Што абяцаў Праметэй,

або Размова аб прыёмах мнематэхнiкi на ўроках замежнай мовы

Калi заходзiць размова пра выкладанне замежнай мовы, часцей за ўсе прыходзяць у галаву такiя паняццi, як “iнтэрактыўныя метады”, “праекты”, “камунiкатыўныя метады”, “сродкi IКТ”, “вэб-сэрвiсы”. Мне таксама блiзкiя розныя тэхналогii, бо ўсё наша настаўнiцкае жыццё — гэта пошук новых прыёмаў i форм, якія дапамагаюць зрабiць працэс навучання больш прывабным i эфектыўным. Але сёння гаворка пойдзе пра ўзбагачэнне слоўнiкавага запасу — таго падмурка, на якiм будуецца ўсё далейшае вывучэнне мовы. Напiсаць пра гэта мяне прымусiлi дзве размовы, якiя адбылiся ў адзiн дзень. Адна гаворка была з калегай, другая — з вучнем. Тэма адна: як узбагаціць слоўнiкавы запас вучняў, каб дапамагчы iм лепш разумець тэксты, будаваць разгорнутыя выказваннi, не трапляць у сiтуацыю непаразумення.

Нiхто не аспрэчвае той факт, што словы неабходна вучыць. Але як гэта рабiць эфектыўна? На працягу сваёй педагагiчнай дзейнасцi я сфармулявала для сябе некалькi прынцыпаў работы па засваенні  лексiчных адзiнак, якiя i прапаноўваю чытачам.Правiла 1. Нельга прапаноўваць адзiны метад для ўсiх, таму што няма аднолькавых вучняў. У классе заўсёды прысутнiчаюць аўдыялы, вiзуалы, кiнэстэтыкi. Пры вывучэннi новай лексiкi настаўнiк павiнен задзейнiчаць разнастайныя каналы ўспрымання інфармацыі. Таму на ўроках мы слухаем словы, прагаворваем iх, паказваем праз жэсты альбо мiмiку. Слова escalera (“лесвiца”) даволi цяжкае для вучняў 3 класа, але як прыемна “прайсцiся па ёй” пальчыкам уверх i ўнiз на кожны склад!

Правiла 2. Разбiваем доўгiя, грувасткiя спiсы на прыемныя групы слоў. Добра, калi ў падручнiку ёсць тэматычны слоўнiк. Гэта дазваляе адразу пагрузiцца ў тэму, дае больш свабоды пры выкананнi практыкаванняў. Але вывучыць адразу 30—50 слоў практычна немагчыма. За ўсе гады працы я сустрэла толькi адну дзяўчынку, якая магла вучыць сотнi слоў наўпрост са слоўнiка. Што рабiць? Разбi­ваць на групы: па граматычных прыкметах, па  сэнсе (лексiка-семантычныя групы), па падабенстве на рускiя цi беларускiя словы. Вельмi прыдатным метадам у гэтым сэнсе з’яўляецца складанне кластараў. Эфектыўнасць запамiнання павысiцца, калi дадаць колер або іншыя вiзуальныя сродкi.

Дарэчы, гэты прыём выдатна падыходзіць для работы з граматычным матэрыялам. Вывучаючы дзеясловы-выключэннi ў мінулым часе Pretérito Indefinido, мы раскладаем iх па “чамаданах” у залежнасцi ад тыпу, а найбольш каштоўны дзеяслоў ser (“быць”) змяшчаем  у “ручную паклажу”. (Як вы, напэўна, зразумелi, гэты граматычны матэрыял вывучаецца ў рамках тэмы “Падарожжа”.)

