Свята ў басейне

Дапамагчы дзецям вырасці здаровымі — адна з асноўных мэт дзейнасці нашай дашкольнай установы. Унікальным відам фізічнай актыўнасці дзяцей дашкольнага ўзросту з’яўляецца плаванне. Сапраўднай перавагай нашай установы з’яўляецца наяўнасць сучаснага басейна.

Наўрад ці хто стане адмаўляць, што плаванне — жыццёва неабходны навык і для дзіцяці, і для дарослага. Для малых уменне плаваць не толькі сродак для ўсебаковага фізічнага развіцця, але і залог бяспекі. Часцей за ўсё няшчасныя выпадкі на вадзе адбываюцца з дзецьмі ад 3 да 10 гадоў, таму, каб абараніць дзіця ад гэтай небяспекі, педагогі нашай установы асаблівую ўвагу ўдзяляюць навучанню дзяцей правілам паводзін на вадзе.
У аснову заняткаў у басейне кіраўніком фізічнага выхавання Ларысай Віктараўнай Чарапок пакладзены гульнявы метад. Падчас гульні дзеці пазнаюць свет, разам з персанажамі гульняў і цацкамі асвойваюць водную прастору, пераадольваючы псіхалагічныя праблемы і страхі. Гульня, гульнявая сітуацыя дапамагаюць педагогу абыграць кожную ўдачу або няўдачу такім чынам, каб выхаванцы адчувалі сябе ўсё больш упэўнена ад заняткаў да заняткаў. Навучыцца плаваць — вялікае шчасце, але і вялікая праца. Гульня дапамагае зрабіць гэтую працу больш лёгкай і прыемнай.
Дзеці малодшага, сярэдняга, старэйшага ўзросту з нецярпеннем чакаюць пачатку заняткаў, якія заўсёды суправаджаюцца феерверкам станоўчых эмоцый. Трапляючы ў басейн, яны ператвараюцца ў дэльфінаў, русалак, рыбак. Самыя яркія і запамінальныя ўражанні пакідаюць забавы і святы з удзелам розных герояў, калі дзеці трапляюць у царства Нептуна, дапамагаюць адшукаць “жэмчуг у акіяне”, падарожнічаюць па морах. Індывідуальны падыход, цікавыя заняткі, святы, забавы, камфортная абстаноўка — усё гэта спрыяе таму, што выхаванцам хочацца вяртацца на заняткі ў басейн зноў і зноў.
Добрай традыцыяй стала правядзенне забаўляльных мерапрыемстваў з удзелам дарослых і дзяцей. У рамках рэалізацыі праекта “Здаровыя дзеці на бяспечнай планеце!” сапраўднай падзеяй ва ўстанове стала свята “Выратавальнікі, наперад!”, якое спрыяла замацаванню правіл паводзін на вадзе.
У рамках тыдня “Да здароўя наперад!” для дзяцей былі арганізаваны: спартыўна-тэатралізаванае свята на вадзе “Квак-квакыч і яго сябры”, “Свята чароўнай вады”, водна-спартыўнае спаборніцтва “Марская прыгода”. Сумесная з аднагодкамі дзейнасць, дасягненне добрых камандных вынікаў, пераадоленне цяжкасцей гуртуюць калектыў, выклікаюць у дзяцей пачуццё адказнасці за свае дзеянні. Удзел у святах дапамагае дзецям глыбей усвядоміць значэнне сістэматычных практыкаванняў у басейне для дасягнення жаданых вынікаў, падтрымлівае цікавасць да рэгулярных заняткаў фізічнай культурай.
Стала традыцыяй праводзіць у дашкольнай установе свята “Новы год на вадзе”. Якіх толькі казачных герояў не сустракаюць у гэтае свята дзеці! Чалавека няўважлівага, Бабу Ягу, дракона, труса, і, вядома, кожны год у госці ў басейн прыходзіць Дзед Мароз. Мора эмоцый, пазітыўнага настрою, захапленне, жартоўная барацьба за галоўны прыз — усё гэта надоўга запамінаецца вясёлай кампаніі.
На момант заканчэння дашкольнай установы дзеці асвойваюць плавальныя рухі, добра трымаюцца на вадзе. Выдатны эфект ад заняткаў радуе і бацькоў. Далёка не ўсе з тых, хто наведвае басейны ў дашкольнай установе, стануць чэмпіёнамі, але навыкі, набытыя ў дзяцінстве, захоўваюцца на ўсё жыццё.

Вольга САМАЙЛЮК,
загадчык ясляў-сада № 6 Ваўкавыска.