найноўшыя дасягненні ў галіне выкладання замежных моў. Вопыт дзейнасці лепшых настаўнікаў друкаваўся на старонках зборніка ГрДУ імя Я.Купалы.
Адметнай з’яўляецца праца ў трэцім напрамку — праца з адоранымі дзецьмі. Вучні не толькі наведваюць факультатывы, але і займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю па краязнаўстве і лінгвістыцы. Дзейснасць метадаў выкладання замежнай мовы пацвярджаецца атрыманымі ўзнагародамі вышэйшай ступені на алімпіядах і паспяховай здачай экзаменаў на атрыманне сертыфікатаў міжнароднага ўзору (6 вучняў 7-8 класаў здалі іспыты інстытута імя Гётэ ў адпаведнасці з “Еўрапейскімі моўнымі кампетэнцыямі” на ўзровень А1, 4 вучні 8-9 класаў — на ўзровень А2, 6 вучняў 9-10 класаў — на ўзровень В1).
Не менш эфектыўна працуе і зусім яшчэ “малады” (адкрыты ў 2012 годзе) цэнтр на базе Путрышкаўскай сярэдняй школы. Напрамак яго дзейнасці — сацыяльна-педагагічнае суправаджэнне непаўналетніх, якія пражываюць у сем’ях з прыкметамі дэсацыялізацыі. Педагогамі цэнтра распрацаваны алгарытм выяўлення праблемных сем’яў, мадэль узаемадзеяння школы, сацыяльных інстытутаў і сям’і, выдадзены тэматычныя метадычныя рэкамендацыі і інш. На сёння цэнтр правёў 23 кансультацыі і аказаў інфармацыйна-метадычную падтрымку класным кіраўнікам і намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце.
У цэнтры актыўна працуюць валанцёрскія атрады. У склад атрада “Талака” ўваходзяць бацькі, педагогі, работнікі сацыяльна-псіхолага-педагагічнай службы. Яны дапамагаюць з рамонтнымі работамі і ўдзельнічаюць у дабрачынных акцыях. Праблемны сямейны клуб “Пункт апоры” садзейнічае вырашэнню праблем сям’і. Валанцёрскі атрад “Вінтаж” дапамагае сацыялізавацца дзецям з праблемных сем’яў. “Вінтаж” трапіў у дзясятку лепшых валанцёрскіх атрадаў рэспублікі.
Путрышкаўскі рэсурсны цэнтр арганізаваў міжрэгіянальнае супрацоўніцтва з сярэдняй агульнаадукацыйнай школай № 5 Луга (Расійская Федэрацыя, Ленінградская вобласць) і абмен вопытам праз інтэрнэт.

Можна адзначыць працу рэсурснага цэнтра на базе гімназіі Шчучына. Мэта яго дзейнасці — комплексная падтрымка адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця і школьных “Мясцовых павестак — 21”. Цэнтр працуе ў трох асноўных напрамках. Першы — трансляцыя вядучых ідэй і прынцыпаў адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця шырокага кола педагагічнай грамадскасці і соцыуму. У рамках гэтага кірунку былі праведзены семінары і майстар-класы. Арганізаваны сайт “Віртуальны кабінет замежных моў гімназіі Шчучына”, які пастаянна папаўняецца інфармацыяй пра магчымасць далучыцца да ўдзелу ў бягучых міжнародных інтэрнэт-праектах сеткі iEARN. Праз сайт праводзяцца дыстанцыйныя алімпіяды і конкурсы для школьных супольнасцей Шчучынскага раёна і Гродзенскай вобласці.
Другі напрамак работы цэнтра — падтрымка і развіццё дзіцячых і педагагічных ініцыятыў у інтарэсах устойлівага развіцця Гродзенскага рэгіёна. Паспяхова былі праведзены акцыі: агульнагарадская (з далучэннем школ горада) “Дзень без аўтамабіля”; ініцыявана раённая акцыя ў падтрымку цёплага Фэсту энергазахавання, які праводзіцца Цэнтрам экалагічных рашэнняў (Мінск); таксама праведзена раённая добраахвотная акцыя “Блакітная стужка красавіка”, скіраваная на прадухіленне хатняга гвалту і інш.
Трэці напрамак — рэалізацыя вядучых праграм дзейнасці рэсурснага цэнтра (“Сістэма экалагічнага менеджменту”, “Экалогія душы — экалогія жыцця”, “Спадчына”, “Адукацыя без меж”, “Энергазахаванне”). З гэтай мэтай былі пададзены праектныя заяўкі і атрымана падтрымка гуманітарна-асветніцкага фонду “Новая Еўразія” і Прадстаўніцтва зарэгістраванага грамадства “Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.” (ФРГ) у Рэспубліцы Беларусь. Названыя міжнародныя праекты паспяхова рэалізоўваюцца на базе гімназіі Шчучына.
Кожны з 12 рэсурсных цэнтраў дасягнуў у сваёй дзейнасці пэўных поспехаў. Сумесны вопыт дапамагае знайсці новыя шляхі ў навучанні і выхаванні. Менавіта актыўны абмен вопытам сярод педагогаў дае найбольш эфектыўныя вынікі. Адкрыць новыя цэнтры сёлета плануецца ў Іўеўскай сярэдняй школе, гімназіі № 1 Мастоў, гімназіі № 3 Гродна, Цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Гродна.

Антаніна ЖВІРЫДОЎСКАЯ.