Сонца міру, промні шчасця

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Мінска стартавала акцыя “Хай заўсёды будзе сонца, хай заўсёды будзе МІР!”, прымеркаваная да 70-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Акцыю ініцыіравалі ўдзельнікі гарадскога клуба класных кіраўнікоў “Сябар”. У акцыі прынялі ўдзел навучэнцы ўсіх паралелей устаноў адукацыі пад кіраўніцтвам класных кіраўнікоў — членаў гарадскога клуба: гімназіі № 31 (каардынатар Ю.М.Дабравольская), сярэдніх школ № 3 (каардынатар Т.М.Астроўская), № 13 (К.В.Чарнухіна), № 24 (А.І.Сегаловіч), № 69 (М.У.Яцкевіч), № 80 (В.У.Хлябко), № 120 (І.В.Важнік), № 61 (І.В.Варанкова), № 191 (В.В.Гарбуз).
На падрыхтоўчым этапе акцыі праводзіліся тэматычныя класныя гадзіны, прысвечаныя ролі і месцу ў гісторыі краіны і жыцці кожнага чалавека Вялікай Перамогі. Навучэнцы са сваімі класнымі кіраўнікамі разважалі на тэмы маральнасці, гонару, абавязку, гераізму, патрыятызму, агучвалі агульначалавечыя каштоўнасці. Дзецям было прапанавана выказаць свае адносіны да асноўнай ідэі акцыі (за мір) і далучыць папяровыя далонькі да сімвалічнага сонечнага промня. Такім чынам, у кожнай установе адукацыі ў выніку правядзення акцыі з’явілася кампазіцыя-калаж “Сонца”, якая складаецца з прамянёў з прымацаванымі далонькамі, на якіх навучэнцы пакінулі свае пажаданні, думкі, заклікі на тэму захавання міру на Зямлі.
Шматлікія сонцы асвяцілі класы і холы школ і гімназій, а агульнагарадское сонца, складзенае з промняў дзевяці ўстаноў адукацыі, было прадстаўлена на XVI Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. Удзельнікі і госці выставы пазітыўна ацанілі прадстаўленае сонца, якое сваімі незвычайнымі яркімі промнямі міру дало старт акцыі ў іншых рэгіёнах краіны. Патрыятычная мірная акцыя рэкамендавана да правядзення ўсім установам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Вольга ЕРАХАВЕЦ,
метадыст упраўлення каардынацыі павышэння кваліфікацыі спецыялістаў выхаваўчай,
сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў МГІРА.