Ствары свой брэнд

Перад многімі настаўнікамі нярэдка паўстае пытанне: як дапамагчы навучэнцам карысна арганізаваць вольны час у шосты дзень школьнага тыдня? Бо выхаваўчая работа для суботы — гэта найперш заняткі спортам, мастацкай і тэхнічнай творчасцю, удзел у розных гуртках вялікай колькасці навучэнцаў. А гэта патрабуе ад педагогаў удумлівай, шматпланавай работы па асноўных кірунках дзейнасці.

Каб знайсці калектыўны адказ на гэтае і іншыя пытанні, адзін раз на два гады праводзіцца рэспубліканскі конкурс на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня. У Гродзенскай вобласці завяршыўся абласны этап конкурсу, падчас якога адабраны тры праекты для заключнага этапу.
Мэта конкурсу — удасканаленне працы па арганізацыі шостага школьнага дня ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Конкурс дае магчымасць выявіць і шырока распаўсюдзіць лепшы вопыт педагагічных калектываў, а таксама распрацаваць інавацыйныя мадэлі выхаваўчага працэсу і павысіць творчую актыўнасць педагогаў.
Згодна з палажэннем, конкурс праводзіўся ў пяці намінацыях: “Гадуем патрыётаў Беларусі!”, “Здароўе — гэта выдатна!”, “Лепшая творчая ідэя арганізацыі шостага школьнага дня”, “Лепшы інавацыйны праект” і “Ствары свой брэнд”.
Ад устаноў адукацыі ўсіх раёнаў вобласці былі прадстаўлены цікавыя праекты. У кожнай з намінацый вызначылі пераможцаў, але толькі тры ўстановы выйшлі ў фінал. Лепшымі ў намінацыі “Лепшы інавацыйны праект” сталі — сярэдняя школа № 1 Смаргоні з праектам “Мы многае зможам, калі будзем разам!” (аўтар А.А.Коваль); Ёдкаўская сярэдняя школа Лідскага раёна ў намінацыі “Гадуем патрыётаў Беларусі!” з праектам “Ля вытокаў ёдкаўскіх крыніц” (аўтар Т.А.Марцэвіч); Воранаўская сярэдняя школа ў намінацыі “Лепшая творчая ідэя арганізацыі шостага школьнага дня” з праектам “Мой пасёлак: знаёмы незнаёмец” (аўтар вучань 11“Б” класа Руслан Зубель, кіраўнік М.В.Літоўчык).
На рэспубліканскі этап адбіраліся тыя праекты, дзе выразна прасочваецца выкарыстанне эфектыўных методык, сацыяльная і практычная іх значнасць. Смаргонская школа прадставіла праект сямейнай суботы. Ён пабудаваны на ідэі ўзаемадзеяння вучняў, бацькоў і педагогаў. Галоўная акрэсленая праблема — роля далучэння бацькоў да выхаваўчага працэсу школы. Таму педагагічным калектывам быў распрацаваны шэраг мерапрыемстваў, скіраваных на аб’яднанне сіл установы адукацыі і бацькоў, для фарміравання выхаваўчай прасторы. Але галоўная асаблівасць праекта — стварэнне агульнай гульнявой прасторы дзяцей і дарослых. Менавіта праз удзел у педагагічных гульнях ажыццяўляецца псіхолага-педагагічная асвета бацькоў, павышаецца іх кампетэнтнасць. Дзякуючы выкарыстанню гульні, павялічваецца актыўнасць дарослых у выхаваўчых мерапрыемствах школы: і бацькі, і дзеці імкнуцца да ўзаемапаразумення і сумеснай дзейнасці ў вольны час.
Для кожнага суботняга мерапрыемства выкарыстоўваюцца разнастайныя інтэрактыўныя формы. Напрыклад, кейс-студыі, адкрыты мікрафон, дрэва рашэнняў. Прапануюцца арганізацыйна-дзейсныя і ролевыя гульні, творчыя лабараторыі, педагагічная майстэрня, урокі для бацькі і маці, фальклорныя вячоркі, бацькоўска-настаўніцкі капуснік, дзень падзякі, дзень рэкордаў і інш. Напрыканцы кожнага этапу праекта абавязкова праводзіцца аналіз дзейнасці, каб выявіць найбольш запатрабаваныя формы сумеснай работы.

