Ствараць дзень радасці і шчасця

Выхавальнік не толькі прафесія, гэта высокая місія, прызначэнне якой у стварэнні асобы, зацвярджэнні чалавечага ў чалавеку. Дзякуючы майстэрству выхавальніка, кожнае наведванне ўстановы дашкольнай адукацыі ператвараецца для дзіцяці ў дзень радасці і шчасця.

Усяго ў Аршанскім раёне працуе 54 дашкольныя ўстановы і 14 вучэбна-педагагічных комплексаў “дзіцячы сад — школа”, у якіх выхоўваецца больш за 7000 дзяцей дашкольнага ўзросту. Займаюцца з імі на працягу дня 1000 розных спецыялістаў і выхавальнікаў. Мы, педагогі, укладваем шмат сіл і энергіі ў развіццё маленькага чалавека, клапоцімся пра дабрабыт кожнага хлопчыка і дзяўчынкі.
Дабрыня і педагагічнае майстэрства дапамагаюць выхоўваць выдатных людзей. Каб зразумець малога, чамусьці навучыць яго, трэба вельмі шмат ведаць, умець і разумець. На Аршаншчыне пакуль яшчэ назіраецца недахоп педагогаў са спецыяльнай дашкольнай адукацыяй, таму пытанням павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў і атрымання імі дашкольнай адукацыі надаецца прыярытэтнае значэнне. На сёння побач з традыцыйным навучаннем на базе ўніверсітэтаў у рэгіёнах з’явіліся разнастайныя дадатковыя формы перападрыхтоўкі. Па ініцыятыве начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама Андрэя Загурскага наш раён наладзіў цеснае ўзаемадзеянне з Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П.М.Машэрава. У сакавіку 2013 года на базе Аршанскага каледжа ВДУ пачалося навучанне па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” педагогаў дашкольных устаноў Оршы і Аршанскага раёна. Курс разлічаны на два гады навучання. Адукацыйны працэс курыравалі дэкан факультэта перападрыхтоўкі кадраў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Алена Тогулева і начальнік вучэбна-метадычнага аддзела Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў ВДУ імя П.М.Машэрава Вольга Канопліч, а непасрэдна на базе каледжа — намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Суднічэнка і метадыст аддзела адукацыі Алена Ігнатковіч.
Вучобу распачалі 19 слухачоў, падрыхтоўка якіх праходзіла па шэрагу дысцыплін, у тым ліку такіх як “Дашкольная педагогіка”, “Псіхалогія ранняга і дашкольнага ўзросту”, методыкі дашкольнай адукацыі. “Дашкольная педагогіка” з’яўляецца адной з прафiлюючых у сістэме падрыхтоўкі па спецыяльнасці. Заняткі па гэтай дысцыпліне праводзіла вопытны педагог і мудры настаўнік Надзея Вятрова, якая ў сваёй рабоце абапіралася на практыка-арыентаваныя тэхналогіі. Вялікая колькасць вучэбных гадзін адводзілася вывучэнню методык дашкольнай адукацыі. Найбольш ярка і запамінальна прайшлі заняткі па дысцыпліне “Тэорыя і методыка азнаямлення дзяцей дашкольнага ўзросту з прыродай” пад кіраўніцтвам педагога вышэйшай катэгорыі Аршанскага педкаледжа Тамары Данілевіч. Кожны ўрок гэтага настаўніка — адкрыццё новага. Тамара Аляксандраўна выдатна ведае свой прадмет, актыўна выкарыстоўвае інтэрактыўныя тэхналогіі і можа зацікавіць любога слухача. Нашу ўвагу Тамара Аляксандраўна звяртала на экалагічнае выхаванне дзяцей дашкольнага ўзросту, фарміраванне беражлівых адносін да прыроды. Былі арганізаваны экскурсіі ў экалагічны цэнтр, на аснове якіх слухачы распрацоўвалі канспекты з выкарыстаннем мультымедыйных прэзентацый.
Унікальную ролю ў станаўленні асобы чалавека адыгрывае родная мова. Дзякуючы заняткам кандыдата псіхалагічных навук дацэнта кафедры карэкцыйнай работы ВДУ імя П.М.Машэрава Святланы Лауткінай, мы папоўнілі веды па пытаннях лексічнага, граматычнага, гукавога аспекту маўлення. Спакойны, ураўнаважаны педагог адразу заваявала аўтарытэт сярод слухачоў, а выкарыстанне нетрадыцыйных прыёмаў — такіх як работа па мнематабліцах, нагляднае мадэляванне, каменціраванае маляванне — рабіла кожныя заняткі запамінальнымі і цікавымі. Сумесная мэтанакіраваная работа на тэарэтычных і практычных занятках па псіхалогіі ранняга і дашкольнага ўзросту, педагагічнай дыягностыцы праходзіла пад кіраўніцтвам намесніка дэкана факультэта фізічнай культуры і спорту, магістра псіхалогіі Ганны Ганковіч і загадчыка кафедры сацыяльна-эканамічных і гуманітарных дысцыплін ІПК і ПК ВДУ імя П.М.Машэрава Наталлі Кухтовай. Выкладчыкі звярнулі нашу ўвагу на выкарыстанне інавацыйных падыходаў да навучання дзяцей дашкольнага ўзросту. Прымяненне практычных навыкаў ажыццяўлялася падчас практычных, семінарскіх і лабараторных заняткаў у дзіцячых садах Оршы.
У студзені наша група завяршыла навучанне. Набытыя веды, уменні і навыкі рэалізоўваем на працоўных месцах, аказваем навукова-метадычную дапамогу калегам і выказваем вялікую ўдзячнасць усім, хто прымаў удзел у нашым навучанні, жадаем ім творчых поспехаў, здзяйснення самых неверагодных планаў і праектаў. Дарэчы, сёлета будзе ажыццяўляцца дадатковы набор на перападрыхтоўку для асоб, якія маюць вышэйшую адукацыю, па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”. Калі вы любіце дзяцей, калі вы чалавек творчы, не абыякавы да прафесіі выхавальніка і жадаеце працаваць у дзіцячым садзе — абавязкова выкарыстайце магчымасць атрымаць вышэйшую дашкольную адукацыю ў родным горадзе!

Юлія БАТУРА,
Алена ІГНАТКОВІЧ.