Старт дадзены

Якія б метады ні выкарыстаў педагог у сваёй працы, у якіх бы формах ні арганізоўваў навучанне дзяцей, асноватворным прынцыпам яго дзейнасці павінен быць прынцып педагагічнага аптымізму — вера ў магчымасці кожнага дзіцяці, арыенцір на станоўчы вынік навучання.

На працягу мінулага навучальнага года калектыў Акцябрскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі працаваў над рэалізацыяй інавацыйнага праекта па тэме “Укараненне мадэлі ўзаемадзеяння ўстаноў спецыяльнай адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па развіцці інклюзіўнай адукацыі”. Ідэя яго сфарміравалася на аснове шматгадовага супрацоўніцтва нашай установы і Акцябрскага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

Сярод шматлікіх праблем, з якімі сутыкаюцца дзеці з цяжкімі і множнымі парушэннямі развіцця, найбольш значнай, на наш погляд, з’яўляецца праблема адносін з навакольнымі. У большасці звычайных дзяцей і іх бацькоў не сфарміравана ўспрыманне дзяцей з інваліднасцю як паўнавартасных членаў грамадства.


Пачынаючы з 2007 года педагогі працуюць над стварэннем умоў, пры якіх навучэнцы з цяжкімі і множнымі парушэннямі развіцця могуць удзельнічаць у сацыякультурным жыцці рэгіёна не толькі падчас навучання ў ЦКРНіР, але і пасля яго заканчэння.

Ва ўмовах установы дадатковай адукацыі творчая дзейнасць неабавязкова прыводзіць да творчага выніку, але ўдзел у ёй не праходзіць для дзіцяці бясследна, паколькі ўдасканальваюцца яго якасці як асобы.

Канчатковай мэтай нашага інавацыйнага праекта з’яўляецца ўключэнне вучняў і выпускнікоў ЦКРНіР у сацыяльнае жыццё рэгіёна і папярэджванне ізаляцыі іх і членаў іх сем’яў. Укараненне гэтага праекта дасць магчымасць комплексна рэалізаваць, а ў далейшым трансліраваць вопыт педагагічнай дзейнасці, заснаваны на ідэі бесперапыннага развіцця і падтрымкі навучэнцаў з цяжкасцямі развіцця, праз уключэнне яго ў сістэму інклюзіўнай адукацыі, што павысіць эфектыўнасць карэкцыйна-педагагічнай дзейнасці, якая забяспечвае паспяховую адаптацыю ў соцыуме і магчымую рэалізацыю ў жыцці.

Як і любое пачынанне, укараненне інавацыйнага праекта суправаджалася пэўнымі цяжкасцямі. Гэта насцярожанае стаўленне ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу да сумеснага навучання, што было выяўлена пры анкетаванні педагогаў і дзяцей, якія наведваюць аб’яднанні па інтарэсах нашага цэнтра.

Пры вывучэнні прафесійных цяжкасцей педагогаў дадатковай адукацыі выяўлена, што самай істотнай з іх пры арганізацыі работы з асаблівымі дзецьмі з’яўляецца пошук і падбор эфектыўных методык і тэхналогій навучання дзяцей гэтай катэгорыі, а таксама недастатковасць ведаў аб іх псіхафізічных асаблівасцях. Гэта паслужыла зыходным пунктам для арганізацыі работы пастаянна дзеючага семінара “Выкарыстанне на занятках аб’яднанняў па інтарэсах розных форм і метадаў у рабоце з дзецьмі з ЦМПР”, правядзення тэматычных кансультацый для педагогаў дадатковай адукацыі спецыялістамі ЦКРНіР, наведвання педагогамі ЦТДіМ заняткаў з дзецьмі ў ЦКРНіР.

Пры анкетаванні бацькоў было выяўлена, што яны на першае месца ставяць вучэбныя навыкі, такія як пісьмо, чытанне, лічэнне, а таксама вялікую ўвагу ўдзяляюць развіццю творчых здольнасцей, камунікатыўнасці, але не могуць арганізаваць гэтую дзейнасць самастойна. Варта адзначыць, што як найбольш важныя якасці свайго дзіцяці бацькі вылучаюць спагадлівасць, жаданне дапамагчы, спачуванне і толькі адзін з апытаных бацькоў адзначыў таварыскасць свайго дзіцяці, што сведчыць аб неабходнасці арганізацыі ўзаемадзеяння дзяцей з ЦМПР са здаровымі аднагодкамі.

Было вывучана меркаванне дзяцей аб дзецях з ЦМПР. Нехта хацеў ведаць, пра што такія хлопчыкі і дзяўчынкі мараць, якія любяць гульні, захапленні, чым іх можна пацешыць, здзівіць. Нехта цікавіўся, якія святы яны любяць, якія святы для іх правесці.

На працягу года навучэнцы цэнтра падрыхтавалі і правялі для дзяцей з ЦМПР шэраг мерапрыемстваў. Пры падрыхтоўцы ўлічваліся ўзроставыя і псіхафізічныя асаблівасці вучняў, былі ўключаныя конкурсы, гульнявыя сітуацыі, пасільныя для ўспрымання вучнямі з ЦМПР. Мерапрыемствы ў цэлым прайшлі змястоўна, цікава і аказалі станоўчы ўплыў на ўвесь калектыў дзяцей. Сустрэчы з казачнымі героямі выклікалі ў дзяцей усплёск эмоцый, яны былі актыўныя, удзельнічалі ў конкурсах. Узаемаадносіны паміж навучэнцамі сталі больш добрымі. Такія мерапрыемствы аказваюць пазітыўны ўплыў як на кожнага навучэнца, так і на ўвесь калектыў у цэлым.

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што большасць удзельнікаў адукацыйнага працэсу бачаць у сумесным навучанні ў асноўным станоўчыя бакі як у дачыненні да дзяцей з ЦМПР, так і адносна ўплыву на іх самаразвіццё і развіццё міжасобасных адносін.

Ніна ВЕЖНАВЕЦ,
намеснік дырэктара Акцябрскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.