Што ў маленстве выхаваеш, на тое ў старасці абапрэшся

У народзе заўсёды паважалі продкаў, ведалі свой радавод, традыцыі сям’і. Нездарма гаварылі: “Паважай старэйшых, бо сам стары будзеш”, “Хто бацьку шануе, той і дзецям добрую долю гатуе”. Без ведання гісторыі свайго роду, суадносін яе з гісторыяй месца, дзе жыве, дзіцяці цяжка адчуць, зразумець сэнс паняцця “Радзіма”. Я як выхавальнік дашкольнай адукацыі вяду пошук розных форм і метадаў работы ў гэтым кірунку. У практыцы асабістай педагагічнай дзейнасці шырокае распаўсюджанне атрымала работа па краязнаўстве і азнаямленні дашкольнікаў з сямейнай спадчынай.

Пры рэалізацыі задачы азнаямлення дзетак 2—3 гадоў з сямейным укладам, каштоўнасцямі і традыцыямі асноўную ўвагу ўдзяляю фарміраванню першапачатковага пачуцця этнічнай прыналежнасці праз пашырэнне ўяўленняў пра сям’ю, яе значэнне ў жыцці кожнага чалавека. Гульня з дыдактычнымі правіламі “Складзі чароўную кветку сям’і” дапамагае дзецям даведацца пра сваяцкія адносіны ў сям’і.
Заняткі “Пачастуем Бульбашыка” дапамаглі сфарміраваць у дзяцей першапачатковыя ўяўленні пра культурныя традыцыі прыёму гасцей на Беларусі, развіць цікавасць да прадметаў сялянскага побыту, выхаваць павагу да працы бацькоў. На занятках “Беларускія ручнікі” пашыраліся ўяўленні дашкольнікаў пра такія рэчы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, як абрус, ручнік, сурвэтка. Гульня-знаёмства “Мой родны кут” дапамагала рэалізаваць задачу выхавання пачатковага разумення і пачуцця еднасці з прыродай роднага краю. Праз гэтую гульню, праз назіранне за дрэвамі і кустамі дзеці ўбачылі прыгажосць родных мясцін.
Значную ролю адводжу актыўным формам адпачынку. Вечары забаў для малышоў “Сустрэча з бабулінай казкай”, “Сарока-варона” (драматызацыя), тэатр на лыжках “Курачка Раба” даюць магчымасць засяродзіць увагу малышоў на прыгажосці і мілагучнасці роднай мовы, узбагаціць іх новымі яркімі ўяўленнямі пра элементы беларускіх народных свят і абрадаў. Знаёмства з элементамі беларускага фальклору адбываецца таксама і з дапамогай народных гульняў з гатовымі тэкстамі (“Грушка”, “Вожык і мышы”, “Надзейка”).
З мэтай пашырэння ведаў старэйшых дзяцей пра сям’ю, яе склад, узаемаадносіны, клопат адно аб адным, сумесных справах і працы дарослых распрацаваны заняткі “Родныя людзі” і “Мая сям’я — мая радасць”, “Не пусцім наш род на звод”, “У госці да бабулі Алены”.
Найбольш эфектыўным сродкам далучэння дзяцей да гісторыі сваёй вёскі, яе спадчыны з’яўляюцца сумесныя святы і абрады. На сумесных мерапрыемствах “Восеньскі кірмаш”, “Мая зямля — мая сям’я”, “Свята роднай вёскі” дзеці атрымліваюць магчымасць пазнаць багацце традыцый народа, мясцовыя звычаі, дасягненні землякоў.
Сродкі музейнай педагогікі дазволілі пашырыць веды дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту аб навакольным свеце і аб самім сабе як прадстаўніку беларускай нацыі. На экскурсіі ў этнаграфічны куток “Здабыткі нашых добрых рук” выхаванцы пазнаёміліся з выглядам сялянскай хаты, рэчамі, якія ў ёй знаходзіліся. Адначасова дзецям была прадстаўлена магчымасць зрабіць параўнальны аналіз экспанатаў з рэчамі сучаснага дамашняга інтэр’ера.
Актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах прымаюць бацькі. Стала добрай традыцыяй праводзіць сумесныя святы Каляды, Гуканне вясны, Купалле і інш. Удзел у гэтых мерапрыемствах бацькоў — прыклад для дзяцей і ўсведамленне еднасці сям’і і дашкольнай установы.
Адраджэнне традыцый сямейнага выхавання, уключэнне бацькоў у выхаваўчую работу, выкарыстанне сродкаў народнай педагогікі і краязнаўства з’яўляюцца важнымі элементамі ў фарміраванні асобы будучага грамадзяніна нашай краіны.

Алена ЖУК,
выхавальнік дашкольнай адукацыі Дашкольнага цэнтра
развіцця дзіцяці Вярэйкі Ваўкавыскага раёна.