Сумясціць прыемнае з карысным

Будатрад летам — гэта тое, што навучэнцы Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа называюць “сумясціць прыемнае з карысным”.

Сёлета ў каледжы былі сфарміраваны 4 студэнцкія атрады — сапраўдная працоўная армія!
На пытанне “Чаму ў будатрад? Няўжо летам не хочацца проста адпачыць?” адказы атрымліваю самыя розныя: “Хачу сам зарабіць на камп’ютар”, “Сумна ўсё лета нічога не рабіць”, “Мужчына павінен зарабляць, хачу дапамагчы маме”, “Навучуся нешта рабіць — у жыцці спатрэбіцца”. Самы нечаканы адказ: “З сябрам паспрачаўся, ён казаў, што я слабак і не вытрымаю”.
Працуюць атрады электратэхнічнага каледжа ў самых розных мясцінах. Будатрад імя Д.Б.Маматава працаваў у Бялыніцкім раёне, студэнты дапамагалі на будаўніцтве малочнатаварнай фермы СВК “Лебядзянка”. Камандзір атрада Андрэй Магераў прызнаецца: было нялёгка, але цікава, сёй-той нават ад’язджаць не хацеў. Усё, што планавалі, зрабілі, зарабілі нядрэнна (за добрую работу і плацяць добра). Падзячнае пісьмо старшыні Бялыніцкага райвыканкама А.Н.Вароніна пацвярджае — працавалі хлопцы сумленна.
Валанцёрскі атрад каледжа таксама не сядзеў без справы: студэнты прыводзілі ў парадак тэрыторыю каля вучэбных карпусоў, займаліся рамонтам інтэрната. Ні гарачыня, ні дажджы ім перашкодай не былі, вось ужо нездарма валанцёры назвалі свой атрад “Працаголікі”.
У ДУА “МПЭК” ёсць шматгадовая традыцыя: разам з пярвічнай арганізацыяй БРСМ ствараць экалагічныя студэнцкія атрады. Атрад імя П.Бабенкі ўвесь ліпень працаваў пры ЖРЭУ Ленінскага раёна Магілёва, а атрад “Эколаг-1” — пры МДКУП “Гарводаканал”. Старанным і добрасумленным памочнікам там заўсёды рады, чаго граху таіць — рабочых рук не хапае.
Электратэхаўцы не прывыклі адмаўляцца ад работы: і зямлю раўнавалі, і пясок пераносілі, і хмызнякі непатрэбныя выразалі. Давялося нават навучыцца дровы секчы і касіць! Камандзір “Эколага-1” Павел Індзевіч пажартаваў, што цяпер можна і ў вёску сватацца — усё ўмеюць! Заробак, дарэчы, у экалагічных атрадах таксама вельмі добры, нехта зарабіў на смартфон, нехта на адзенне і нават адпачынак каля мора (дарэчы, загар у будатрадаўцаў нават лепшы, чым у тых, хто днямі ляжаў на пляжы).
Добрыя працоўныя традыцыі прынята захоўваць — і новае лета зноў пакліча ў студэнцкія атрады электратэхнічнага каледжа кемлівых і ўмелых юнакоў. “Сядзець без справы ў нас не прынята”, — усміхаецца намеснік камандзіра “Эколага” Улад Галезнік.

Алена ЗУБКОВА,
педагог дадатковай адукацыі Магілёўскага электратэхнічнага каледжа.