Свечка памяці ў маленькай руцэ

Патрыятычнае выхаванне маленькіх грамадзян нашай краіны мае ў наш час вялікае значэнне, бо менавіта ім будаваць наша далейшае жыццё. Пасеяць зярнятка патрыятычнасці і грамадзянскасці ў душах сваіх выхаванцаў-першакласнікаў я вырашыла праз тэматычную інфармацыйную гадзіну “Вялікі дзякуй дзеду за Перамогу!”, папярэднічалі якой шэраг гучных чытанак пра вайну, афармленне выстаў дзіцячага малюнка і літаратуры. 

Калі ўсё пачалося? Якое жудаснае абвяшчэнне пачулі людзі? Якія доўгія і страшэнныя чатыры гады іх чакалі наперадзе? Чым усё скончылася? На гэтыя пытанні вучні атрымалі адказы. Дзіцячыя сэрцайкі пранікліся смуткам і болем пры праслухоўванні музычных кампазіцый “Священная война”, “Алёша”, “Бухенвальдский набат”, “День Победы”. Першакласнікі чыталі на памяць вершы пра вайну, пра свята Перамогі. Хвілінай маўчання і запаленымі свечкамі ў памяць аб загінуўшых і ў знак удзячнасці тым, хто выжыў, скончылася наша інфармацыйная гадзіна. Пасля мы з выхаванцамі ўсклалі кветкі да памятнага валуна “Вечная слава героям”, устаноўленага на тэрыторыі нашай школы да 70-годдзя Вялікай Перамогі.
На мой погляд, менавіта такія мерапрыемствы і менавіта ў такім узросце найбольш змястоўныя і эфектыўныя ў патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення.
70 гадоў прайшло з дня заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Але і да гэтага часу пякучым болем адгукаецца найцяжэйшая з войнаў у сэрцы кожнага чалавека. Мы не павінны забываць пра жахі вайны, смерць і пакуты мільёнаў людзей. Помніць аб вайне, гераізме і мужнасці тых, хто змагаўся з ворагам і выратаваў ад фашысцкага нашэсця Радзіму, — гэта значыць змагацца за мір. Гэта абавязак усіх, хто жыве на зямлі.

Алена ІВАНЦОВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Клімавіч.