Свята творчасці і працы

У Віцебску прайшла выстава-продаж прадукцыі ўстаноў адукацыі вобласці

Удзел у традыцыйным і самым папулярным у насельніцтва рэгіянальным кірмашы сёлета прынялі 24 установы прафесійна-тэхнічнай, 11 — сярэдняй спецыяльнай адукацыі, ВДУ імя П.М.Машэрава, 9 раённых аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, а таксама Сенненская школа-інтэрнат і Вялікалятчанскі дзіцячы дом. Жыхары і госці абласнога цэнтра заўсёды з нецярпеннем чакаюць і з задавальненнем далучаюцца да “Вясновага карагода”. Нездарма ён прыйшоўся так даспадобы: менавіта тут можна выгадна набыць сельскагаспадарчую прадукцыю і неабходныя ў хатнім побыце рэчы, эксклюзіўныя сувеніры, адзенне, абутак, маладняк свойскіх жывёл элітных парод — усё сваё, ад душы зробленае і старанна вырашчанае навучэнцамі школ, гімназій, ліцэяў, каледжаў, устаноў дадатковай адукацыі пад кіраўніцтвам педагогаў. Цэны вельмі прывабныя, асартымент багаты, а галоўнае — на кірмашы непарушна дзейнічае агульны для ўсіх закон: выгадна можна прадаць толькі якаснае!

