Смехатэрапія для выхавальнікаў

Стымулам для выяўлення крыніц аптымізму і пазітыву для калектываў, якія працуюць у інавацыйным рэжыме, стала сама тэма інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання аптымістычнага тыпу светапогляду дашкольнікаў на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа”. Каб кіраваць інавацыйнай пляцоўкай, неабходна быць у бесперапынным пошуку новых форм работы з калектывам, якія даюць магчымасць рэлаксацыі, адпачынку ад перанапружання ў штодзённай працы.

Педагогі ўстаноў дашкольнай адукацыі заўсёды адрозніваліся ўспрымальнасцю да ўсяго новага. Працэс абнаўлення адукацыі арганізуецца людзьмі і становіцца больш эфектыўным, калі ёсць магчымасць для праяўлення творчасці, выдумкі, інтэлекту. Кіраўнік інавацыйнай пляцоўкі паўстае перад неабходнасцю мець у калектыве групу аднадумцаў, якія думаюць катэгорыямі поспеху. Адной з умоў працы з такімі педагогамі становіцца стварэнне творчай атмасферы, устанаўленне добрых, сяброўскіх, адкрытых адносін.
У любой прафесіі, напоўненай стрэсагеннымі сітуацыямі (а менавіта да такіх і належыць праца педагога дашкольнай адукацыі), важнай умовай захавання псіхічнага здароўя становіцца ўменне “скідаць” напружанне.Як пры невялікіх выдатках энергіі захаваць і ўмацаваць псіхіку педагогаў? Як зняць стомленасць і здабыць стан унутранай свабоды, упэўненасці ў сабе, стабільнасці? Як нараджаецца камандны дух, атмасфера наватарства? Хутчэй за ўсё — у вырашэнні нестандартных задач.
Нашы продкі ў цяжкія часы весяліліся на кірмашах і карнавалах, пацяшаліся з клоўнаў, каб расслабіцца пасля цяжкіх будняў, падняць настрой сабе і блізкім. Навука пацвярджае: смех зніжае ў арганізме ўзровень картызолу і адрэналіну (гармонаў стрэсу) і павялічвае ўзровень эндарфінаў (гармонаў шчасця).
“Гумарына” — першае “смехатэрапеўтычнае” мерапрыемства, спецыяльна задуманае і праведзенае для ўдзельнікаў інавацыйнай работы гомельскіх ясляў-садоў №№150, 151, 111. Тры каманды, якія атрымалі арыгінальныя назвы “Драйв”, “Акулярыкі”, “Жаночая логіка”, змагаліся за тое, хто больш дасціпны, артыстычны, знаходлівы і весялейшы. Спецыяльна распрацаваная аўтарам гэтых радкоў праграма мерапрыемства ўключала і збор правілаў “Ранішняя налада на пазітыў”, і інтэлектуальную размінку “Як пажартую …”, і конкурс капітанаў “Зараз спяю…”, і шэраг іншых разнастайных гумарыстычных конкурсаў. Асабліва цікавым месцам праграмы стаў конкурс “Бывальшчына”, у якім удзельнікі абыгрывалі смешныя гісторыі з жыцця дзіцячага сада.
Дзякуючы кіраўніцтву ясляў-сада № 111 Гомеля Алене Караткевіч і Людміле Конінай, для кожнага ўдзельніка мерапрыемства была створана цёплая, спрыяльная атмасфера, распрацаваны дыпломы, святочнае афармленне, памятныя прызы і падарункі. Прайграўшых тут не было! Зарад пазітыву, творчы напал, здаровую рызыку і пачуццё каманды панёс з сабой кожны ўдзельнік, балельшчык, госць “Гумарыны”. А што казаць пра высокі творчы патэнцыял, амаль незапатрабаваны ў штодзённым жыцці, а тут раптам ярка праяўлены!
“Гумарына” выявіла акцёрскія здольнасці, дапамагла ўдзельнікам дасягнуць стану раскаванасці, даўшы выхад эмоцыям, з’яднала калектывы педагогаў. Як аказалася, творчы патэнцыял — велічыня няўстойлівая, ён здольны расці, калі дадзена магчымасць творчасці.
Давайце не будзем шкадаваць часу і будзем шукаць падставы для радасці, тады праблемам і непрыемнасцям стане няўтульна ў нашым жыцці.

Людміла БЫСТРОВА,
метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага гарвыканкама.