Таццяна ТРУШАНІНА: “Прафесійная адукацыя павінна быць канвертуемай”

Тэмпы сучаснай эканомікі, шырокамаштабнае пераўзбраенне прадпрыемстваў, неабходнасць інавацыйных тэхналагічных рашэнняў патрабуюць ад прафесійнай адукацыі дынамічнага развіцця і якасна новых падыходаў да падрыхтоўкі спецыялістаў. Народнай гаспадарцы рэспублікі патрэбна адноўленая структура кадраў, якая арганічна аб’ядноўвае ўсе катэгорыі работнікаў: ад навуковых дзеячаў да рабочых. Сёння з-за дэмаграфічных тэндэнцый многія навучальныя ўстановы сутыкаюцца з цяжкасцямі ў выкананні плана прыёму. Раней за ўсіх і найбольш востра гэтую сітуацыю адчула сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Тым не менш у кожным рэгіёне ёсць ліцэі і каледжы, якія штогод своечасова выконваюць і нават перавыконваюць азначаныя кантрольныя лічбы. Калі гаварыць пра Віцебшчыну, то ў першую чаргу варта ўзгадаць Аршанскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж, Віцебскі дзяржаўны прафліцэй № 1 машынабудавання імя М.Ф.Шмырова, Віцебскі дзяржаўны прафліцэй № 5 прыборабудавання, Віцебскі дзяржаўны політэхнічны прафліцэй, Дубровенскі дзяржаўны прафліцэй, Наваполацкі дзяржаўны прафліцэй нафтахіміі. Для кожнай з пералічаных устаноў паспяховая прыёмная кампанія — звычайная практыка. І справа не толькі ў папулярнасці прафесій як вытворнай ад памеру зарплаты ў той ці іншай галіне (інакш не было б, напрыклад, зніжэння абітурыенцкай цікавасці да будаўнічых спецыяльнасцей) або ўдалым геаграфічным размяшчэнні будучага месца вучобы (той жа Дубровенскі прафліцэй знаходзіцца ў адным з самых маланаселеных раёнаў вобласці). Як ні банальна, у выніку сакрэт поспеху зводзіцца да прафарыентацыйнай работы. Галоўнае, што гэтая дзейнасць павінна быць бесперапыннай!
— Якасная падрыхтоўка рабочых кадраў, выхаванне юнакоў і дзяўчат, якія любяць сваю краіну, гатовы стаць высокакваліфікаванымі спецыялістамі ў будучыні і ўмеюць атрымліваць веды, адпаведныя патрабаванням і запытам заўтрашняга дня, а таксама рацыянальнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў — гэта асноўныя задачы, якія стаяць сёння перад педагагічным калектывам нашага ліцэя, — расказвае Таццяна Трушаніна. — Адукацыя з’яўляецца падмуркам сучаснай эканомікі, заснаваным на ведах, — эканомікі постіндустрыяльнага, інфармацыйнага грамадства, і наша мэта — забяспечыць усебаковую прафесійную адукацыю, каб кожны навучэнец змог цалкам рэалізаваць сябе як у вучобе, так і ў жыцці ў сучасным свеце.

Навучальная ўстанова не проста рыхтуе рабочых пад канкрэтныя працоўныя месцы і не проста пашырае прафесійны і культурны кругагляд маладых людзей. Сёння адукацыя — найважнейшы сродак і рэсурс станаўлення крэатыўнай асобы, здольнай і гатовай да жыцця ў глабальным паліткультурным соцыуме. Педагогі імкнуцца да таго, каб навучэнцы знайшлі сваё месца ў грамадстве і змаглі ўплываць на яго далейшае развіццё. З 19 прадпрыемствамі заключаны двухбаковыя дагаворы на праходжэнне вытворчага навучання, практыкі і далейшага працаўладкавання выпускнікоў. Таксама да нас паступілі заяўкі ад 28 прадпрыемстваў Віцебска. Адначасова ідзе пастаяннае ўдасканальванне форм прафарыентацыйнай работы, якая паслядоўна і мэтанакіравана вядзецца на працягу ўсяго навучальнага года. Штогод мы перавыконваем кантрольныя лічбы прыёму навучэнцаў, сёлета конкурс склаў 1,5 чалавека на месца. Лічбы гавораць самі за сябе. Дарэчы, практыка паказвае: на выбар навучальнай установы і прафесіі падлеткаў перш за ўсё ўплывае меркаванне сяброў, а гэта ў большасці выпадкаў нашы навучэнцы, а таксама бацькоў і, канечне ж, педагогаў.
Ва ўмовах рыначнай эканомікі з-за надзвычайнай рухомасці яе кан’юнктуры кожнаму чалавеку прыходзіцца мяняць не толькі месца працы, але і прафесію. У гэтых умовах юнакі і дзяўчаты павінны атрымаць такую прафесійную адукацыю, якая дазволіць ім адносна лёгка асвойваць новыя спецыяльнасці ў будучыні, умоўна кажучы, прафесійная адукацыя павінна стаць канвертуемай.
— Напрыклад, калі сёння назіраецца павышаная цікавасць да такой прафесіі, як слесар па рамонце аўтамабіляў, а прадпрыемствам патрэбны токары, то ў ліцэі мы вядзём падрыхтоўку па інтэграваных спецыяльнасцях (“Токар — слесар па рамонце аўтамабіляў”), што павышае канкурэнтаздольнасць выпускнікоў на рынку працы, — дзеліцца вопытам дырэктар ліцэя. — Ліцэй мае даволі добрую матэрыяльную базу станочнага абсталявання і высокі ўзровень кваліфікацыі майстроў вытворчага навучання. Гэта, у прыватнасці, дазволіла ў мінулым навучальным годзе перавыканаць план пазабюджэтнай дзейнасці на 6,6 працэнта: калі ў лічбах, мы зарабілі 700 мільёнаў рублёў. На базе нашай навучальнай установы ў гэтым годзе прайшоў абласны конкурс прафесійнага майстэрства па прафесіі “Токар”, дзе нашы дзеці занялі ў асабістым заліку І і ІІІ месцы, на рэспубліканскім конкурсе наш навучэнец заняў ІІІ месца. Дзейнасць ліцэя скіравана і на тое, каб лесвіца прафесійнага росту выпускнікоў ішла ад рабочай спецыяльнасці да ўзроўню сярэдняй спецыяльнай адукацыі і да вышэйшай. Па ўсіх спецыяльнасцях заключаны дагаворы з профільнымі ўстановамі ССА па скарочанай форме навучання, а па спецыяльнасці “Аператар паштовай сувязі” ёсць дагавор па трохузроўневай скарочанай форме навучання паміж ліцэем, Віцебскім філіялам Вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі і Вышэйшым дзяржаўным каледжам сувязі ў Мінску.

