Тэрыторыя ініцыятывы і творчасці

Больш за дзесяць гадоў дзейнасць Мінскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра скіравана на павышэнне кампетэнтнасці педагагічных работнікаў у міжкурсавы перыяд, аказанне адраснай метадычнай дапамогі ў адпаведнасці з сучаснымі адукацыйнымі патрабаваннямі. Таксама адзін з прыярытэтных кірункаў работы цэнтра — каардынацыя дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

На сёння сетка ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Міншчыны — гэта 30 шматпрофільных устаноў, 14 устаноў турыстычна-краязнаўчага профілю, 3 — тэхнічнага, 5 — эколага-біялагічнага, 2 — фізкультурна-спартыўнага і адзін цэнтр інтэлектуальнай творчасці. У гэтым навучальным годзе дзейнасць цэнтра скіравана на аптымізацыю сеткі ўстаноў, скарачэнне неэфектыўных выдаткаў, укараненне сучасных форм работы, задавальненне запытаў навучэнцаў і іх бацькоў. Працягнецца работа па рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі выхавання сацыяльнай актыўнасці вучняў праз новыя формы работы з дзіцячымі грамадскімі аб’яднаннямі” ў Цэнтры дзіцячай творчасці Чэрвеня, а таксама ў Цэнтры дзіцячай творчасці Слуцка, дзе рэалізуюцца два педагагічныя праекты “Здаровы лад жыцця — заўсёды, усюды і ва ўсім!”, “Фарміраванне мадэлі самаадукацыйнай дзейнасці педагогаў дадатковай адукацыі”.
Даволі цікавы, перспектыўны і запатрабаваны кірунак — фарміраванне эканамічнай пісьменнасці навучэнцаў. Ва ўстановах адукацыі вобласці створаны больш за 70 бізнес-кампаній. Актыўна да гэтай работы далучыліся і ўстановы дадатковай адукацыі. Найбольш эфектыўна працуе бізнес-кампанія, створаная на базе цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік” у Маладзечне.
Вялікая ўвага супрацоўнікамі абласнога метадычнага цэнтра надаецца новым напрамкам дзейнасці, напрыклад, стварэнню віртуальных музеяў. Запатрабаванасць музеяў заснавана на выкарыстанні сучасных інфармацыйных тэхналогій, што дазваляе павялічыць колькасць віртуальных наведвальнікаў, папулярызаваць культурныя каштоўнасці.
Не застаюцца без увагі цэнтра і традыцыйныя кірункі дзейнасці: тэхнічная, мастацкая творчасць, турыстычна-краязнаўчая і спорт. Асаблівае значэнне мае інавацыйная дзейнасць, вынікі якой пацвярджаюцца паспяховым удзелам дзяцей у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах навукова-тэхнічнай творчасці. Напрыклад, у конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя”, які праходзіў сёлета на базе нацыянальнага аздараўленчага цэнтра “Зубраня”, дзевяцікласнік гімназіі № 1 Дзяржынска Ілья Шылко стаў абсалютным пераможцам конкурсу ад Рэспублікі Беларусь.

Традыцыйныя мерапрыемствы — спаборніцтвы па спартыўным турызме і арыентаванні, конкурсы турыстычна-краязнаўчай і патрыятычнай накіраванасці, рэспубліканскія конкурсы. Так, у 2012/2013 навучальным годзе ў рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” прадстаўнікі ўстаноў адукацыі Міншчыны заваявалі 25 дыпломаў.
Эколага-біялагічнай дзейнасцю займаюцца больш за сем тысяч навучэнцаў, з іх больш за тры тысячы — ва ўстановах дадатковай адукацыі. Аб якасці работы гурткоў сведчаць шматлікія перамогі вучняў і педагогаў вобласці на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Так, вучні гімназіі № 1 Жодзіна тройчы, у 2010, 2011 і 2013 гадах, станавіліся пераможцамі і прызёрамі міжнароднай алімпіяды экалагічных праектаў INEPO ў Стамбуле (2010 — Захар Якубоўскі, залаты медаль; 2011 — Дар’я Хамянкова, залаты медаль; 2013 — Хрысціна Пічугіна, сярэбраны медаль).
Вызначальнай умовай паспяховасці навучання з’яўляецца развіццё творчых здольнасцей. Педагогі і навучэнцы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — пастаянныя ўдзельнікі абласных аглядаў-конкурсаў, выстаў, фестываляў і канцэртаў. Ужо сталі традыцыйнымі агляд-конкурс мастацкай творчасці “Прывітанне, свет”, абласная выстава выяўленчай і мастацка-прыкладной творчасці “Лепшая сувенірная работа”, “Вясёлкавы карагод”, фестываль тэатральнага мастацтва “Чароўны куфэрак”, фестываль-конкурс “Саламяныя дзівосы”. Навучэнцы цэнтраў дзіцячай і тэхнічнай творчасці ўстаноў адукацыі Салігорскага, Слуцкага, Барысаўскага, Мінскага і Дзяржынскага раёнаў неаднаразова ўдзельнічалі ў міжнародных мерапрыемствах: музычным фестывалі “Музыка надзеі”, конкурсе дзіцячай выяўленчай творчасці “Сябруюць дзеці на планеце”, конкурсе-фестывалі “Адзінства Расіі” харэаграфічнага, фальклорнага, харавога і аркестровага мастацтва, фестывалі-конкурсе дзіцячай і юнацкай творчасці “Надзеі Еўропы”.
Дарэчы, на сёння 44 калектывы ўстаноў дадатковай адукацыі маюць адпаведнае званне. Добра вядомы на Міншчыне і ў рэспубліцы ўзорны харэаграфічны калектыў “Папараць-кветка” Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці. Штогод яго выхаванцы адзначаюцца прэстыжнымі ўзнагародамі міжнароднага ўзроўню.
Пераход устаноў адукацыі на пяцідзённы вучэбны тыдзень паспрыяў і актывізацыі спартыўнага кірунку. Арганізаваны факультатывы спартыўнай накіраванасці: “Час футбола”, “Час здароўя і спорту”, майстар-класы, паказальныя выступленні, гутаркі з алімпійцамі. Паспяхова праводзяцца абласныя і рэспубліканскія акцыі, спаборніцтвы па відах спорту, дні здароўя, спорту і турызму, ладзяцца шматлікія фізкультурныя святы.
Цікава, творча і змястоўна праходзіў на Міншчыне рэспубліканскі Тыдзень устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, у якім удзельнічалі больш за 3500 аб’яднанняў па інтарэсах. Каля шасці тысяч вучняў, якія займаюцца ў гуртках тэхнічнага, спартыўна-тэхнічнага, турыстычна-краязнаўчага, эколага-біялагічнага, фізкультурна-спартыўнага, мастацкага, сацыяльна-эканамічнага, сацыяльна-педагагічнага, ваенна-патрыятычнага, грамадска-гуманітарнага, культурна-забаўляльнага профілю на працягу тыдня актыўна ўдзельнічалі ў шматлікіх прэзентацыях, творчых выставах, канцэртных і забаўляльных праграмах, сустракаліся з педагогамі ўстаноў дадатковай адукацыі і інш.

Лілія ЯНКОЎСКАЯ,
дырэктар Мінскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра.