Танцавальныя рэбусы і не толькі

Немагчыма пераацаніць ролю музычнай культуры ў развіцці асобы, яе моцнае ўздзеянне на эмацыянальную і інтэлектуальную сферу, фарміраванне эстэтычных і маральных якасцей дзяцей.

Правадніком у загадкавы і неабсяжны свет культуры з першых гадоў жыцця дзіцяці становіцца музычны кіраўнік дашкольнай установы. Пагадзіцеся, яркасць фарбаў гэтага новага свету, цікавасць да яго залежыць ад асобы педагога, яго прафесійных навыкаў і культурнага патэнцыялу.

Майстар-клас “Развіццё ў дашкольнікаў тэхнікі выканання музычна-рытмічных рухаў у беларускіх танцах”, праведзены метадыстамі ГВМК у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці “Медуніца”, вырашаў задачу ўдасканалення метадаў і прыёмаў пры рабоце з дзецьмі па адпрацоўцы музычна-рытмічных рухаў. Мерапрыемства было разлічана на музычных кіраўнікоў са стажам да трох гадоў. Па прычыне адсутнасці ў іх вопыту пры падрыхтоўцы майстар-класа вялікая роля адводзілася інтэрактыўным формам работы з аўдыторыяй. Гэта і дэманстрацыя больш вопытнымі калегамі танцавальных рухаў, характэрных для беларускіх танцаў, і спецыяльна зняты да мерапрыемства відэафільм з методыкай развучвання беларускай полькі “Крутуха”, і танцавальныя рэбусы, рашэнне якіх аказалася складаным для аўдыторыі.“Толькі ў сумеснай працы абодвух педагогаў можна дасягнуць мэт, пастаўленых вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі”, — дзялілася вопытам работы выхавальнік-метадыст “Медуніцы” І.М.Шышкова. Музычны кіраўнік павінен арыентавацца на выхавальнікаў у пытаннях выхавання і развіцця дзяцей, прыслухоўвацца да іх ацэнкі здольнасцей дзяцей. Выхавальнік з’яўляецца актыўным памочнікам музычнага кіраўніка ў арганізацыі музычных заняткаў, свят, правядзенні гульняў і забаў. Але перш за ўсё ён адказвае за музычнае выхаванне ў сваёй групе. Загадчык дашкольнай установы Алена Хомратава раскрыла сакрэт, што эфектыўнасць вучэбна-выхаваўчай работы залежыць ад умелага выкарыстання нацыянальных традыцый народа. Гэта фарміруе свабодную духоўную і творчую асобу.

Метадычны кабінет не толькі працуе з музычнымі кіраўнікамі ўстаноў дашкольнай адукацыі, але і праводзіць сустрэчы з работнікамі культуры, творчымі калектывамі горада, прадстаўнікамі творчых прафесій і г.д. Так, у рамках мерапрыемстваў Года культуры ў Беларусі метадыстамі Л.В.Быстровай і Л.Л.Піменавай арганізавана работа гасцінай, куды былі запрошаны наш зямляк, пісьменнік, член Саюза беларускіх пісьменнікаў, лаўрэат літаратурнай прэміі Васіль Ткачоў, загадчык дзіцячага аддзела Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І.Леніна Наталля Нікіціна, фальклорны калектыў “Святы Пакроў” пад кіраўніцтвам В.Сапожнікавай. Прыемна, што госці мерапрыемства адзначылі цёплы прыём, а таксама зваротную сувязь з аўдыторыяй. Рэфлексіўны запіс ад кожнага з 42 удзельнікаў майстар-класа “Танец для мяне гэта…” паказаў вялікую цікавасць да беларускага народнага танца.

Людміла БЫСТРОВА,
Людміла ПІМЕНАВА,

метадысты ГВМК.