Свабода творчай энергіі

Тэатр у навучальнай установе не такая ўжо рэдкасць. У Мінскай вобласці толькі са званнем “узорны” ў гімназіях і школах працуюць 7 тэатральных калектываў. Чаму ў школах узнікаюць тэатры? Прычын шмат. Гэта падымае прэстыж школы. Мудрыя і прадбачлівыя дырэктары падтрымліваюць работу з юнымі тэатраламі, таму што разумеюць, што спектаклі дзіцячых і юнацкіх тэатраў робяць іх установу адукацыі менш афіцыйнай, тэатр дапамагае падтрымліваць агульны творчы дух навучальнай установы.

Гісторыя

Узорны тэатр-студыя “ТэсТ” працуе на базе гімназіі № 10 Маладзечна з 1986 года (тады гэта была сярэдняя школа № 10). За гэты час створана больш за сорак спектакляў, якія паглядзелі 35 тысяч гледачоў. Калектыў удзельнічаў у 16 тэатральных фестывалях розных узроўняў, атрымаў шмат узнагарод. Выпускнікі тэатра — больш за 160 чалавек — выбіраюць розныя прафесіі. Сярод іх ёсць рэжысёры, акцёры, медыкі, юрысты, педагогі, кансультанты па камп’ютарных тэхналогіях, прадстаўнікі іншых прафесій. У жніўні 2013 года споўніцца 20 гадоў з моманту прысваення калектыву звання “ўзорны”. Усяго калектыву 27 гадоў. Зарадзіліся ж тэатральныя традыцыі ў нашай установе яшчэ раней, у 1973 годзе, і звязана гэта з імем настаўніцы рускай мовы і літаратуры Веры Генадзьеўны Шанько, якая доўгі час кіравала школьным тэатрам і выхавала цэлую плеяду творчых людзей.
Ужо некалькі гадоў старшая група ТэсТа працуе над праектамі “Асоба майстра на фоне МХК”. У 2009 годзе ў рамках Міжнароднага польска-беларускага праекта быў пастаўлены літаратурны спектакль “На крылах музыкі” пра жыццё і творчасць кампазітара Яна Тарасевіча. Потым былі “Жаніхі” па п’есе М.В.Гогаля. Рамантычная фантазія “Пастскрыптум, ці Працяг будзе?” была створана па матывах твораў Рэя Брэдберы. Сёлета нарадзіўся спектакль па апавяданнях А.П.Чэхава “Ідылія: на жаль ці ах?”.

Сучаснасць

“27-мы тэатральны сезон быў багаты на падзеі. Мы парадавалі ўсіх нашых гледачоў — ад малога да вялікага. Адкрыла сезон у пачатку кастрычніка прэм’ера спектакля для малодшых школьнікаў “Фараон Кузя” па п’есе Ларысы Цітовай і Аляксандра Стараторжскага.
Малодшая група тэатра працягнула паказы для малышоў вясёлых, дасціпных і вельмі павучальных сцэнічных мініяцюр “Каралеўскія гісторыі” па вершах Алана Мілна і Рымы Алдонінай. За гэты спектакль дзеці ўзнагароджаны дыпломам ІІ ступені рэспубліканскага конкурсу дзіцячых тэатральных калектываў “Тэатр юнага гледача “Зубраня” (рэжысёр А.Г.Баштык).
Камедыя “Вясёлы Роджар” па п’есе Даміра Салімзянава стварыла навагодні настрой у пачатку снежня. Гэты спектакль аказаўся цікавым гледачам усіх узростаў. Цікава і разнастайна працавалі дзеці сярэдняй групы тэатра пад кіраўніцтвам Л.Г.Рошчынай са спектаклямі па вершах і байках дзіцячых паэтаў.
Напрыканцы сакавіка старшая група тэатра прыняла ўдзел у ІХ адкрытым абласным фестывалі дзіцячай тэатральнай творчасці “Чароўны куфэрак”, дзе ў чарговы раз пацвердзіла званне “ўзорны” іранічнай камедыяй “Ідылія: на жаль ці ах?” па творах Антона Чэхава (рэжысёр Т.І.Бабей). Журы фестывалю адзначыла яркае ўвасабленне класічнага матэрыялу.

