Сям'я — гэта паўнапраўны ўдзельнік адукацыйнага працэсу

Чатыры ўстановы дашкольнай адукацыі Гродзенскай вобласці сталі эксперыментальнымі пляцоўкамі праекта па апрабацыі мадэлі фарміравання адносін даверу з бацькамі дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту. Аб праекце і ходзе яго рэалізацыі расказваюць удзельнікі праекта.

Навуковы кіраўнік праекта, начальнік аддзела арганізацыйна-метадычнага суправаджэння выхаваўчай работы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, кандыдат педагагічных навук Ларыса ТАРАНЦЕЙ:
— Праблематыку адносін даверу бацькоў і дзяцей даследую не адзін год. Гэта было і тэмай маёй дысертацыі. І хоць лічыцца, што характар дзіцяці, эмацыянальныя стасункі з бацькамі фарміруюцца ў падлеткавым узросце, практычныя назіранні, аналіз паказваюць, што работу па фарміраванні адносін даверу трэба пачынаць у дашкольным узросце. Сучасная дашкольная ўстанова — гэта цэнтр фарміравання педагагічнай культуры бацькоў, павышэння іх псіхолага-педагагічнай культуры, дапамогі і падтрымкі сям’і ў вырашэнні праблем развіцця дзіцяці, у тым ліку на этапе фарміравання даверу да свету, да сябе і да іншых.
Мэтай эксперымента з’яўляецца рэалізацыя педагагічных умоў і аранізацыйна-педагагічнай мадэлі працэсу фарміравання адносін даверу дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту з бацькамі, апрабацыя метадычнага забеспячэння псіхолага-педагагічнага суправаджэння сям’і гэтых дзяцей па адносінах даверу з бацькамі, ацэнка эфектыўнасці выдзеленых педагагічных умоў і методыкі іх рэалізацыі, аналіз дынамікі гэтых працэсаў.
Для эксперымента былі выбраны яслі-садкі № 6 Шчучына і № 1 Мастоў, дашкольныя цэнтры развіцця дзіцяці аграгарадкоў Верцялішкі Гродзенскага раёна і Васілішкі Шчучынскага раёна. Удзельнічаць у праекце далі згоду выхавальнікі з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй, педагогі-псіхолагі і настаўнікі-дэфектолагі з вялікім практычным вопытам. У гэтых дашкольных установах на працягу некалькіх гадоў рэалізуюцца разнастайныя формы работы з сем’ямі выхаванцаў — “Матчына школа” (Верцялішкі), бацькоўскі клуб “Рука аб руку” (Масты). Выбар гэтых устаноў адукацыі быў абумоўлены яшчэ і тым, што яны знаходзяцца ў невялікіх населеных пунктах. Гэта забяспечвае доступ да інфармацыі аб сем’ях нават пасля таго, як дзіця пяройдзе на наступную адукацыйную прыступку, з мэтай маніторынгу сфарміраванасці даверу да свету, да сябе і іншых у перыяд малодшага школьнага ўзросту.
У сакавіку 2013 года пачалася “тэарэтычная” частка праекта — распрацаваны план, які быў прадстаўлены ва ўстановы адукацыі для азнаямлення. Летам была сфарміравана даведачна-інфармацыйная база эксперыментальнай дзейнасці, распрацавана метадычнае забеспячэнне эксперымента, створаны навукова-метадычны савет па падрыхтоўцы канцэпцыі і праграмы эксперыментальнай дзейнасці ў кожнай дашкольнай установе. З верасня мінулага года працуе семінар для педагогаў “Педагогіка даверу”, школа для бацькоў “Свет даверу”, вядзецца штодзённая работа з дзецьмі ў рэжыме эксперымента.

Загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці аграгарадка Верцялішкі Гродзенскага раёна Алена РАДЛІНСКАЯ:
— Мы пачыналі ўдзел у эксперыменце з усведамлення высокай адказнасці і таго, што працаваць давядзецца больш, але галоўным было разуменне актуальнасці праблемы адносін даверу дзяцей і бацькоў. Калі мы дапаможам сям’і наладзіць адносіны даверу, супрацоўніцтва, павысіць веды бацькоў у галіне педагогікі, псіхалогіі, то выканаем сваю місію. Сям’я ў сучасным грамадстве разглядаецца не проста як малы соцыум, але і як паўнапраўны ўдзельнік адукацыйнага працэсу. І такую работу нам трэба весці разам.
Давялося і педагогам працаваць над павышэннем сваіх ведаў па метадалогіі эксперымента, укараненні інавацыйных методык фарміравання адносін даверу. Гэта метад актуалізацыі пазітыўнага вопыту ўзаемадзеяння — казкатэрапія, драматызацыя, аналіз праблемных сітуацый, аналіз літаратурных твораў, праектаванне маляваннем, ролевыя гульні. Метад педагагічнай падтрымкі адносін — “авансаванне даверам”, метад канструявання правілаў, метад памылак. Метад карэкцыі адносін — трэнінгавыя гульні і практыкаванні, “гульні-аптымізатары”, рытуалы, камунікатыўныя гульні, рэфлексіўныя практыкаванні. Працуем у адпаведнасці з планам, які складаем разам з Л.М.Таранцей.
Бачу, што і самі выхавальнікі зацікаўлены гэтай справай, і ўжо ёсць зваротная сувязь — іх прапановы, уласнае бачанне.

Выхавальнік Наталля ГАСЦІНЕЦКАЯ:
— Для мяне самым цяжкім пытаннем было, як да эксперымента паставяцца бацькі, асабліва таты. У маёй групе 16 дзетак. Пачыналі з анкетавання і размоў з бацькамі, падчас якіх тлумачылі задачы і мэты эксперымента. І зараз магу сказаць, што бацькі з разуменнем адносяцца да гэтай справы. Галоўнае было даць мамам і татам адчуванне ўнутранай сувязі са сваімі дзецьмі, паказаць, што 5-6-гадовы чалавек — гэта асоба, якая патрабуе такой жа павагі і разумення, як і дарослы. Адной любові, якую дораць бацькі сваім дзяцям, недастаткова, выхаванне — складаны працэс, у якім удзельнічаюць усе бакі.
Памятаю першы бацькоўскі сход, некаторую насцярожанасць. А вось вынікі нашага супрацоўніцтва ўжо адчуваю, напрыклад, па тым, як мы адзначаем святы, як мамы і таты актыўна і творча ўдзельнічаюць у іх падрыхтоўцы, сваім удзелам дэманструюць зацікаўленасць, адкрытасць і ўзаемны гонар за поспехі. Дзецям вельмі падабаецца выконваць разам з бацькамі дамашнія заданні, даручэнні выхавальніка. Напярэдадні 23 лютага ўсе таты атрымалі запрашэнні на свята, зробленыя іх дзецьмі, пра кожнага бацьку мамы з дзецьмі падрыхтавалі газету с фотаздымкамі, пажаданнямі. А напярэдадні 8 Сакавіка ўжо таты ўключыліся ў творчую падрыхтоўку да свята.
Вядзём бацькоўскую папку як форму пастаяннага інфармавання бацькоў па павышэнні педагагічнай культуры і маніторынгу індывідуальных дасягненняў выхаванцаў.

Ларыса ТАРАНЦЕЙ:
— Кіраўнікі і выхавальнікі дзіцячых устаноў актыўна ўключыліся ў эксперымент. Ім удалося прыцягнуць да сумеснай работы бацькоў, што з’яўляецца адным з самых важных элементаў эксперымента.
Рэалізацыя праекта разлічана да лета 2015 года. Укараняльны этап намечаны на верасень будучага года. Адным з вынікаў стане метадычны дапаможнік па тэме эксперыментальнай дзейнасці, апрабаваныя аўтарскія праграмы.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.