— Прывезлі бульбу, зерне, вырашчаную ў цяпліцах зялёную цыбулю і салату, саджанцы, расаду кветак — пакупнікі нашу гандлёвую кропку не мінаюць і набыткам застануцца задаволены, — расказвае дырэктар Полацкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Ірына Кісялёва. — Попытам карыстаюцца будаўнічыя брусы, пасцельная бялізна, смачная выпечка і іншая прадукцыя. Акрамя таго, прапануем наведвальнікам кірмашу майстар-клас па бісерапляценні — яго праводзяць педагог Кацярына Сямёнава і навучэнка Ганна Судакова.
“Вясновы карагод” — не толькі продаж, але і мнагапрофільная выстава самых лепшых, прыгожых і якасных тавараў і паслуг. Тут можна было ўбачыць, як ствараюцца лепшыя вырабы народнай творчасці з лазы і керамікі, шэдэўры кулінарнага і цырульніцкага майстэрства, арыгінальныя сувеніры і карысныя вырабы — поўны спіс майстар-класаў атрымаўся вялікі, але магу запэўніць: кожны радок у ім быў па-свойму прывабны. Горад майстроў на гэты раз працаваў не адасоблена, а фактычна на ўсёй пляцоўцы кірмашу. Майстры імкнуліся найбольш ярка прадставіць свае ўстановы адукацыі, што зноў жа невыпадкова: у ліку прыярытэтных мэт мерапрыемства — прафесійная арыентацыя. Сёлета яе мэтавая аўдыторыя значна пашырылася: кірмаш арганізавана наведалі каля 500 навучэнцаў віцебскіх школ і гімназій. Дзяўчаты і хлопцы былі ў захапленні ад убачанага, многія са старшакласнікаў ужо наведалі дні адкрытых дзвярэй устаноў прафесійнай адукацыі, але тут, па прызнанні маладых людзей, зусім іншая атмасфера — так і хочацца далучыцца да гэтага свята творчасці і працы!
— Мы павінны больш цесна ўвязаць працэс навучання з практычнай работай, — падкрэсліў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў. — Наша задача — аказаць усялякае садзейнічанне, каб развіваць гэты напрамак. Таму будзем павялічваць машынна-трактарны парк, паляпшаць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў прафесійнай адукацыі, каб іх выпускнікі выходзілі ў дарослае жыццё моцнымі практыкамі.
Як заўсёды, самымі жаданымі гасцямі і пакупнікамі на кірмашы былі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і сістэмы прафадукацыі. Для іх былі прадугледжаны спецыяльныя скідк. Найперш ім адрасавалі мастацкія прывітанні юныя артысты.
— Наша вясновая выстава-продаж праходзіць пад знакам 70- годдзя Вялікай Перамогі і 75-годдзя сістэмы прафесійнай адукацыі, што ўскладае на нас, арганізатараў, вялікую адказнасць, — адзначыў начальнік аддзела прафесійнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Сяргей Каваленка. — Для таго каб мерапрыемства прайшло на больш высокім узроўні, вырашана было пашырыць яго фармат. Так, на кірмашы з’явілася 6 інтэрактыўных пляцовак, прысвечаных дадатковай адукацыі, турызму (прадстаўлены турыстычныя маршруты і аб’екты, якія забяспечваюць установы адукацыі), спорту і дзейнасці БРСМ.
Падчас кірмашу стартавала некалькі тэматычных праектаў, сярод якіх праект аддзела адукацыі, спорту і турызму Віцебскага райвыканкама “Цягнік Перамогі”.
— У праекце задзейнічаны дзве ўстановы — Вымнянскі дзіцячы сад — сярэдняя школа і наш музей “Гісторыя Заронаўскага краю”, — паведаміла кіраўнік музея вядомы віцебскі краязнавец Людміла Нікіціна. — Мы абсталявалі аўтобус, аформілі яго па тэме нашых экскурсій. Працягласць кожнай з іх — 10—15 хвілін. Збіраемся ездзіць па вёсках, наведваць ветэранаў, уручаць ім падарункі.
Спецыяльна падрыхтавалі канцэртную праграму, прысвечаную Дню Перамогі, — будзем працаваць па аддаленых вёсках для людзей, якія не змогуць дайсці да клуба, дзе будзе цэнтральнае свята. І неабавязкова толькі ў Віцебскім раёне — па запрашэнні можам выехаць у любы раён.
— Сёлета мы ўпершыню ўдзельнічаем у гэтым выдатным мерапрыемстве і прадстаўляем дзве пляцоўкі: “Ярасны будатрад” і “100 ідэй для Беларусі”, — праінфармавала сакратар Віцебскай абласной арганізацыі БРСМ Таццяна Рык.— Працаўладкаванне і другасная занятасць моладзі — адзін з нашых асноўных напрамкаў работы, а студатрадаўскі рух стаў сапраўднай візітнай карткай Віцебшчыны. На працягу 5 гадоўмы з’яўляемся лідарамі ў сферы арганізацыі занятасці моладзі і спадзяёмся далей трымаць гэтую высокую планку. Сёння вялікую зацікаўленасць выклікала акцыя штаба працоўных спраў па запісе ў студэнцкія атрады: маладыя людзі падыходзілі і пакідалі свае каардынаты, каб іх было прасцей знайсці, калі з’явяцца адпаведныя вакансіі. Акрамя таго, мы расказалі, як ідзе ў рэгіёне прасоўванне праектаў конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Каля 50 з іх, прадстаўленых на абласным узроўні, зараз знаходзяцца ў стадыі рэалізацыі. Чакаем новыя ідэі і ініцыятывы!
Запамінальным было і выступленне спартсменаў. Дружнымі апладысментамі сустракалі гледачы кожны нумар іх праграмы, але асабліва цёпла публіка прыняла выступленне аматараў гульнявых відаў спорту з Віцебскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа — нязменнага пераможца абласной спартакіяды сярод юнакоў (які, дарэчы, паспяхова абараняе гонар вобласці і на рэспубліканскім узроўні: за апошнія 3 гады каманда двойчы станавілася пераможцай і адзін раз — сярэбраным прызёрам), акрабатычную кампазіцыю навучэнцаў Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў і, канечне ж, прадстаўнікоў папулярнага маладзёжнага руху за здаровы лад жыцця street workout.
— Асаблівасць сённяшняй выставы-продажу яшчэ і ў тым, што павялічылася колькасць гандлёвых кропак (іх было 112), — падагульніў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок. — Акрамя прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных, актыўна ўдзельнічалі ў кірмашы ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі з Лепельскага, Гарадоцкага, Лёзненскага, Сенненскага, Віцебскага, Аршанскага раёнаў. Мы вучым дзяцей і працаваць, і гандляваць — гэта таксама трэба ўмець, гэта сур’ёзная падрыхтоўка да самастойнага жыцця. У цэлым за некалькі гадзін мы нагандлявалі каля 600 млн рублёў. Сродкі будуць накіраваны на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, заахвочванне майстроў вытворчага навучання, педагогаў, якія займаюцца гэтай работай, і, канечне ж, нашых дзяцей. Вельмі важны выхаваўчы момант, калі кожны навучэнец будзе бачыць вынікі сваёй працы і атрымае за яе заахвочванне, калі будзе ведаць, што, напрыклад, на заробленыя з яго ўдзелам грошы школа арганізуе экскурсію па памятных мясцінах вобласці і краіны і што ён абавязкова паедзе на такую экскурсію. Вельмі парадавалі мастацкія калектывы: практычна 5 гадзін без перапынку ішоў канцэрт.
Такім чынам, адбылася своеасаблівая справаздача сістэмы адукацыі перад насельніцтвам у тым, што тычыцца вучобы, вытворчай і пазабюджэтнай дзейнасці, творчасці. І мы вытрымалі яе дастойна. Вялікі дзякуй за работу дырэктарскаму корпусу, прадстаўнікам органаў кіравання адукацыяй, педагогам, навучэнцам — усім, хто прыняў удзел у кірмашы. Наперадзе ў нас многа работы, цікавых планаў. А значыць, “Вясновы карагод” будзе і далей расці, развівацца і ўдасканальвацца.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.