Свята Нептуна

У Старажытнай Грэцыі мудрацы казалі, што дзіця абавязкова павінна ўмець чытаць і плаваць. Цалкам згодны з гэтай думкай у гімназіі № 1 Барысава. А каб хлопчыкам і дзяўчынкам было цікава асвойваць плаванне, навучанне завяршаюць яркім святам.

Кожную восень вучні чацвёртых класаў праходзяць курс навучання плаванню на ўроках фізічнай культуры і здароўя. Пасля заканчэння навучання па даўняй гімназічнай традыцыі праводзіцца свята Нептуна, падчас якога ацэньваюцца ўменні і навыкі, атрыманыя дзецьмі. Не стаў выключэннем і гэты год. У праграму мерапрыемства былі ўключаны заплывы на дыстанцыі, разнастайныя гульні і эстафеты з ныраннем, даставаннем прадметаў з дна, транспарціроўкай пацярпелага. Яркай кропкай стаў палымяны танец Русалкі ў выкананні рэжысёра гімназіі Веры Аляксандраўны Патаповіч, які ўзняў настрой усім удзельнікам свята. Напрыканцы Цар мораў і акіянаў нагадаў, што бывае з тымі дзецьмі, якія не выконваюць правіл паводзін на вадаёмах, а таксама падвёў вынікі мерапрыемства, даў рэкамендацыі лепшым плыўцам і ўзнагародзіў каманды граматамі гімназіі.Свята мела не толькі забаўляльны, але і асветніцкі характар: падчас спаборніцтваў правяралася веданне дзецьмі правіл паводзін на вадзе, а таксама асноўных задач Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на водах. Наогул, гэтай тэме ўдзяляецца вялікая ўвага пры навучанні плаванню ў гімназіі. Навучэнцы пачынаюць заняткі не толькі з фізічных практыкаванняў, але і праходзяць курс тэарэтычнай падрыхтоўкі па тэхніцы плавання і бяспечных паводзінах на вадзе. Настаўнікі фізкультуры і здароўя праводзяць абавязковы інструктаж па правілах бяспечных паводзін у басейне, у пакоях для пераапранання і душавых, расказваюць аб гігіенічных патрабаваннях, што прад’яўляюцца да наведвальнікаў басейна, знаёмяць дзяцей з вынікамі купальнага сезона на Барысаўшчыне, нагадваюць пра набліжэнне зімы і пра небяспеку, якая чакае людзей, што трапілі на лёд.

Дарэчы, на развітанне і Нептун нагадаў аб неабходнасці бяспечных паводзін. Педагогі гімназіі ўпэўнены, што пасля такога незвычайнага свята дзеці палюбяць плаванне і ніколі не забудуць правіл бяспекі на вадзе.

Галіна ШЫДЛОЎСКАЯ,
настаўніца фізкультуры і здароўя гімназіі № 1 Барысава.