Стракаты летні мячык

Летнія канікулы — час гульняў на свежым паветры. Асабліва дзеці любяць гуляць з мячамі. Мы таксама праводзім гульні з мячыкамі, толькі зроблены яны сваімі рукамі, і таму гуляць больш цікава.

У кожным доме заўсёды збіраецца шмат абрэзкаў тканіны, старыя сукенкі, спадніцы… Хтосьці выкідвае гэтую старызну на сметнік, а вось мы далі ёй другое жыццё. Менавіта з гэтай другаснай сыравіны атрымаліся цудоўныя стракатыя мячыкі, лёгкія і мяккія. Яшчэ нашы прабабулі майстравалі такія цацкі для сваіх дзяцей.

А зрабіць іх вельмі проста. Спачатку вырабляем шар. Яго можна скруціць з паперы, сена, саломы, тканіны. Потым гэтую загатоўку абмотваем для трываласці ніткамі. Затым бяром кавалак капронавай панчохі і запіхваем у яго наш будучы мячык. Канцы панчохі акуратна прышываем да шарыка. Цяпер на гэтую абалонку нашываем рознакаляровыя лапікі тканіны.


“Апрананне” мячыка — самы адказны і творчы момант. Тут можна выкарыстоўваць розныя віды тканіны: паркаль, сацін, трыкатаж. Колер і тканіна выбіраюцца па гусце, галоўнае — прышыць нарэзаныя лапікі, акуратна падклаўшы іх краі. Памер мячыка таксама залежыць ад жадання маленькага творцы. У мяне творцамі былі выхаванцы аб’яднання па інтарэсах “Млын моды”, якія маюць навыкі шыцця, малодшыя ім дапамагалі.

Свае цудоўныя вырабы дзеці адразу апрабавалі ў гульнях на траве, бо менавіта тут мячыкі не забрудзяцца ды і не згубяцца ў зелёнай расліннасці, таму што вельмі прыметныя. Мячы спадабаліся ўсім, і малым, і дарослым, якія з цікавасцю назіралі за дзятвой. Асабліва весела прайшла дваровая пляцоўка “Забавы лета”, незаменным атрыбутам якой таксама былі “вясёлыя” мячыкі.

Дарэчы, зрабіць сваімі рукамі такія стракатыя цацкі пажадалі не толькі машканскія школьнікі. На лета ў вёску ў госці да бубуль і дзядуляў з’язджаецца шмат гарадскіх дзяцей. Яны таксама зацікавіліся ніколі не бачанымі раней дзіўнымі мячамі.

Калі праявіць жаданне і фантазію, можна амаль з нічога за адзін вечар зрабіць такую патрэбную для дзіцячых гульняў рэч. І гэта варта ўзяць на заметку бабулям: калі няма цацак, а ўнукі прыехалі ў госці, зрабіце ім стракаты мячык.

Таццяна КАРАНЕЎСКАЯ,
настаўніца абслуговай працы
Машканскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя А.К.Гараўца Сенненскага раёна.
Фота аўтара.