СВЯТА ў падарунак

Стварыць свята — няпроста, але гэта таго варта. Каб свята стала традыцыяй і разам з тым не страціла сваёй прыцягальнасці, арганізатарам неабходна прыкласці вялікія веды, працу, талент ды шчырае захапленне сваёй справай. Затое вынікам будзе не звычайнае мерапрыемства, а падзея, якую ўсе будуць чакаць з нецярплівым прадчуваннем новага, цікавага і патрэбнага. Як чакаюць у Віцебску кожны школьны кірмаш — менавіта так гараджане прывыклі называць выставы-продажы, дзе рэалізуецца вырабленая ва ўстановах адукацыі вобласці прадукцыя.

З 2002 года ўпраўленнем адукацыі Віцебскага аблвыканкама восеньскія і вясновыя кірмашы праводзяцца штогод — з нязменным поспехам. Дарэчы, народная назва трапна вылучыла гэтыя выставы-продажы сярод іншых падобных (іх у паўночнай сталіцы адбываецца багата), аднак сутнасць падзеі перадае не зусім дакладна: усё ж галоўныя яе героі — установы ПТА і ССА. Так, сёлета ў кірмашы прынялі ўдзел Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава, 8 устаноў сярэдняй спецыяльнай і 31 — прафесійна-тэхнічнай адукацыі, а таксама школы і пазашкольныя аб’яднанні Віцебска, Шумілінскага, Віцебскага, Бешанковіцкага, Гарадоцкага, Лёзненскага, Сенненскага раёнаў. Не магу не дадаць: “Вясновы карагод” — несумненна самая буйная, але не адзінкавая падзея. Установы адукацыі пастаянна і актыўна ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх і гарадскіх выставах і кірмашах. Абласная вясновая выстава-продаж была прысвечана 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Году гасціннасці, што знайшло адлюстраванне і ў будове канцэртнай праграмы, і ў афармленні гандлёвых кропак. З асаблівай сардэчнасцю і пашанай сустракалі ўдзельнікі кірмашу ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны — дарэчы, ім, а таксама ветэранам сістэмы адукацыі па традыцыі прапаноўвалі набыць прадукцыю па льготных цэнах.

Зноў у вясёлым і стракатым “Вясновым карагодзе” сышліся паважаныя майстры і руплівыя гаспадары, таленавітыя артысты і добразычлівыя гледачы. Віцебскі кірмаш — не толькі продаж, але і дэманстрацыя самых лепшых, прыгожых і якасных тавараў і паслуг, вынік карпатлівай добрасумленнай працы. І плённай — напрыклад, на восеньскай выставе-продажы ў 2013 годзе рэалізавана прадукцыі на суму 620 мільёнаў рублёў, у тым ліку ўстановамі ПТА — на 571 мільён рублёў. На вясновай выставе-продажы быў прадстаўлены на рэалізацыю шырокі выбар сельскагаспадарчай прадукцыі, расады гародніны, кветак, саджанцаў пладовых дрэў, швейных, сувенірных і мастацкіх вырабаў, піламатэрыялаў — усяго на суму больш за 600 мільёнаў рублёў, і ўсё гэта вырашчана і выраблена навучэнцамі ўстаноў адукацыі рэгіёна. Аб маштабнасці падзеі і папулярнасці кірмашу можна меркаваць па колькасці яго ўдзельнікаў: было задзейнічана 700 чалавек з ліку работнікаў, навучэнцаў і студэнтаў устаноў адукацыі, больш за 40 адзінак аўтатранспарту, устаноўлена 45 гандлёвых палатак. Між іншым, ніводную з іх не абышлі ўвагай шматлікія пакупнікі, каля многіх можна было назіраць і нетыповую для сучаснага гандлю з’яву: тут віравалі вялікія, у некалькі дзясяткаў чалавек, чэргі! Яно і не дзіўна: віцябляне даўно пераканаліся, што ў суадносінах “кошт — якасць” установы адукацыі — па-за канкурэнцыяй. А вось знаёмых старэйшаму пакаленню стыхійных сварак і нездаровага ажыятажу ў чэргах не было. Выклікае захапленне, што на працягу ўсёй дзеі на пляцоўцы каля Віцебскага палаца спорту, дзе адбываўся кірмаш, панавалі ўзорны парадак і пазітыўныя эмоцыі. Хаця як жа іначай, калі (няхай сабе і пад незаўважным на першы погляд, але пільным кантролем педагогаў) спрабавалі ўласныя сілы ў продажы прадукцыі і правядзенні майстар-класаў навучэнцы — зразумела, пакупнікі імкнуліся падтрымаць ды падбадзёрыць старанных і таленавітых маладых рупліўцаў. І мала хто не адзначаў сам сабе: “Добрая працоўная змена падрастае”. Як заўсёды, на кірмашы бездакорна дзейнічала “служба выдатнага настрою” — найвышэйшай адзнакі заслугоўваюць майстэрства індывідуальных выканаўцаў і калектываў мас-тацкай самадзейнасці ўстаноў адукацыі, прафесіяналізм арганізатараў яркай і насычанай чатырохгадзіннай канцэртнай праграмы. Адкрыў яе народны ансамбль танца “На ростанях” Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтва пад кіраўніцтвам Сяргея Ракоўскага.

Апладысментамі віталі гледачы ўдзельнікаў абласнога этапу VІІІ Рэспубліканскага конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Беларускі вянок” — дыпломы яго пераможцам і прызёрам урачыста ўручыў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок. І авацыяй сустрэлі прыемную вестку — на рэспубліканскім этапе творчага спаборніцтва прадстаўнікі Віцебшчыны зноў здолелі ўтрымаць лідарства!
— Дарагія сябры! Праводзіць такія святы ў Віцебску стала ўжо традыцыяй. Я не магу па-іншаму назваць наш “Вясновы карагод” — сапраўды свята маладосці і працы, на якім установы адукацыі трымаюць справаздачу аб той вялікай рабоце, што праводзіцца ў кожнай навучальнай установе вобласці, — адзначыў Іван Антонавіч. — Толькі ў мінулым годзе нашы ўстановы адукацыі ў выніку пазабюджэтнай дзейнасці зарабілі амаль 96 мільярдаў рублёў. Гэтыя сродкі пайшлі на ўмацаванне вучэбна-матэрыяльнай базы, арганізацыю вучэбнага і выхаваўчага працэсу, заахвочванне дзяцей, якія займаюцца пазабюджэтнай вытворчай дзейнасцю. Але, напэўна, лепш за словы і лічбы аб гэтай рабоце кажуць сённяшнія гандаль і свята. Нашы тавары і паслугі карыстаюцца вялікім попытам у насельніцтва. Мы рады, што прадукцыя, вырабленая ва ўстановах адукацыі, запатрабавана. Мы ганарымся поспехамі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай, агульнай сярэдняй адукацыі рэгіёна. Упэўнены, што і далей яны будуць удасканальваць сваю работу, развівацца, паляпшаць матэрыяльна-тэхнічную базу. А самае галоўнае — дастойна выхоўваць нашых дзяцей.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.