Важным вектарам работы ліцэя з’яўляецца супрацоўніцтва з адукацыйнымі цэнтрамі Расіі і іншых дзяржаў. У мінулым навучальным годзе ВДПЛ № 1 паспрабаваў сілы ў Міжнародным дыстанцыйным праекце для навучэнцаў “Лесвіца поспеху” (Талін), вынік — ІІІ месца. Штогод творчае аб’яднанне педагогаў і навучэнцаў прымае ўдзел у завочным туры Міжнароднай дыстанцыйнай інтэрнэт-алімпіяды сярод адукацыйных устаноў “Эрудыт планеты” з удзелам каманд з Расіі, Аўстрыі, Аргенціны, В’етнама, Германіі, Мальты, Польшчы, Фінляндыі, Францыі, краін блізкага замежжа. У 2011/2012 навучальным годзе на гэтай алімпіядзе віцябляне атрымалі граматы за дасягненні высокіх вынікаў у камандным заліку. Годна праявілі сябе ліцэісты ў Міжнародным глабальным адукацыйным праекце пад эгідай
ЮНІСЕФ “Дзень матэматыкі”, калі задачы рашаліся ў рэжыме рэальнага часу; у анлайн-курсе для навучэнцаў, які праводзіўся кампаніяй Google (у ходзе яго была арганізавана магчымасць супрацоўнічаць з сусветным супольніцтвам навучэнцаў і экспертаў з дапамогай форуму Google). Прадстаўлены тры праекты на анлайн-конкурс для навучэнцаў “Я выбіраю прафесію ў галіне інфармацыйных тэхналогій”, які праводзіцца Міжнароднай некамерцыйнай карпарацыяй (“Пражэкт Хармоні,інк”, Масква) у рамках рэалізацыі праекта “Твой курс: інфармацыйныя тэхналогіі для моладзі”. На партале “Адукацыйная галактыка Intel” педагогі ліцэя прайшлі навучанне на дыстанцыйных майстар-класах “Распрацоўка і выкарыстанне інтэрактыўных плакатаў, схем і табліц”, “Кейс педагога web 2.0” і атрымалі пасведчанне ўдзельнікаў дыстанцыйнага практыка-арыентаванага семінара.

