Што мы пакінем нашчадкам?

Унесці свой уклад у ахову навакольнага асяроддзя наша школа вырашыла праз рэалізацыю інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі экалагічнага менеджменту ў адукацыйным працэсе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі”. На першым жнівеньскім педсавеце пазнаёмілі ўвесь калектыў з перспектывамі інавацыйнай дзейнасці, вызначылі склад інавацыйнай групы. Такі сход быў праведзены і для бацькоў, і для навучэнцаў, і для жыхароў мікразоны, і для патэнцыяльных партнёраў.

Пры складанні плана работы ўзніклі некаторыя цяжкасці, але мы з імі справіліся, шмат у чым дзякуючы кансультацыйным сустрэчам і семінарам, якіх за мінулы перыяд прайшло не менш за 17. Праходзілі яны і ў Мінску, і ў Маладзечне, і ў Магілёве, і ў іншых гарадах. Ды і зараз нашы педагогі-інаватары пастаянна вучацца. Вось нядаўна 7 настаўнікаў і 2 навучэнцы прайшлі навучанне ў дыстанцыйным курсе міжнароднай праграмы Adobe Youth Voices. Мы не толькі наведваем разнастайныя семінары і канферэнцыі, але і самі запрашаем гасцей да сябе ў школу. Толькі за гэты год ужо адбыліся чатыры сустрэчы.
Энергазберажэнне — не новы напрамак у рабоце нашай навучальнай установы. На экалагічных фестывалях і конкурсах педагогі станавіліся прызёрамі. Не забываем мы і пра другасную сыравіну: за апошнія месяцы здадзена дзяржаве 5832 кг макулатуры, 1862 кг металалому і 140 кг шкла. У школе арганізавалі выставу “Планета без адходаў”.

Зараз хочам адрадзіць незаслужана забытую работу экалагічнага патруля. Дзеці распрацоўваюць экалагічны маршрут па нашым рабочым пасёлку. Каму, як не ім, сачыць за тым, ці паляць траву, ці сякуць дрэвы і кусты, ці выкідваюць адходы ў рэчку Дубровенку. Менавіта гэта і будзе іх непасрэдным клопатам аб ахове навакольнага асяроддзя. А наш рабочы дэсант рэгулярна прыбірае тэрыторыю каля школы і бліжэйшых вуліц. Дарэчы, за найлепшае азеляненне і кветкавае афармленне наша школа заняла 3 месца сярод усіх школ горада. А вось зараз аб’яўлены конкурс на распрацоўку ландшафтнага праекта прышкольнай тэрыторыі.
У нас ёсць свая творчая лабараторыя “Зімні сад”, дзе налічваецца амаль 200 відаў розных раслін. Зімні сад — гэта не проста прыгожа, гэта найбагацейшы матэрыял для экалагічных і навуковых даследаванняў. Тут дзеці непасрэдна сутыкаюцца з прыроднай прыгажосцю навакольнага свету, вучацца клапаціцца пра яго і берагчы.
Да вырашэння экалагічных і сацыяльных праблем мы далучаем і бацькоў, і партнёраў. Наша ўстанова адукацыі зарэгістравалася для ўдзелу ў праекце “Зялёныя школы” і мае намер прайсці працэдуру экалагічнай сертыфікацыі і атрымаць грамадскі сертыфікат адпаведнасці “Белы бусел”. Запрашаем калег да супрацоўніцтва!

Алена ІВАШНЁВА,
дырэктар сярэдняй школы № 28 Магілёва.