Талент у сукупнасці

У сярэдняй школе № 11 Мінска прайшла цырымонія ўзнагароджання “Парад зорак”, падчас якой былі падведзены вынікі школьных конкурсаў “Вучань года” і “Лідар года”. Мерапрыемства стала знакавым для школы, бо ўяўляла сабой вынік напружанай, але вельмі цікавай і творчай работы, якая ажыццяўлялася на працягу бягучага навучальнага года ўсім школьным калектывам. У ролі артыстаў былі лаўрэаты іншых школьных праектаў і музычных конкурсаў, якія радавалі гледачоў бліскучымі віншавальнымі нумарамі. Так што назва — “Парад зорак” — на самай справе вельмі дакладна адлюстроўвала тое, што адбывалася, бо ў актавай зале сабраліся лепшыя прадстаўнікі навучэнскай супольнасці.

Праекты “Вучань года” (для вучняў 3-4-х класаў) і “Лідар года” (для вучняў 5—11-х класаў) — доўгатэрміновыя, іх этапы размеркаваны ў часе на працягу ўсяго навучальнага года і ахопліваюць самыя розныя сферы дзейнасці. Бо, як вядома, быць аднолькава таленавітым ва ўсім — вельмі складана. У адных лепш атрымліваецца нешта намаляваць або змайстраваць сваімі рукамі, іншыя — прыроджаныя артысты. Трэція здольныя праявіць сябе ў інтэлектуальным конкурсе або прадметнай алімпіядзе, стварыць і абараніць уласны праект або напісаць навукова-даследчую работу, чацвёртыя — добрыя спартсмены. Менавіта таму журы падводзіць папярэднія вынікі на кожным этапе, а пераможцам становіцца той, хто набраў у суме найбольшую колькасць балаў.
Першы этап конкурсу — самапрэзентацыя. Усім удзельнікам неабходна стварыць газету “Знаёмцеся — гэта я”, зрабіць прэзентацыю сваёй работы і расказаць пра сябе. Кожны плакат-газета тоіць у сабе шмат сюрпрызаў, бо дзеці не абмяжоўваюцца збіраннем біяграфічных фактаў, фотаздымкаў, а спрабуюць даць самаацэнку, прадставіць творчыя знаходкі, уласныя вершы, арыгінальныя назіранні. Падчас выступленняў канкурсантаў была магчымасць даведацца, чым яны захапляюцца, што любяць, у якой сям’і выхоўваюцца, пра што мараць. Дзеці дэманстравалі ўменне іграць на музычных інструментах, вакальныя і харэаграфічныя здольнасці, спартыўныя дасягненні.

Інтэлектуальны этап ва ўзроставых катэгорыях адрозніваецца. Для ўдзельнікаў конкурсу “Лідар года” быў праведзены конкурс “Самы разумны”. Дзецям прапаноўвалася адказаць на розныя пытанні па літаратуры, гісторыі, матэматыцы, мастацтве. Другім турам інтэлектуальнага конкурсу для сярэдняй узроставай групы было заданне па рэдагаванні тэксту; старэйшым удзельнікам прапаноўвалася напісаць эсэ на тэму “Жыццёвы поспех. Як я яго разумею”. Па прызнанні канкурсантаў, ім цяпер складана казаць пра жыццёвы поспех, бо яны яшчэ толькі на пачатку свайго шляху, але дакладнае разуменне таго, што жыццёвы поспех — гэта вынік вялікай працы над сабой, — прысутнічае ў нашых навучэнцаў.
Для ўдзельнікаў конкурсу “Вучань года” абавязковым з’яўляецца ўдзел у прадметных алімпіядах і ў навукова-практычнай канферэнцыі “Я — даследчык”. У час прадстаўлення праектаў можна бачыць, наколькі шырокае і разнастайнае кола інтарэсаў малодшых школьнікаў.
Несумненна, самым творчым конкурсам у праекце “Лідар года” з’яўляецца конкурс “Хвіліна славы”. Як і ў знакамітай тэлевізійнай праграме, удзельнікі праекта павінны здзівіць усіх гледачоў і членаў журы. А ўжо як здзіўляць — кожны выбірае сам. Танцоры і фокуснікі, спевакі і акцёры, чытальнікі і спартсмены — у такіх розных ролях паўсталі перад намі канкурсанты. Кожны пастараўся даказаць, што менавіта яго нумар — лепшы.

Для вучняў пачатковай школы быў арганізаваны конкурс мастацкага слова. Дзеці імкнуліся перадаць эмацыянальны настрой абранага імі твора, дэманстравалі самастойную інтэрпрэтацыю аўтарскай пазіцыі.
Чарговы этап выпрабаванняў — практычны. Падчас конкурсу “Умелыя ручкі” малодшым школьнікам трэба было паказаць уменне ствараць сваімі рукамі цікавыя работы. Тут трэба ўмець наглядна адлюстраваць змест толькі што прачытанага ўрыўка з верша, выкарыстоўваючы найбольшую колькасць падручных матэрыялаў.
Для ўдзельнікаў “Лідара” конкурс называўся “Майстар на ўсе рукі”. Паводле палажэння конкурсу, трэба было правесці майстар-клас па любым з відаў рукадзелля альбо прадставіць сваё хобі. Як аказалася, нашы навучэнцы валодаюць рознымі відамі тэхнік: гэта і квілінг, і вышыўка, і маляванне, і дэкупаж, і вышыўка стужкамі. Сярод заняткаў па інтарэсах былі і мадэляванне баявых машын, і стварэнне тапіярыяў, і работа з саломкай, і нават пляценне кос!
Апошні этап спаборніцтваў для старэйшых хлопчыкаў і дзяўчынак — конкурс “Суперлідар” — быў, бадай, самым няпростым і адказным. Сутнасць яго заключалася ў тым, што ўдзельніка праекта павінна была прадставіць яго класная каманда. Дзецям патрабавалася пераканаць іншых, што менавіта іх прадстаўнік — самы дастойны, што менавіта ён можа весці наперад сваіх таварышаў, лепш за іншых разумее, што і як трэба рабіць, каб жыццё было цікавым, насычаным, разнастайным, таму што ён і ёсць сапраўдны лідар! У гэтай намінацыі сярод класаў найбольш папулярным быў жанр відэафільмаў, але выйгрышна глядзеліся жывыя выступленні агітбрыгад.

На завяршальным этапе заставалася толькі ўзнагародзіць пераможцаў. З дзевяці канкурсантаў “Вучня года” і дваццаці сямі — “Лідара года” дыпломамі за перамогу ў асобных намінацыях і каштоўнымі падарункамі ўзнагароджаны дзевятнаццаць. І, нарэшце, абвяшчаюцца імёны пераможцаў! У гэтым годзе імі сталі Аляксандра Калеснікава (9 “Б” клас), Ніка Ушакова (7 “В” клас), Арцём Ліннік (3 “А” клас). Спецыяльны прыз ад членаў журы ўручаны Кацярыне Волкавай (8 “В” клас).
Вопыт работы педагагічнага калектыву школы над праектамі “Вучань года” і “Лідар года” сыграў і працягвае іграць вялікую ролю ў пошуку шляхоў найбольш поўнага выкарыстання магчымасцей школы для раскрыцця здольнасцей навучэнцаў і, што не менш важна, рэалізацыі творчага патэнцыялу педагагічнага калектыву.

Наталля ТАРНАПОВІЧ,
дырэктар сярэдняй школы № 11 Мінска.