Калектыў Ёдкаўскай школы Лідскага раёна ў сваім праекце зрабіў акцэнт на аб’яднанні намаганняў мясцовага супольніцтва па захаванні традыцый і звычаяў роднай вёскі. Галоўная мэта — не проста расказаць школьнікам пра тое ці іншае рамяство, а навучыць яго асновам, паказаць на практыцы. А для гэтага патрэбна прадукцыйная сумесная дзейнасць моладзі і дарослых жыхароў вёскі па распрацоўцы стратэгіі зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Ёдак. Для ажыццяўлення задуманага створана ініцыятыўная група жыхароў вёскі, спецыялістаў устаноў культуры, настаўнікаў і дзяцей. Акрамя таго, важна адзначыць, што ў рэалізацыі праекта зацікаўлены партнёры. Напрыклад, аддзел адукацыі, спорту і турызму Лідскага райвыканкама, раённы Цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры, Лідскі РЦТДіМ і Лідскі гісторыка-мастацкі музей ажыццяўляюць інфармацыйную, навукова-метадычную і арганізацыйна-практычную падтрымку. Траццякоўскі сельскі выканаўчы камітэт як асноўны партнёр прымае ўдзел у сумесным фінансаванні мерапрыемстваў. Ёдкаўскі СДК — суарганізатар майстар-класаў, свят, фестываляў.
Праект “Ля вытокаў ёдкаўскіх крыніц” ужо рэалізуецца з 2011 года. Ён мае два асноўныя напрамкі: “На ёдкаўскім падворку” (навучанне мясцовым рамёствам — ткацтву, вышыўцы, лозапляценню, прыгатаванню ежы, вэнджанню) і “Ёдкаўскіх крыніц пачатак” (удзел у мясцовых святах, абрадах, гульнях). Запланаваныя мерапрыемствы, на думку педагагічнага калектыву, прывядуць да росту ўзроўню сацыяльных, даследчых кампетэнцый вучняў, а таксама павысяць якасць выхавання. Галоўнае — родная мясцовасць стане больш прывабнай не толькі для яе жыхароў, але і для наведвальнікаў.

Незвычайны наватарскі праект “Мой пасёлак: знаёмы незнаёмец” прэзентаваў вучань Воранаўскай сярэдняй школы Руслан Зубель. Гэта займальная краязнаўчая гульня. За аснову ўзяты стрыт-мерапрыемствы ў стылі экстрым, дакладней кажучы — сіці-стайл (арыентаванне па горадзе). Асноўная мэта праекта — вывучэнне гісторыі пасёлка, фарміраванне ў падлеткаў патрыятызму.
Для гульні неабходна сабраць каманду ад 5 да 10 чалавек. Па горадзе ствараюцца кантрольныя пункты, якія трэба знайсці, і даказаць гэта фотаздымкам группы. Шлях да кропак зашыфраваны ў місіях. А місіі ў сваю чаргу складаюцца з гісторый і легенд горада, часам напісаныя іншасказальна. На працягу ўсёй гульні ўдзельнікі атрымліваюць заданні на тэлефоны ці планшэты праз інтэрнэт. Гэта яшчэ адна асаблівасць такога навучальнага працэсу — актыўнае выкарыстанне інавацыйных тэхналогій. Усе заданні па арыентаванні датычацца гісторыі роднага краю. Вучні нібы самі праводзяць гістарычнае даследаванне. А галоўнае, што самастойна вывучаюць гісторыю і культуру свайго пасёлка, фармулююць і затым рэалізоўваюць свае ініцыятывы, звязаныя з практычнай работай па ахове помнікаў і добраўпарадкаванні пасёлка.
Каб рэалізаваць гэты праект, патрэбны і арганізатарскі складнік. Юнак падзяліў праект на некалькі этапаў. На першым, падрыхтоўчым этапе, трэба стварыць спецыяльную групу, якая і будзе складаць місіі. Сюды будуць уваходзіць, акрамя навучэнцаў, настаўнікі гісторыі і мясцовыя краязнаўцы. Другая ступень — інфармацыйная. Трэба расказаць правілы і зацікавіць вучняў гульнёй. Трэці этап — рэалізацыя, правядзенне гульні. І напрыканцы — падвядзенне вынікаў, вырашэнне жыццяздольнасці праекта.
Рэгіянальны этап конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня скончыўся 23 верасня. Заключны этап адбудзецца сёлета ва ўстанове адукацыі “Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня” 6 — 8 лістапада.

Антаніна ЖВІРЫДОЎСКАЯ.
Фота з сайта школы.