Аналізуючы фактары, якія павышаюць рэйтынг навучальнай установы сярод абітурыентаў, нельга абысці ўвагай і такую, здавалася б, “дробязь”: моладзь, набываючы тэхнічныя спецыяльнасці, з задавальненнем удзельнічае як у профільных конкурсах, так і ў мастацкай самадзейнасці. Перад педагогамі стаіць задача не толькі падрыхтаваць высокакваліфікаванага рабочага, але і выхаваць усебакова і гарманічна развітую асобу. Як вядома, сёння адукацыйны працэс працякае ва ўмовах “поспехацэнтрычнай” культуры: поспех стаў сімвалам сучаснасці. А шлях да яго ляжыць у тым ліку і праз творчую дзейнасць. Ліцэісты неаднойчы станавіліся пераможцамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў мастацкай і тэхнічнай творчасці.
— Вялікую ўвагу мы ўдзяляем інфарматызацыі адукацыйнага працэсу, — падкрэслівае Таццяна Іванаўна. — Мы ўпэўнены, што сёння для ўстаноў ПТА як ніколі актуальная задача асваення і развіцця сучасных інфармацыйных тэхналогій. З 2010 года ліцэй з’яўляецца рэспубліканскай эксперыментальнай пляцоўкай па праекце “Апрабацыя мадэлі рэгіянальнага рэсурснага цэнтра ў структуры інфармацыйнага асяроддзя прафесійна-тэхнічнай адукацыі”, мэта якога — стварэнне адзінай інфармацыйнай адукацыйнай прасторы, збіранне, назапашванне, сістэматызацыя, распаўсюджанне інфармацыі па новых інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогіях, навучанне педагогаў і навучэнцаў у адукацыйнай прасторы Віцебскай вобласці. Для забеспячення работы рэсурснага цэнтра створаны Цэнтр інфармацыйных тэхналогій, укамплектаваны сучасным абсталяваннем, на набыццё якога пайшлі сродкі, выдзеленыя ўпраўленнем адукацыі, а таксама 50 мільёнаў рублёў са сродкаў пазабюджэтнай дзейнасці, ліцэя. Педагагічная дзейнасць нашага калектыву накіравана на супрацоўніцтва з навучэнцамі, якія могуць быць не толькі ўдзельнікамі, але і суаўтарамі педагогаў у стварэнні сучасных лічбавых адукацыйных праграм, тым самым павышаючы сваю канкурэнтаздольнасць на рынку працы. У выніку сумеснай дзейнасці на базе рэсурснага цэнтра былі створаны такія праекты, як “Віртуальны зялёны дом” (на абласным конкурсе па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон-2012” атрымаў І месца ў намінацыі “Лепшы вучнёўскі праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні”, а на рэспубліканскім этапе конкурсу адзначаны дыпломам ІІІ ступені Міністэрства адукацыі і Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржкамітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь), электронны сродак навучання “Пускарэгулюючая апаратура” (на ХІІІ Рэспубліканскім злёце вынаходнікаў і рацыяналізатараў — навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі (Мінск) адзначаны дыпломам ІІ ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, прычым было адзначана, што ў Беларусі мы з’яўляемся адной з першых устаноў прафесійнай адукацыі, якая будуе сваю адукацыйную прастору з дапамогай воблачных тэхналогій). На І Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе “Інфармацыйныя тэхналогіі ў прафесійнай адукацыі” праект “Камутацыйная апаратура сілавых электрычных ланцугоў” узнагароджаны дыпломам І ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь; на VII Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” віртуальны рэсурс па грамадзянска-патрыятычным выхаванні “Люблю цябе, бацькоўская зямля!” і сайт дыстанцыйнага навучання па прадмеце “Замежная мова ў прафесіі” адзначаны дыпломамі II ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У гэтым годзе многія ўстановы адукацыі ў Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі набылі падручнік па электрамантажных работах, у якім электронны дадатак і практычныя работы распрацаваны нашымі педагогамі і навучэнцамі.
А з мінулых АРТ- вакацый прадстаўнікі ВДПЛ № 1 прывезлі найвышэйшую ўзнагароду — гран-пры ў намінацыі “Лепшая канцэртная праграма”. Чацвёра навучэнцаў ліцэя з’яўляюцца лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Якасная падрыхтоўка кадраў можа праводзіцца толькі на сучасным абсталяванні, таму ў ліцэі ўзяты курс на аснашчэнне вучэбных кабінетаў і ў першую чаргу кабінетаў спецыяльных дысцыплін новым абсталяваннем і тэхнічнымі сродкамі. Мадэрнізацыя вытворчасці патрабуе падрыхтоўкі работнікаў, гатовых змяніць сваю прафесію і ступень адказнасці, а значыць, здольных навучыцца новай прафесіі. Яны павінны быць аб’ектыўна гатовы справіцца з новымі прафесійнымі функцыямі і здольныя ўспрыняць гэтыя змяненні як нармальны рэжым сучаснай вытворчасці. З мэтай рэалізацыі адукацыйных праграм прафесійнай падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі, пашырэння спектру адукацыйных паслуг з гэтага навучальнага года на базе ліцэя створаны Рэсурсны цэнтр падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і пашырэння кваліфікацыі работнікаў, занятых у сістэме прафесійнай адукацыі машынабудаўнічага профілю. Гэта адназначна вельмі важны і перспектыўны праект, але размова аб ім — справа недалёкай будучыні: даваць каментарыі і рабіць высновы загадзя ў ліцэі не любяць. Што тычыцца планаў і праектаў на будучыню, у калектыве пад кіраўніцтвам Таццяны Трушанінай такіх нямала.
— Планаў і праектаў шмат: раскажам пра іх, калі будзе плён, — зазначае кіраўнік навучальнай установы. — Наш калектыў пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку, а значыць, усё задуманае абавязкова рэалізуецца, ліцэй будзе развівацца далей, а нашы выпускнікі заўсёды будуць запатрабаваны на рынку працы. Некалі Уільям Шэкспір адзначыў: “Хто не ідзе ў нагу з часам, з часам знікае”. Мы не можам сабе гэтага дазволіць.

 

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота з архіва ліцэя.