Сустрэча з традыцыяй

Нядаўна ў гімназіі № 1 Горак адбылася незвычайная сустрэча. Па запрашэнні аўтара гэтых радкоў і пры садзейнічанні першага сакратара Горацкага раённага камітэта ГА “БРСМ” К.Н.Гнедзянковай з мэтай вывучэння традыцыйнага беларускага роспісу ў нашай установе адукацыі пабывала група студэнтаў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі з Туркменістана.

Азнаёміўшыся з традыцыйнымі відамі роспісу на Беларусі, у тым ліку з роспісам куфра, замежныя студэнты зацікавіліся звычаем прыносіць фарбаваныя курыныя яйкі на магілы ў дзень памінання продкаў — Радаўніцу. Яйка шанавалі многія народы свету як сімвал жыцця, абярэг роду, яно служыла эмблемай сватаўства. У беларусаў іх называюць пісанкамі, крашанкамі, драпанкамі. У чэхаў — красліцы, у балгар — пісаныя яйкі. Па праваслаўных паняццях, людзі, прыходзячы на магілы, з дапамогай яйка дзеляцца радасцю Уваскрэсення Госпада, у надзеі ўваскрэсення і нашых памерлых.
Мерапрыемствам з удзелам туркменскіх студэнтаў прадугледжвалася не толькі гутарка, але і практычная частка — выраб паштовак з размаляванай сімволікай і саміх маляванак. Любая пісанка была заклікана дапамагчы ўсякай душы здабыць сваю палову (нездарма нашы продкі ўяўлялі сям’ю ў выглядзе яйка). Адна палова — муж, другая — жонка. Верхняя завужаная частка яйка называлася сонцам, а ніжняя — месяцам. Майстрыхі рабілі такія надпісы на яйках: “Два сэрца — адзін дух”, “Няма ружы без шыпоў, няма любові без болю”, “Яечка малое, ды вялікая ласка”. Я для студэнтаў з Туркменістана дала майстар-клас па роспісе яек воскам на аснове “шпількі”. Сутнасць гэтага прыёму ў тым, што цвічок мачылі ў расплаўлены воск і на паверхню яйка наносілі кропку або выцягнутую кропельку. Гэтыя два элементы і складалі аснову дэкору. Можна прыдумаць незлічонае мноства варыянтаў і спалучэнняў, бо ні адзін з іх у майстроў не паўтараўся. У даўніну ўзор наносілі шпількай, запалкай, цвічком, саломінкай, гусіным пяром, самаробным пэндзлем. А сама тэхніка роспісу геніяльна простая — растопленым воскам нанесці ўзор на яйка, даць высахнуць. Пакласці ў раствор з фарбай і воцатам на 20 — 30 хвілін, акуратна выцягнуць яйка. Выдаліць воск з яйка над палаючай свечкай і выцерці чыстай анучкай.
Падчас работы студэнты аддалі перавагу элементам прыроды — у асноўным былі намаляваны сімвалы сонца, кветкі, трава, рака, дарога. Усе работы былі зроблены старанна і акуратна, што адпавядае народнай традыцыі. Лічылася, што непрыгожае, неахайна распісанае яйка чароўнай сілы не мае. Работы атрымаліся нават у тых, хто да гэтага часу не меў навыкаў ні малявання, ні роспісу. Такое бывае, калі работа робіцца з душой.

Ала АЎРАМЕНКА,
выкладчык выяўленчага мастацтва гімназіі № 1 Горак.