Ствараем палітру шостага школьнага дня разам

Ва ўстановах адукацыі, якія знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, выхаваўчая работа ў шосты школьны дзень мае пэўную спецыфіку, якая павінна ўлічвацца педагагічнымі калектывамі. Менш развітая ў параўнанні з горадам сацыякультурная інфраструктура сяла (адсутнасць тэатраў, музеяў, канцэртных і выставачных залаў і інш.) абмяжоўвае спектр забаўляльнай дзейнасці навучэнцаў і абумоўлівае спецыфіку выхаваўчай работы ў гэты дзень.
Пры стварэнні і рэалізацыі ўласнай мадэлі арганізацыі дзейнасці вучняў у шосты школьны дзень перад педагагічным калектывам нашай школы паўстала пытанне: “Якой павінна быць дзейнасць з пункту гледжання яе дастатковасці для таго, каб кожны навучэнец мог знайсці справу па душы?” Не сакрэт, што дзецям падабаецца тая справа, якая ў іх лепш атрымліваецца. Вывучыўшы запыты дзяцей і бацькоў, творчая група з ліку педагогаў і членаў савета старшакласнікаў у жніўні 2014 года распрацавала праект “Палітра шостага школьнага дня”.Мэтай праекта, рэалізацыя якога разлічана на два гады, з’яўляецца арганізацыя дзейнасці ў шосты школьны дзень, накіраваная на развіццё асобы школьніка, стварэнне ўмоў для праяўлення і ўзбагачэння яго ўнутраных сіл, інтарэсаў і здольнасцей. На нашу думку, дасягненне гэтай мэты магчыма праз уцягванне бацькоў і вучняў у арганізаваныя формы вольнага часу ў рамках установы адукацыі, стварэнне ўмоў для дзейнасці дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў, выхаванне здаровага ладу жыцця вучняў, развіццё іх творчых здольнасцей, а таксама арганізацыю дадатковай адукацыі навучэнцаў і бацькоў. Удзел у рэалізацыі гэтага праекта дазваляе ўдасканаліць эфектыўнасць прафілактыкі асацыяльных паводзін дзяцей і моладзі, правапарушэнняў і іншых негатыўных з’яў. Чаканы вынік ад рэалізацыі праекта — сфарміраваная сістэма работы па арганізацыйным напаўненні шостага школьнага дня, якая прадугледжвае максімальны ахоп навучэнцаў.
Згодна з ідэяй праекта, кожны навучэнец — мастак, які размалёўвае свой час па суботах. Кожны колер палітры адпавядае вызначанаму кірунку работы: чырвоны колер — патрыятызм і грамадзянскасць; жоўты — творчасць і талент; зялёны — прырода і экалогія; сіні — інтэлект; блакітны — спорт і здароўе; фіялетавы — праца і прафесійнае самавызначэнне; аранжавы — самапазнанне і рэгуляцыя асобы; ружовы колер — узаемадзеянне.
Прымаючы ўдзел у мерапрыемствах школьнай суботы, кожны навучэнец стварае ўласную палітру, на якую наносіць фарбы ў залежнасці ад кірунку мерапрыемства, у якім ён прымаў удзел. Напрыклад, палітра аднаго з дзён размалявана блакітным, чырвоным, ружовым і жоўтым колерамі, таму што дзіця ўдзельнічала ў рабоце аб’яднання па інтарэсах “Рухавыя гульні”, валанцёрскай акцыі “Сэрца, поўнае любові”, прэзентацыі работы піянерскай дружыны “Гэта наша з табой арганізацыя”, рабоце аб’яднання па інтарэсах “Куфар ідэй”.
Для высокаматываваных навучэнцаў у рамках гэтага праекта настаўнікамі-прадметнікамі і педагогам-арганізатарам распрацаваны міні-праект “Ад поспеху ў школе — да поспеху ў жыцці”, які прадугледжвае работу трох секцый: дакладных навук, гуманітарных навук, развіцця творчых здольнасцей. Творчы праект “Куды ні кінь — усюды фізіка”, распрацоўка праекта экалагічнай сцяжынкі, турнір юных матэматыкаў, сустрэча ў мастацкай галерэі, заняткі “Вучымся разважаць крытычна” — у такіх мерапрыемствах прынялі ўдзел навучэнцы ў рамках рэалізацыі міні-праекта.
У мінулым навучальным годзе ўзаемадзеянне з бацькамі ў рамках праекта ажыццяўлялася шляхам уключэння іх у мерапрыемствы шостага дня: спартыўныя суботы, агульнашкольныя святы “Мая сям’я — мой гонар”, “Міс восень”, “Навагодняя казка”, “Самая абаяльная і прывабная”, дзень гульні, кірмаш прафесій, агульнашкольную канферэнцыю “Кніга ў маім жыцці”, а таксама праз работу педуніверсітэта “Мастацтва быць бацькамі”. Структура апошняга ўключае факультэты “Няпоўная сям’я”, “Мнагадзетная сям’я”, “Сям’я, у якой дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы”, “Сям’я, дзе выхоўваюцца дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”. Для кожнай з катэгорый сем’яў СППС распрацавана тэматыка заняткаў, якія бацькі наведвалі таксама па суботах.
Улічваючы метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2015/2016 навучальным годзе, у праект шостага школьнага дня былі ўнесены карэкціроўкі. Кожная трэцяя субота месяца ў рамках абласной патрыятычнай акцыі “Марафон ведаў пра вайну” праходзіць пад дэвізам “Хвіліны памяці лічачы, родны свой край я вывучаю і кнігі пра вайну чытаю”, кожная чацвёртая субота працоўная.
Актывістамі Савета дружыны і першаснай арганізацыі ГА “БРСМ” у рамках абласнога рэсурснага цэнтра “Фарміраванне асобы бяспечнага тыпу паводзін” распрацаваны сацыяльна значны праект “Школа бяспекі”, які таксама рэалізоўваецца па суботах. Мэта гэтага праекта — прапаганда ведаў, уменняў і навыкаў сярод малодшых школьнікаў, насельніцтва аграгарадка па асновах бяспекі жыццядзейнасці чалавека.
Праведзенае ў маі 2015 года анкетаванне вучняў і бацькоў паказала, што 80—85% апытаных задаволены сістэмай работы ўстановы ў шосты школьны дзень, што дазваляе меркаваць аб эфектыўнасці праекта “Палітра шостага школьнага дня”.

Вольга КАТКОЎСКІС,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Гервяцкай сярэдняй школы Астравецкага раёна.