Сяброўства ў класе і з класам

Паспяховасць у навучанні залежыць ад шэрага фактараў, і роля класнага кіраўніка ў стварэнні станоўчай матывацыі да вучэбнай дзейнасці далёка не апошняя. І калі перад настаўнікам на ўроку стаіць мэта стварыць умовы для вучэбнай матывацыі ў працэсе навучання, то перад класным кіраўніком стаіць мэта захаваць тое, што зроблена кожным прадметнікам на сваім уроку і закладзена ў сям’і для стварэння пазнавальнага клімату ў класе.

Будучы класным кіраўніком 5 “А” класа, для павышэння матывацыі да вучэбнай дзейнасці стараюся стварыць умовы для самаразвіцця і самарэалізацыі асобы навучэнца; дапамагчы выхаванцам у авалодванні ведамі; стварыць у класе мікраклімат для якаснай вучобы; развіваць пазнавальныя інтарэсы і пазнавальную дзейнасць навучэнцаў класа; дапамагаць навучэнцам у рацыянальнай арганізацыі сваёй вучэбнай працы, развіцці сваіх здольнасцей, розуму і мыслення; арганізаваць цікавую і эфектыўную работу вучня па атрыманні заданняў.
Для прадукцыйнай работы па стварэнні станоўчай матывацыі да паспяховага навучання ўлічваю інфармацыю пра матывы, якім аддаюць перавагу і якія выбіраюць дзеці, і ў гэтым незаменным прыёмам служыць анкетаванне навучэнцаў. Сваю работу ў 5 класе я пачала з дыягностыкі навучэнцаў. Як пісаў К.Ушынскі, “каб выхаваць чалавека ва ўсіх адносінах, трэба ведаць яго ва ўсіх адносінах”. Традыцыйнае тэсціраванне “Агульначалавечыя каштоўнасці” паказала, што адукацыю дзеці паставілі на 6 месца. Было праведзена анкетаванне “Маё вучэнне”. Прыемна адзначыць, што дзецям цікава вучыцца ў школе, амаль усе прадметы імі зазначаны як любімыя. На мой погляд, творчая калектыўная дзейнасць з’яўляецца сродкам развіцця пазнавальнай актыўнасці дзяцей.
Напрыклад, 5 “А” клас прыняў актыўны ўдзел у дабрачынным школьным кірмашы “Асенняя мазаіка”, дзеці з радасцю адгукнуліся на гэтую ідэю, прапаноўвалі разнастайную выпечку, вырабы з бісеру, упрыгажэнні. Такім чынам адбываецца выхаванне імкнення да агульнай справы.
Для выхавання дружнага і згуртаванага калектыву класа кожнага вучня мы віншуем з днём нараджэння: віншаванне, песенька, фотаздымак на памяць. Займае гэта няшмат часу, але дзецям прыемна, што пра іх свята памятае класны кіраўнік і аднакласнікі.
Далучэнне навучэнцаў да грамадска карыснай працы спрыяе разумоваму і фізічнаму развіццю школьнікаў. 5 “А” клас прымаў удзел у суботніку, а ў канцы чвэрці падрыхтоўваў да зімы клумбу, замацаваную за класам.
У гэтым навучальным годзе наша школа прымае ўдзел у рэспубліканскім інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі развіцця лідарскіх якасцей навучэнцаў на аснове самакіравання як умова асобаснага росту” па стварэнні арганізацыйна-педагагічных умоў для развіцця лідарскіх якасцей навучэнцаў на аснове самакіравання ў адукацыйнай прасторы школы. Міні-тэма праекта 5 класа — “Сяброўства”. У рамках праекта адбываецца адаптацыя да навучання ў сярэднім звяне школы, згуртаванне калектыву, развіццё самапазнання, прыняцце іншага, талерантнасць. Такая работа дапамагае навучэнцам умацаваць сяброўскія і таварыскія адносіны. Дзеці ў рабоце ўзаемадзейнічаюць і падтрымліваюць адно аднаго, падказваюць шляхі вырашэння праблем, якія ўзнікаюць, размяркоўваюць абавязкі. Такім чынам не толькі адбываецца фарміраванне дружнага калектыву, але і павышаецца матывацыя да навучання.
Яшчэ адным з напрамкаў работы з’яўляецца выпрацоўка адзінай тактыкі ў рабоце з бацькамі з мэтай своечасовай і правільнай карэкціроўкі педагагічных уздзеянняў на навучэнцаў. Работа заключаецца як у інфармаванні асобных бацькоў аб праблемах, якія ўзнікаюць у іх дзяцей, так і ў правядзенні тэматычных бацькоўскіх сходаў.
Я лічу, што ўсё гэта спрыяе павышэнню матывацыі навучэнцаў да вучэбнай дзейнасці. Практычнае фарміраванне цікавасці да вучэння з’яўляецца важным сродкам павышэння якасці навучання школьнікаў. Вельмі многае знаходзіцца ў руках класнага кіраўніка. І яму цалкам дадзены сілы, каб гэтае многае павярнуць на карысць і ператварыць школьную штодзённасць у яркую рэальнасць, здольную вучыць і выхоўваць.

Юлія БЕРАЗОЎСКАЯ,
класны кіраўнік 5 “А” класа сярэдняй школы № 42 Віцебска.