Суправаджаць — значыць ісці разам, дапамагаць і быць побач

Цьютар — педагог-настаўнік, які забяспечвае сацыяльна-педагагічнае суправаджэнне навучэнцаў пры выбары і праходжанні імі індывідуальных адукацыйных траекторый. Цьютар суправаджае працэс асваення новай дзейнасці. Цьютар — гэта педагог, які дзейнічае па прынцыпе індывідуалізацыі і суправаджае пабудову навучэнцам сваёй індывідуальнай адукацыйнай праграмы.

Загараецца святло ў вокнах нашай гімназіі. Сцішваецца шум дзіцячых галасоў, я спяшаюся дадому. З гімназіі выходзяць навучэнцы: хто парамі, а хто групамі, нешта шумна абмяркоўваюць паміж сабой. У адной з такіх пар і я штосьці прадумана расказваю, заўважаючы, як Ліза ўважліва мяне слухае. Не, я не вучаніца, я метадыст гімназіі цьютар Наталля Браніславаўна Івашка, а Лізавета Міхалап, навучэнка 10 “А” класа, — мой цьютарант.
Цьютар. У гэтым замежным паняцці я бачу велізарную адказнасць. Сёння паступова мяняецца спосаб арганізацыі вучэбнай дзейнасці: засваенне вучэбнага матэрыялу пры дапамозе рэпрадуктыўнага метаду мяняецца на прадукцыйны — творчы спосаб, у цэнтры якога знаходзіцца навучэнец. Хочацца адзначыць, што арганізацыя цьютарскага суправаджэння праз даследчую дзейнасць выклікала значныя змены ў звыклай рабоце. Працуючы з цьютарантам, мне неабходна дапамагчы яму, ператвараючы яго з крыніцы інфармацыі ў правадніка па інфармацыйнай прасторы. У ходзе нашых сустрэч я накіроўваю свайго цьютаранта да рэсурсаў інтэрнэту, арганізоўваючы даследчую дзейнасць, арыентую на паглыблены пошук інфармацыі, дапамагаю ацэньваць надзейнасць розных інфармацыйных крыніц, а таксама ўменне канспектаваць вучэбныя матэрыялы, разам абмяркоўваць іх. Менавіта ў аснове даследчай дзейнасці ляжыць развіццё пазнавальных, творчых навыкаў, а таксама крытычнага мыслення. Цьютарант самастойна канструюе свае веды, арыентуецца ў інфармацыйнай прасторы. У ходзе работы над тэмай даследавання ў цьютаранта праяўляецца высокі ўзровень пазнавальнай актыўнасці, а мая задача як цьютара — сачыць за поспехамі цьютаранта, яго дзейнасцю і якасцю работы, дапамагаць вырашаць цяжкасці, якія ўзнікаюць. Мне здаецца, што мэта цьютара не проста навучыць, а навучыць вучыцца, навучыць даследаваць.
Не абыходзіцца і без дасягненняў. Толькі ў бягучым навучальным годзе мой цьютарант Лізавета Міхалап стала ўдзельніцай Міжнароднага конкурсу “Чароўнае слова”, удзельніцай дыстанцыйнага конкурсу па рускай мове “Лепшы вынік”, атрымала дыплом ІІ ступені раённага этапу алімпіяды “Расія і Беларусь: духоўная і гістарычная еднасць”, дыплом І ступені спецыяльнага нумара “Пілот” часопіса “Маладосць”, удзельнічала ў раённай алімпіядзе па рускай мове. Сёлета мы працавалі над даследчай тэмай “Ручнікі на прыдарожных крыжах у традыцыях беларускага народа”. Наша работа была высока адзначана на гімназічным фестывалі даследчых работ і рэкамендавана на раённы конкурс “Пад знакам ХХІ стагоддзя”.
Я педагог, я цьютар… Стараюся адысці ад гатовых рашэнняў і адказаў, якія не стымулююць навучэнцаў да самастойнага мыслення, да актыўнай пошукавай дзейнасці. Я разумею, што для паспяховай сацыяльнай і гуманітарнай адаптацыі выпускніка гімназіі ў сучасным грамадстве стандартнага набору агульнавучэбных уменняў і навыкаў недастаткова, таму арганізацыя даследчай дзейнасці праз цьютарскае суправаджэнне дазваляе рэалізаваць глыбінную пазнавальную цікавасць навучэнцаў, выхоўвае ў іх даследчыя навыкі і фарміруе ўменні, якія ім сапраўды спатрэбяцца ў будучым жыцці:

• аналіз і адбор інфармацыі;
• пастаноўка мэт і задач;
• вызначэнне рэсурсаў і дэфіцытаў;
• аналіз рызыкі пры ажыццяўленні дзейнасці;
• складанне карт поспеху, праграм;
• пастаноўка пытанняў і вядзенне дыскусій;
• рэфлексія.

Цьютарства ў нашай гімназіі носіць публічны характар. Усе падзеі, звязаныя з цьютарскім суправаджэннем, адлюстроўваюцца на гімназічным сайце, інфармацыйным стэндзе. На прэзентацыйныя даследчыя мерапрыемствы цьютарантаў запрашаюцца ўсе жадаючыя — навучэнцы і педагогі. Цьютарскае суправаджэнне праз даследчую дзейнасць садзейнічае ўкараненню індывідуалізацыі адукацыі, выбару навучэнцамі вобраза і шляху. Цьютарскае суправаджэнне разгортваецца ў выглядзе адзінага цыкла ўзаемазвязаных этапаў: дыягнастычнага, матывацыйнага, мэтавызначальнага, праектнага, рэалізацыйнага, аналітычнага, кожны з якіх мае сваю спецыфіку і прадугледжвае пэўныя спосабы работы цьютара і навучэнца. Немалаважная ўмова, якая забяспечвае эфектыўнасць цьютарскага суправаджэння прафесійнага самавызначэння навучэнцаў ІІ і ІІІ ступені адукацыі, — гэта пашырэнне адукацыйнай прасторы навучэнца. Такім чынам, цьютарства ў даследчай дзейнасці — гэта форма, якая дапамагае цьютаранту арыентавацца ў багатым адукацыйным асяроддзі, знаходзіць і выкарыстоўваць рэсурсы, неабходныя для пабудовы і рэалізацыі паспяховай вучэбнай і даследчай дзейнасці.

Наталля ІВАШКА,
метадыст гімназіі № 3 Салігорска.