Сімвал, факел і эмблема — алімпійцаў новых змена!

Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Яслі-сад № 35 Наваполацка” ўжо трэці год працуе па ўкараненні алімпійскай адукацыі ў жыццё дашкольнай установы. Адной з галоўных задач у гэтым годзе калектыў установы вылучыў задачу па фарміраванні сацыяльнай і асобаснай матывацыі выхаванцаў на захаванне і ўмацаванне свайго здароўя.

У рамках гэтай задачы ва ўстанове адукацыі прайшоў шэраг мерапрыемстваў, адным з якіх стала кансультацыя кіраўніка фізічнага выхавання А.А.Русак “Асаблівасці фарміравання ўяўленняў у дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту аб алімпійскіх гульнях”. Праведзены конкурс альбомаў для дзяцей першых малодшых і другіх малодшых груп “Мы са спортам сябруем!”. Выхавальніцай старэйшай групы А.Ю.Скарабагатай аформлены альбом “Алімпійскія чэмпіёны Беларусі”.
Напрацаваныя матэрыялы далі нам магчымасць арганізаваць педагагічную выставу “Укараненне сучасных педагагічных тэхналогій у алімпійскую адукацыю”, а таксама аформіць выставу дзіцячых малюнкаў “Мы любім спорт”.

Што цікава нашым выхаванцам? Як далучыць іх да ідэй алімпійскага руху праз развіццё цікавасці да пэўнага віду практыкаванняў і спартыўных гульняў? З гэтай мэтай у нашай установе распрацаваны прэзентацыі “Алімпійскія ідэалы”, “Падарожжа ў Алімпію”, “Гісторыя спорту”, “Сучасныя віды спорту”, “Хачу ўсё ведаць”.
Спецыялісты ясляў-сада ўпэўнены ў тым, што фізічнае развіццё з’яўляецца адным з найважнейшых бакоў асобы, якое самым непасрэдным чынам звязана са здароўем чалавека. Галоўнай задачай для нас з’яўляецца фарміраванне здаровага, моцнага, загартаванага, жыццярадаснага, спагадлівага, ініцыятыўнага дзіцяці, якое добра валодае сваімі рухамі, любіць спартыўныя і фізічныя практыкаванні, здольнае да навучання ў школе і да актыўнай наступнай творчай дзейнасці. Таму любы педагог, які працуе з дзецьмі дашкольнага ўзросту, павінен закладваць азы фізічнай падрыхтоўкі і фарміраваць у дзяцей стымул да заняткаў фізкультурай і спортам.
Уключэнне алімпійскай адукацыі ў працэс навучання дашкольнай установы спрыяе фарміраванню ў дзяцей цікавасці да фізічнага ўдасканалення. Алімпійскія гульні маюць спаборніцкі характар. Яны абагачаюць гульню дзяцей разнастайнымі рухамі, выклікаюць у дзіцяці цікавасць да рухаў, развіваюць творчыя здольнасці.

Алімпійскія гульні — гэта не толькі найбуйнейшыя спаборніцтвы нашага часу, у якіх удзельнічаюць самыя моцныя атлеты ўсіх кантынентаў. Гэта шматлікія сустрэчы, дзелавыя кантакты, гэта свята міру, маладосці і здароўя. Алімпійскі рух — важная частка культуры чалавецтва, і вывучэнне яго гісторыі, несумненна, павінна стаць часткай адукацыі любога культурнага чалавека.
Мы вызначылі задачы, якія рэалізоўваем пры азнаямленні дзяцей з Алімпійскімі гульнямі: даць уяўленне дзецям аб гісторыі зараджэння Алімпійскіх гульняў, стварыць у дзяцей уяўленне аб Алімпійскіх гульнях як мірным спаборніцтве ў мэтах фізічнага ўдасканалення людзей, у якім удзельнічаюць усе народы свету; замацаваць веды дзяцей аб сімвалах і рытуалах Алімпійскіх гульняў; спрыяць фарміраванню ў дзяцей цікавасці да заняткаў фізічнымі практыкаваннямі праз маральны і эстэтычны вопыт алімпізму; актывізаваць слоўнік дзяцей: сімвал, факел, клятва, дэвіз, эмблема, п’едэстал.
Увесь набыты тэарэтычны вопыт дзеці замацоўваюць пры навучанні эстафетнаму бегу і перадачы эстафетнай палачкі, таксама адлюстроўваюць сваё бачанне алімпійскіх гульняў у малюнках, скульптурах, у гульнях з музычным суправаджэннем дзеці складаюць кампазіцыю з алімпійскіх кольцаў, маршыруюць, як спартсмены. Замацаванне ўсёй створанай работы адбываецца пры правядзенні вялікага свята “Малых Алімпійскіх гульняў”.
Наша дашкольная ўстанова адзначана ў 2012 годзе дыпломам прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі ў Віцебскай вобласці за ўдзел у рэалізацыі праграмы развіцця алімпійскай адукацыі ў Віцебскай вобласці. У 2013 годзе — дыпломам Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі ў Віцебскай вобласці за 2 месца ў абласным конкурсе на самы лепшы алімпійскі тыдзень у дашкольнай установе. У 2014 годзе — дыпломам Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі ў Віцебскай вобласці за актыўны ўдзел у абласной акцыі “Алімпійскія дні ў дашкольнай установе”.

Ірына ГОЙ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ясляў-сада № 35 Наваполацка.