Шляхі актывізацыі прафесійнага станаўлення канкурэнтаздольнага спецыяліста

Укараненне на вытворчасці новых сучасных тэхналогій патрабуе кваліфікаваных спецыялістаў і прадстаўнікоў рабочых прафесій, здольных кіраваць складанымі працэсамі, таму перад сістэмай прафесійна-тэхнічнай адукацыі стаіць задача падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў, канкурэнтаздольных на рынку працы.

Падрыхтоўка да працоўнай дзейнасці, фарміраванне спецыяліста, які валодае асновамі прафесійнага майстэрства, прывіццё яму добрасумленных адносін да працы, любові да прафесіі, высокіх ідэйна-маральных якасцей — вось асноўныя напрамкі дзейнасці Мсціслаўскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійна-тэхнічнага каледжа.
У цяперашні час каледж — адна з сучасных навучальных устаноў будаўнічага профілю, у якой можна атрымаць не толькі прафесійна-тэхнічную, але і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Тут ажыццяўляецца падрыхтоўка па 12 спецыяльнасцях.
У педагагічным працэсе ключавую пазіцыю займаюць пытанні падрыхтоўкі падрастаючага пакалення да жыцця і працы, фарміравання ў яго якасцей, якія вызначаюць канкурэнтаздольнасць, развіваюць адказнасць за прафесійную і сацыяльную будучыню.
Уменне планаваць і арганізоўваць сваю дзейнасць у залежнасці ад умоў у сферы вытворчасці, валоданне прафесійнымі ведамі на дастаткова высокім узроўні, самастойнасць, высокая маральная і духоўная культура, якасць працы — вось тыя ўласцівасці, якімі павінен валодаць канкурэнтаздольны спецыяліст. Сёння неабходна рыхтаваць не толькі адукаванага спецыяліста, але і гарманічную асобу, якая будзе імкнуцца да прафесійнага росту, развіцця і самаўдасканалення.
З 2011 года каледж — вядучая ўстанова ў сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі па напрамку “Навукова-метадычнае забеспячэнне прафесійна-тэхнічнай адукацыі па кваліфікацыі “Стропальшчык”.
Падрыхтоўка рабочых кадраў у каледжы вядзецца з улікам сучасных патрабаванняў і дае магчымасць выпускаць спецыялістаў, якія ведаюць тэхнічныя характарыстыкі сучаснага абсталявання, праграмнага забеспячэння, а таксама ўмеюць самастойна выконваць самыя складаныя працэсы і аперацыі. Для больш хуткага і якаснага авалодання навыкамі прафесійнага майстэрства ў каледжы выкарыстоўваюцца разнастайныя формы арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу: частка вучэбных заняткаў па вытворчым навучанні вядзецца на аб’ектах прадпрыемстваў і арганізацый горада; на высокім узроўні праводзяцца конкурсы прафесійнага майстэрства па асноўных прафесіях; стымуляванне прафесійна-пазнавальнай актыўнасці ажыццяўляецца праз арганізацыю спаборніцтваў на лепшую вучэбную групу; афармляюцца стэнды “Выдатнік вучобы”, “Лепшы па прафесіі”; праводзяцца конкурсы творчых работ і тыдняў па спецыяльнасцях; дні адкрытых дзвярэй з мэтай фарміравання пераемнасці пакаленняў, традыцый навучальнай установы; праводзяцца выставы тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці; ладзяцца выставы сучаснай тэхнікі, абсталявання, вытворчых тэхналогій; ажыццяўляюцца выязныя рэйды агітбрыгад па прафарыентацыі.
Правільна выбраныя шляхі, формы і метады арганізацыі вучэбнай дзейнасці дазволілі дасягнуць пэўных вынікаў. Так, каманда каледжа стала пераможцай на абласных этапах конкурсаў прафесійнага майстэрства навучэнцаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай адукацыі, па прафесіях муляр у 2010 г. і тынкоўшчык у 2012 г., што дало магчымасць нашым навучэнцам прадстаўляць Магілёўшчыну на рэспубліканскіх этапах конкурсаў прафесійнага майстэрства, дзе яны занялі 3-я месцы. Значным дасягненнем я лічу дыплом III ступені абласнога этапу конкурсу прафесійнага майстэрства па прафесіі электрагазазваршчык ручной зваркі (2012 г.). Апошняя наша ўзнагарода — дыплом
III ступені Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus-2014 у намінацыі “Каменныя работы”.
У летні перыяд навучэнцы, занятыя ў будаўнічых студэнцкіх атрадах, удасканальваюць свае прафесійныя навыкі. Студэнцкія атрады — гэта добрая магчымасць праявіць свае лідарскія і прафесійныя якасці, магчымасць зарабіць і ўнесці свой уклад у будаўніцтва ці рамонт аб’ектаў Мсціслаўшчыны. Будаўнічы студэнцкі атрад
УА “МДБПТК” “Сож-АГРА” — пераможца ў намінацыі “Лепшы студэнцкі атрад-2013”. У 2014 годзе Ганаровай граматай райвыканкама каледж быў узнагароджаны як лепшы штаб працоўных спраў.
Падрыхтоўка моладзі да жыцця ў новых сацыяльна-эканамічных умовах прадугледжвае актывізацыю яе прафесійнага самавызначэння. Творчае стаўленне да працы фарміруецца ў працэсе стварэння, таму задача педагагічнага калектыву — дапамагчы знайсці ў любой прафесіі магчымасць самастойнага стварэння новага і рэалізацыі патэнцыяльных магчымасцей кожнага з навучэнцаў. Да гэтай высокай мэты педагагічны калектыў каледжа і імкнецца з году ў год.

Валерый ДРОБЫШАЎ,
дырэктар Мсціслаўскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійна-тэхнічнага каледжа.