Шырокая Масленіца да нас прыйшла!

У Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны ёсць шмат добрых традыцый. Ужо некалькі гадоў у апошні тыдзень лютага ў двары гімназіі збіраюцца ўсе навучэнцы і педагогі для правядзення аднаго з выдатных народных фальклорных свят — Масленіцы. Гэты год не стаў выключэннем. Свята прайшло ў рамках раённага праекта “Ад вытокаў — у будучыню”. Зноў сабраліся педагогі і навучэнцы гімназіі ўсе разам, каб развітацца з зімой, пагуляць у народныя гульні і забавы, праспяваць масленічныя песні, патанцаваць, павадзіць карагоды.

У фае гімназіі і на кірмашы гучала народная музыка ў выкананні аркестра народных інструментаў, навучэнцы і педагогі гімназіі выконвалі масленічныя песні. Таксама можна было ўбачыць майстар-клас па тэхніцы выцінанкі нашых пераможцаў Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка” Кацярыны Талкачовай і Дар’і Бегуновай. На свяце нас чакала сустрэча зімы з вясной, сем дзянькоў Масленіцы! Мы адгадвалі загадкі, успаміналі народныя прыказкі і прымаўкі.
…Свята ў разгары, і час наступае — вясна ў зімы ўладу прымае. Масленіца — самае святочнае, вольнае, смачна-гасціннае, шумнае народнае свята. У двары гімназіі разыгрывалася тэатралізаванае дзейства з удзелам творчых калектываў педагогаў і навучэнцаў. Шмат гульняў і пацех было на Масленіцу, і ўсе ўдзельнікі свята (каля 500!) з азартам у іх удзельнічалі. А якая Масленіца без святочнага кірмашу з блінамі?! Тут на любы густ можна было купіць і паспрабаваць выпечку, традыцыйныя стравы нацыянальнай беларускай кухні, прыгатаваныя бацькамі і вучнямі гімназіі. Багацце страў, іх разнастайнасць і выдумка — усё гэта паказала, з якой душой паставіліся бацькі да ўдзелу ў дабрачынным марафоне, які стаў новай традыцыяй гімназіі: 3 мільёны 33 тысячы рублёў, атрыманыя ад гандлю на масленічным кірмашы, былі пералічаны ў Беларускі дзіцячы хоспіс для невылечна хворых дзяцей у Беларусі. Кожны з нас унёс сваю лепту ў гэтую высакародную справу.

Ала АЎЛАСКА.