Каманда

Заняткі ў тэатры ў нас вельмі запатрабаваныя. У тэатры зараз 5 груп юных артыстаў рознага ўзросту. Усяго ўдзельнікаў тэатральных калектываў больш за 60 чалавек. Гэта навучэнцы 2 — 11 класаў.
З дзецьмі працуюць тры рэжысёры: Таццяна Бабей, Людміла Рошчына, Алена Баштык. Мастак-пастаноўшчык Маіна Барысаўна Талпыга імкнецца да стварэння і ўвасаблення яркіх мастацкіх рашэнняў спектакляў; з выдумкай стварае касцюмы Святлана Вільгусаўна Савіцкая. Педагог па фітнесе Эліна Валер’еўна Дзмітрыева працуе над выхаваннем свабоды руху і пачуцця прасторы ўдзельнікаў калектыву. Алена Аляксандраўна Рахмангулава дапамагае вырашэнню рэжысёрскіх задач праз пластыку; старанна працуюць над музычным рашэннем спектакляў Святлана Міхайлаўна Кісялёва і канцэртмайстар Аксана Юр’еўна Ганчарук.
Радасна, што ў нашай творчасці нам дапамагаюць нашы выпускнікі. Дзеці з задавальненнем наведваюць майстар-класы па сучаснай харэаграфіі Вары Бабей, а Віка Ігнаценка на працягу цэлага тэатральнага сезона праводзіла заняткі па кантактнай імправізацыі.

Традыцыі

Тэатр — мастацтва калектыўнае, таму ўсё тут пачынаецца са стварэння ўласна калектыву, фарміравання духу сяброўства, узаемадапамогі, пачуцця партнёра.
Некалькі гадоў назад у нашым тэатры нарадзілася традыцыя ўручаць на развітанне сваім выпускнікам памятныя знакі “Крылы Куліс” і дыпломы з адзнакай “Залатое Крыло Кулісы”. Аўтарам ідэі і галоўным распрацоўшчыкам стаў тады дзесяцікласнік Дзмітрый Сітнік, зараз выпускнік Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, музычны рэдактар Альфа Радыё, гукарэжысёр Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра і групы PROSSPEKT.
Развіццю самастойнасці ў творчасці дапамагае арганізацыя і правядзенне выпускных тэатральных капуснікаў. У 2012 годзе гэта была праграма “Сола для тэатра з гледачом”, у 2013 годзе — “Тэатр спявае, танцуе, жартуе”.
Традыцыя правядзення тэатральных капуснікаў падтрымліваецца перш за ўсё бацькамі ўдзельнікаў, бо гэта своеасаблівыя справаздачы пра тое, чаму навучыліся мы ў чарговым навучальным тэатральным годзе.

Гледачы

Пагадзіцеся, пра тэатральнага гледача пішуць рэдка. Мы ж любім свайго гледача і з нецярпеннем чакаем кожнай новай сустрэчы з ім, таму што без яго няма спектакля.
Пераканаўчым доказам нашых уважлівых і трапяткіх адносін да гледача з’яўляецца сістэма работы па падрыхтоўцы ўспрымання нашых спектакляў гледачом. Мы зацікаўлены ў чулым і граматным гледачы, які стане нашым аднадумцам.
Таму мы праводзім так званыя ўрокі для гледачоў, сустрэчы напярэдадні прагляду спектакляў. На іх мы расказваем аб працэсе работы над пастаноўкай, а малодшых гледачоў знаёмім з азбукай тэатральнага мастацтва. Гэта спрыяе больш глыбокаму разуменню і яркаму эмацыянальнаму ўспрыманню спектакляў.
Узорны тэатр-студыя “ТэсТ” за сезон дорыць гледачам ад 4 да 6 прэм’ер, а гэта каля 30 паказаў. Гэта, вядома, шмат, але сутнасць не ў лічбах, а ў тым, што ў нас ёсць свой глядач, які нас чакае, таму работа над новымі спектаклямі набывае асаблівы сэнс, а кожнаму з удзельнікаў дапамагае адчуць гэтае шчасце індывідуальнага ажыццяўлення.

Таццяна БАБЕЙ,
рэжысёр-пастаноўшчык узорнага тэатра-студыі “ТэсТ”, настаўніца акцёрскага майстэрства гімназіі № 10 Маладзечна.