Тэатральны тыдзень у “Вясёлцы”

27 сакавіка жыхары нашай планеты святкуюць Міжнародны дзень тэатра. Напярэдадні гэтага свята ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці “Вясёлка” аддзела адукацыі, спорту і турызму Савецкага раёна Гомеля праходзіць тэатральны тыдзень. На цэлы тыдзень дзеці, педагогі і бацькі трапляюць у чароўную, таямнічую і цудоўную атмасферу тэатра.

Правядзенне тэатральнага фестывалю ў нашай установе адукацыі — даўняя традыцыя (ёй 15 гадоў). Кожны год, вясной гэты тыдзень становіцца сапраўднай падзеяй для ўсіх — і дзяцей, і дарослых. Ёй папярэднічае вялікая падрыхтоўка: выбар твора для пастаноўкі, уваходжанне ў ролю, стварэнне касцюмаў, дэкарацый, падбор музыкі.
Штогод мяняецца змест і форма правядзення тэатральнага тыдня, але мэты і задачы застаюцца нязменнымі: падарыць кожнаму дзіцяці радасць ад удзелу ў агульнай цікавай справе, узбагаціць незабыўнымі ўражаннямі, развіць мастацкі густ, уяўленне і фантазію. І вось наступае запаветны дзень — урачыстае адкрыццё фестывалю. На цэлы тыдзень дзеці становяцца акцёрамі, выхавальнікі — сцэнарыстамі і рэжысёрамі, а музычныя кіраўнікі — пастаноўшчыкамі. Спектаклі бываюць самыя розныя: музычныя, фальклорныя, па матывах еўрапейскіх казак, сучасныя п’есы.
Рэпертуар наш разнастайны: рускія народныя казкі “Воўк і сямёра казлянят”, “Калабок”, “Пых”, “Церамок”, “Тры мядзведзі”, “Ліса і заяц”, “Лісічка-сястрычка і шэры воўк”; венгерская казка “Два жадныя медзведзяняці”, аўтарскія казкі В.Чарнічэнкі “Казка аб волаце і лянівай унучцы”, Д.Смірнова “Калючая шубка”, М.Дзюсьметава “Новыя прыгоды калабка”, Ф.Пракоф’евай “Чаравічкі”, С.Праабражэнскага і Ц.Пятрова “Капрызка”, А.М.Талстога “Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна”, “Муха-цакатуха” (па матывах казкі К.Чукоўскага), “Пра Дзюймовачку” (па матывах казкі Г.-Х.Андэрсена), М.Болдзіна “Мы ідзём шукаць вясну”, М.Высачанскага “Адзін вечар з Электрошкам”.
Вельмі важна, што ў драматызацыі казкі або апавядання ўдзельнічаюць усе дзеці групы. Тэатралізаваная дзейнасць, як ніякая іншая, дапамагае дзіцяці справіцца са сцэнічным хваляваннем, сарамлівасцю, бо ў аснову калектыўнай тэатралізаванай дзейнасці пакладзены прынцып роўных магчымасцей для ўдзелу ў інсцэніроўцы.
Пры падрыхтоўцы спектакляў педагогі не забываюць аб прынцыпе інтэграцыі адукацыйнага працэсу: дзеці актыўна займаюцца прадукцыйнай дзейнасцю — малююць афішы, запрашальныя білеты, майструюць элементы касцюмаў, дэкарацый.
Тэатр — заўсёды свята. З ім звязаны радасць, весялосць, яркія ўражанні, новыя пачуцці. Тэатр развівае ўяўленне і фантазію, спрыяе творчаму развіццю дзіцяці і фарміруе яго асобасную культуру. Тэатралізаваная дзейнасць дапамагае дзецям разняволіцца, павышае самаацэнку, развівае камунікатыўныя ўменні, маўленне, эмацыянальную сферу і проста ўносіць разнастайнасць у штодзённае жыццё, узбагачаючы ўнутраны свет дзіцяці.

Наталля КАВЕНЬКІНА,
выхавальнік-метадыст дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Вясёлка” Гомеля.