Ствараем сучасныя сюжэтна–ролевыя гульні

Гульня займае важнае месца ў развіцці і самарэалізацыі дзяцей, пазнанні навакольнага свету, калі яны яшчэ не асвоілі словы і не ўсвядомілі сацыяльныя ролі і правілы. Падчас настольных, рухавых і камп’ютарных гульняў у хлопчыкаў і дзяўчынак развіваюцца мысленне, памяць, логіка, спрытнасць, уважлівасць і многія іншыя карысныя якасці. Тым не менш менавіта сюжэтна-ролевыя гульні дапамагаюць дзецям увайсці ў свет дарослых, засвоіць узоры паводзін і формы адносін, сацыяльныя нормы і каштоўнасці, веды і ўменні, якія дазволяць паспяхова жыць у грамадстве.

Цяжка пераацаніць значэнне сюжэтна-ролевых гульняў і для падрыхтоўкі дзяцей да навучання ў школе. Псіхолагі лічаць, што гуляць у сумесныя гульні з правіламі вельмі важна, бо яны становяцца для дзяцей сродкам зносін з іншымі. Гульнявыя сітуацыі і правілы ляжаць у аснове пісьма і чытання, паняційнага мыслення. Несфарміраванасць гульнявых здольнасцей — прычына многіх праблем у асобасным развіцці: інфантылізму, канфліктнасці, псіхалагічнай адчужанасці і інш.

Сучасныя бацькі і дзеці жывуць у дынамічным свеце, дзе вельмі мала часу застаецца для зносін адно з адным, сумесных заняткаў, гульняў і інш. Дваровыя зносіны не адыгрываюць ужо ранейшай ролі. У многіх сем’ях дзіця з’яўляецца адзіным, з-за чаго адчувае дэфіцыт зносін са старэйшымі дзецьмі. Таму вельмі важна, каб побач з дзецьмі знаходзіліся клапатлівыя, добразычлівыя і творчыя педагогі, здольныя наладжваць гульнявую дзейнасць і гуляць з выхаванцамі як раўнапраўныя партнёры.

Паколькі гульні носяць сацыяльны характар, іх сюжэты мяняюцца разам са зменамі ў грамадстве. Сучасны рытм жыцця, вялікая колькасць інфармацыі, змена дзейнасці прадстаўнікоў розных прафесій і новыя сацыяльныя з’явы прывялі да таго, што змест сюжэтна-ролевых гульняў не паспявае за рэальнымі ўмовамі, што значна збядняе жыццё сённяшніх дашкольнікаў. Наспела вострая неабходнасць пошуку і распрацоўкі метадычнага суправаджэння новых сучасных тэм і сюжэтных ліній для абагачэння зместу дзіцячых гульняў. Педагогі ўжо не могуць прапаноўваць выхаванцам маральна састарэлыя і сумныя гульні і сюжэты. Выхавальнікі Кобрыншчыны ў рамках раённай творчай майстэрні знаходзяцца ў пошуку сучаснага зместу сюжэтна-ролевых гульняў, які б абагачаў і замацоўваў вопыт дзяцей. Педагогі прааналізавалі рэальны патэнцыял сваіх устаноў і груп, вывучылі сацыяльнае акружэнне, распрацавалі і склалі тэхналагічныя карты (пакрокавыя інструкцыі) па арганізацыі сюжэтна-ролевых гульняў.

Вынікам вялікай работы стаў зборнік з 14 сюжэтна-ролевых гульняў сучаснай тэматыкі з поўным метадычным суправаджэннем і фотаматэрыяламі, аформленымі ў выглядзе прэзентацый. Так, у рамках гульні “Дзіцячае турыстычнае агенцтва “Кобрыншчына” распрацаваны 16 турыстычных маршрутаў, якія дазваляюць лёгка адаптаваць краязнаўчы матэрыял для вучэбна-выхаваўчых задач. У аснове гульні — знаёмства дзяцей з памятнымі мясцінамі Вялікай Айчыннай вайны і ваеннага мінулага роднага горада.

Гульня “Мароз-Сіці” створана на аснове дзіцячай даследчай работы “Дзед Мароз, хто ты?”, пераможцы абласнога і прызёра заключнага этапаў Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ дашкольнікаў. Гульня “Аграсядзіба” адлюстроўвае спецыфіку нацыянальнай культуры і побыту беларускага народа. Гульня “Baby-Палессе” ўяўляе сабой фабрыку пластмасавых цацак, якая паказвае вытворчы працэс сапраўднага прадпрыемства. Гульня “Аквалэнд” далучае выхаванцаў да здаровага ладу жыцця, знаёміць з важным сацыякультурным аб’ектам горада, вучыць цікавым і карысным формам адпачынку. Гульня “Служба выратавання” паказвае алгарытм дзеянняў у розных экстрэмальных сітуацыях. Гульня “Інтэрнэт-магазін “Крош” фарміруе эканамічную дасведчанасць старшых дашкольнікаў. Гульня “Студыя свята” адкрывае магчымасці для арганізацыі культурнага адпачынку, развівае творчы патэнцыял дзяцей, разнявольвае іх. Гульня “Навуковая лабараторыя” дапамагае пазнаць навакольны свет, даследаваць устройства рэчаў, убачыць сувязі паміж з’явамі. Гульня “Тэатр” пагружае ў свет мастацтва, вучыць прыгожаму, раскрывае творчы патэнцыял, знаёміць з прафесіямі людзей, якія працуюць у тэатры. Гульня “Заакомплекс “Айбаліт” паказвае работу сучаснай ветэрынарнай клінікі. Гульня “Мы — журналісты!” пашырае ўяўленні дзяцей пра журналісцкую прафесію. Гульня “Сушы-бар” — гэта новы погляд на культуру харчавання іншых народаў. Гульня “Дзіцячае кніжнае выдавецтва “Малыш” знаёміць дашкольнікаў з такімі прафесіямі, як вярстальшчык, пераплётчык, дызайнер шрыфту, фарміруе кніжную культуру, паказвае этапы выпуску кніг ад паступлення заказу да выдання.

Але адна справа — распрацаваць сучасны гульнявы сюжэт, які ўлічвае вопыт дзяцей і сацыяльную рэчаіснасць, і зусім іншая — зацікавіць гэтай гульнёй дашкольнікаў. Для гэтага неабходны развіццёвае і эмацыянальнае асяроддзе, а таксама адпаведныя гульнявыя атрыбуты. Педагогі Кобрыншчыны не толькі распрацавалі іх да ўсіх сюжэтна-ролевых гульняў, але і правялі майстар-класы для калег.

Ліяна НАВАШЧУК,
выхавальніца ясляў-сада № 9 Кобрына.