Правiла 3. Малюнак — сябар настаўнiка. Даўно вядома, што прымяненне зрокавых выяў на ўроках спрыяе лепшаму засваенню матэрыялу. Цi ведаеце вы, шаноўныя чытачы, што аўтарам знакамiтых Астэрыкса i Абелiкса з’яўляецца настаўнiк гiсторыi, якi прыдумаў гэтых персанажаў для тлумачэння чарговага параграфа на сваiм уроку? Малюнак дапамагае растлумачыць новае слова, звязаць яго з папярэднiм. Часта менавiта дасцiпны вобраз “цэментуе” ў памяцi нейкае слова цi з’яву. У 6 класе  пры вывучэннi тэмы “Дамашнiя абавязкi” мае вучнi нiяк не маглi запомнiць слова­злучэнне fregar la vajilla. Сiтуацыя змянiлася пасля малюнка, якi нагадваў рэбус: Regar las flores = “палiваць кветкi”. Што зможам зрабiць, калi дададзiм “Фэры”? Правiльна, па­мыць посуд.

REGAR + F = FREGAR

Правiла 4. Асацыяцыя — магутная зброя. Звязваючы замежныя словы з сугучнымi словамi роднай мовы, мы ствараем моцныя асацыятыўныя пары. У загаловак артыкула вынесена фраза “Што абяцаў Праметэй”. Як вы думаеце, што азначае слова prometer па-iспанску? Правiльна, “абяцаць”. Падобныя слоўнiкавыя падказкi дазваляюць знімаць шматлiкiя лексiчныя цяжкасцi. Асобна хацелася б адзначыць станоўчую ролю беларускай мовы ў гэтым сэнсе. Вядома, такiя словы, як palacio i cebolla мы вывучаем толькi праз аналогiю з роднай мовай.

У пачатковай школе эфектыўным з’яўляецца выкарыстанне рыфмовак, якiя таксама заснаваны на сугучнасцi дзвюх моў:

Это мишка. Es un oso.

Он коричневый — marrón.

Ходит по лесу вразвалку

И  пугает он ворон.

Правiла 5. Вывучаем праз паўтарэнне. Паўтарэнне — неабходная ўмова замацавання. На жаль, не ўсе нашы падручнiкi адпавядаюць гэтаму патрабаванню. Аднак вучоныя даказалi, што для трывалага запамiнання трэба адпрацоўваць блокi iнфармацыi ў кароткi час, але iнтэнсiўна. Я прапаноўваю вучням рабiць невялiкiя карткi са словамi для завучвання: з аднаго боку запiсваем слова, з другога — пераклад. У далейшым работа становiцца падобнай на гульню: трэба прагортваць стосiк картак, называючы слова i пера­клад (правiль­насць правяраем адразу, перавярнуўшы картку). Калi слова названа правiльна — яно адкладаецца ўбок, калi не — вяртаецца ў стосiк. Дастаткова зрабiць гэта 2—3 разы запар на працягу некалькiх дзён, каб вывучыць усе. (40 слоў за 3 днi — нядрэнны вынiк!) Потым у любы момант можна вярнуцца да раней вывучанага матэрыялу для паўтарэння. Дарэчы, карткi можна выкарыстоўваць i для розных лексiчных гульняў. Напрыклад, выцягнуць некалькi  слоў i скласцi з iмi смешны сказ або мiнi-гiсторыю.

Правiла 6. Спачатку вучыць — потым кантраляваць. Мне не патрэбны дрэнныя адзнакi, мне патрэбен вынiк. Можна па-рознаму ставiцца да слоўнiкавых дыктовак, але, на маю думку, кантраляваць нешта можна толькi пасля належнай адпрацоўкi. Вучань павiнен адчуваць сябе ўпэўнена. Калi кантроль лексiкi адбывацца не на другiм, а на 4—5 уроку па тэме, мы можам гаварыць пра больш устой­лiвы вынiк.

Вядома, вышэйназваныя прыклады не вычэрпваюць скарбонку прыёмаў па замацаванні лексiчных адзiнак. Не  з’яўляюцца яны i панацэяй ад гультая­ватасцi, але дазваляюць зрабiць працэс узба­гачэння слоўнiкавага запасу больш разнастайным i прыемным як для вучняў, так i для настаўнiка. Вяртаючыся да першага правiла, яшчэ раз адзначу, што ўсе вучнi розныя. Важна, каб кожны мог выбраць спосаб, прыдатны менавiта для яго, таму што паспяховы вучань — гэта гонар для настаўнiка.

Юлія КАСТАЛОМАВА,
настаўніца іспанскай мовы гімназіі № 2 Ваўкавыска.