Талерантнасць — крок да інклюзіўнай адукацыі

У Салігорскім раёне стала ўжо добрай традыцыяй праводзіць Дзень дружбы, прысвечаны Міжнароднаму дню інвалідаў. Арганізатарам і ідэйным натхняльнікам гэтага мерапрыемства на працягу 14 гадоў з’яўляецца Салігорскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. На свята штогод збіраюцца дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця розных устаноў раёна, іх равеснікі, валанцёры.

У гэтым годзе праграму святочных мерапрыемстваў у Салігорску расшырылі, і, акрамя Дня дружбы, былі праведзены спартыўныя спаборніцтвы і фестываль мастацкай творчасці.
Спартыўнае свята для развіцця рухальнай актыўнасці пад дэвізам “Мы любім спорт” адбылося на базе фізкультурна-спартыўнага клуба Салігорска. Удзел у ім прымалі навучэнцы Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі і маладыя інваліды тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Таксама напярэдадні Міжнароднага дня інвалідаў прайшоў фестываль мастацкай творчасці “Мы розныя, але мы разам”. Удзельнікі — навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі Салігорскага раёна — у работах адлюстравалі свой погляд на ўзаемаадносіны і ўзаемаразуменне дзяцей з АПФР і соцыуму. Выстава лепшых работ была наладжана ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна.
Па традыцыі ЦКРНіР падарыў дзецям-інвалідам свята — Дзень дружбы. Праграму святочнага канцэрта складалі танцавальна-харэаграфічныя і вакальныя нумары мастацкай самадзейнасці навучэнцаў і выхаванцаў дашкольных і школьных устаноў горада, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Музычны падарунак дзецям-інвалідам зрабіла вакальная група Нядзельнай школы імя Кірыла і Мяфодзія Хрыстараждзественскага сабора Салігорска.
Прэм’ера новага тэатралізаванага праекта — казкі “Брэменскія музыкі” — была прадстаўлена гасцям святочнага мерапрыемства. Праект рэалізоўваецца ў рамках ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей”. У пастаноўцы прымаюць удзел выхаванцы ЦКРНіР, валанцёры гімназіі № 1 Салігорска і Беларускага грамадскага аб’яднання “Чырвоны крыж”. Мастацкія кіраўнікі — педагогі сацыяльныя ЦКРНіР і гімназіі № 1 Лілія Нагорная і Ніна Учаева. Касцюмы і дэкарацыі, спецыяльна створаныя для пастаноўкі, дапамагалі ўдзельнікам перадаць свае эмацыянальныя перажыванні, увасобіць казачныя вобразы яскрава і непаўторна. Мэтай праекта з’яўляецца ўключэнне дзяцей-інвалідаў у асяроддзе здаровых равеснікаў. Хочацца адзначыць, што мэта паспяхова дасягаецца: сціраюцца бар’еры паміж дзецьмі, ажыццяўляюцца паўнацэнныя ўзаемаадносіны. Кожнае дзіця з асаблівасцямі адчувае сябе важнай і самастойнай асобай, адказнай за сваю ролю. Гімназісты аказваюць неабходнае суправаджэнне дзецям-інвалідам, непрыметнае для гледачоў і арганічна ўплеценае ў агульнае дзеянне. Гэтая пастаноўка — своеасаблівы ўрок талерантнасці.
Напрыканцы свята браты Вавілавы падарылі ўсім прысутным шоу мыльных бурбалак. Чароўную, яркую праграму можна было не толькі глядзець, але і прыняць непасрэдны ўдзел у ёй, стаць асістэнтам фокусніка.
Святочныя мерапрыемствы да Дня інвалідаў у новым, пашыраным фармаце садзейнічаюць фарміраванню талерантных адносін да асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а таксама дэманструюць, што грамадства прыходзіць да разумення: дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця — яго неад’емная частка.

Святлана РАБАЯ,
намеснік дырэктара Салігорскага раённага цэнтра
карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.
Фота з архіва Салігорскага раённага ЦКРНіР.