Спяваем, вывучаем, адпачываем

Для таго, каб школьнікі з ахвотай вывучалі англійскую мову і мелі поспехі ў гэтай справе, педагогі нярэдка выкарыстоўваюць нестандартныя метады навучання. Гэта не звычайныя ўрокі, а цікавыя разнапланавыя мерапрыемствы, якім прысвячаюцца цэлыя тыдні, а падрыхтоўка да іх займае цэлыя месяцы. Такая праграма максімум дзейнічае ў сярэдняй школе № 68 Мінска. Пад кіраўніцтвам настаўніцы англійскай мовы Алены Яўгенаўны Волгінай ужо каторы год запар педагогі арганізоўваюць для сваіх навучэнцаў шэраг пазнавальных і вясёлых мерапрыемстваў, якія адбываюцца ў рамках тыдня англійскай мовы.

Самым яскравым і запамінальным мерапрыемствам гэтага тыдня стала дзіцячае “Еўрабачанне”. У ім з задавальненнем прынялі ўдзел вучні 5—11 класаў. “Еўрабачанне” адбылося па ўсіх канонах: кожны клас прадстаўляў краіну, якая прыйшлася школьнікам найбольш даспадобы. Вучням трэба было намаляваць вялікі сцяг выбранай краіны, а таксама зняць і прадставіць арганізатарам і журы кароткія прывітальныя відэаролікі — усё як у сапраўдным шоу.
Вядучыя, якімі былі старшакласнікі, як сапраўдныя прафесіяналы размаўлялі па-англійску. Для тых, хто не моцны ў англійскай мове, гучаў рускамоўны пераклад. Усе песні выступоўцаў, безумоўна, былі на замежнай мове. Яркія выступленні прадстаўлены ў выглядзе кліпа (кароткія душэўныя гісторыі, танцы ці гімнастычныя прыёмы). Усе дзеці паказалі свой шматгранны талент.
Ацаніць дзіцячую творчасць было запрошана журы, якое складалася з супрацоўнікаў школы, бацькоў навучэнцаў, а таксама саміх вучняў. Каб галасаванне было аб’ектыўным, склад журы на працягу мерапрыемства мяняўся: малодшыя школьнікі ацэньвалі старшых, бацькі старшакласнікаў ставілі адзнакі сярэдняй школе і г.д. Для справядлівай ацэнкі на дзіцячым “Еўрабачанні” школа набыла інтэрактыўную сістэму галасавання: спецыяльнае прыстасаванне з пультамі, дзе кожная кнопка — гэта нумар упадабанага кандыдата, пасля націскання на экран тэлевізара адразу выводзяцца даныя аб колькасці галасоў.
“Спачатку мы планавалі ўручыць толькі гран-пры, — гаворыць Алена Яўгенаўна Волгіна. — Але калі мы ўбачылі слёзы на вачах іншых удзельнікаў, якія таксама старанна і з ахвотай рыхтаваліся, то вырашылі зрабіць пераможцамі ўсіх, толькі намінацыі, у залежнасці ад выбару журы, розныя. Такая практыка прыйшлася нам больш даспадобы”.
Было вырашана выдзеліць і ўзнагародзіць прыемнымі прызамі і класных кіраўнікоў. Для гэтага былі распрацаваны анкеты для вучняў, і дзеці самі выбралі самую строгую, самую спагадлівую, самую добразычлівую, самую чуллівую, самую мудрую і самую вопытную настаўніцу. Каб педагогі і школьнікі адчулі ўрачыстасць абстаноўкі, арганізатары мерапрыемства паклалі чырвоную дарожку. Менавіта па ёй педагогі ў суправаджэнні ахоўнікаў, якімі былі хлопцы-старшакласнікі, падымаліся на сцэну па ўзнагароды.
Акрамя незабыўнага і яркага “Еўрабачання”, якое штогод з нецярпеннем чакаюць вучні 68-й школы, у рамках тыдня англійскай мовы прайшоў цэлы шэраг пазнавальных мерапрыемстваў. Дзень англійскага чаявання сабраў за адным сталом вучняў і іх настаўнікаў. Дзеці вывучалі цырымонію чаявання ў Англіі, манеры паводзін за сталом, пілі сапраўдную англійскую гарбату.Старшакласнікі дапамагалі самым малодшым школьнікам у вывучэнні мовы. Адзінаццацікласнікі правялі конкурс-караоке англамоўных песень для 1-х і 2-х класаў. Таксама дасведчаныя вучні 9-х класаў інсцэніравалі вядомыя казкі “Марозка” і “Папялушка” на англійскай мове. Навучэнцы 5-х класаў прымалі ўдзел у пошукавай гульні пад назвай “Знайдзі скарбы”. Дзеці атрымалі ад педагога карту з зашыфраванымі месцамі, якія трэба было знайсці. У гэтых месцах іх чакалі заданні — крыжаванкі, рэбусы, загадкі на англійскай мове. Пасля калектыўнага мазгавога штурму выкананыя заданні здавалі настаўніку, і, калі яны былі зроблены правільна, вучні атрымлівалі мяшочак са скарбам — шакаладнымі манетамі.
Інтэграваны ўрок матэматыкі з вывучэннем матэматычных тэрмінаў на англійскай мове таксама прайшоў у рамках тыдня. Такая форма работы зацікавіла дзяцей, яны з захапленнем слухалі педагогаў і выконвалі заданні. І гэта далёка не ўсе цікавыя моманты англійскіх урокаў: яшчэ вучні рабілі цудоўныя паштоўкі да Дня Святога Валянціна, пісалі лісты падзякі, разам з Аленай Волгінай працавалі над перакладам санетаў Уільяма Шэкспіра і нават стварылі газету аб правядзенні тыдня англійскай мовы.
Ініцыятарам і стваральнікам такіх запамінальных і карысных для дзяцей мерапрыемстваў з’яўляецца Алена Яўгенаўна. Яна ўжо амаль 20 гадоў працуе ў 68-й сярэдняй школе Мінска. Спачатку каля сямі гадоў выкладала дзецям беларускую мову, пасля змяніла свой профіль і стала настаўніцай англійскай мовы. Ідэя аб стварэнні нестандартных метадаў выкладання спела паступова і даўно.
“Дзецям недастаткова звычайнай школьнай праграмы, — расказвае педагог. — Для таго, каб ім хацелася вывучаць замежную мову, я вырашыла зацікавіць вучняў і прыцягнуць іх да вывучэння мовы іншымі сродкамі. Праз песні, гульні, тэатральныя пастаноўкі і творчую працу англійская мова становіцца больш зразумелай, а галоўнае, цікавай для навучання”.

Алеся УШАКОВА.
Фота аўтара.