Шлях да поспеху: талент і працавітасць вучня + прафесіяналізм настаўніка

Работа з высокаматываванымі і адоранымі навучэнцамі — адзін з прыярытэтных напрамкаў кожнай установы адукацыі. Гімназія № 1 Горак не з’яўляецца выключэннем. Перамогі гімназістаў у розных інтэлектуальных, творчых, даследчых конкурсах і алімпіядах — вынік мэтанакіраванай і сістэмнай работы ўсяго педагагічнага калектыву.

У нашай гімназіі склалася пэўная сістэма работы па падрыхтоўцы вучняў да алімпіяднага руху. Падрыхтоўка пачынаецца ўжо з 5 класа. Адбор навучэнцаў ажыццяўляецца на падставе вынікаў вучэбнай дзейнасці ў пачатковай школе, псіхалагічнай дыягностыкі і рэкамендацый, назіранняў настаўніка і, безумоўна, з улікам жадання саміх вучняў і іх бацькоў.
У 5—7 класах навучэнцы, як правіла, займаюцца падрыхтоўкай па некалькіх прадметах. Штогадовы ўдзел у гімназічных і раённых алімпіядах па вучэбных прадметах сярод вучняў 5—8 класаў дапамагае і вучням, і педагогам вызначыцца ў выбары прадмета да старшых класаў.
Безумоўна, асноўная работа па падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяды ідзе на ўроках, бо менавіта тут закладваецца падмурак ведаў па прадмеце. Індывідуальна-дыферэнцыраваны падыход на вучэбных занятках дазваляе матываваным навучэнцам займацца па асобным плане, паглыбляцца ў тэму, якая вывучаецца, працаваць на апярэджанне. Для арганізацыі такой работы на ўроку ад настаўніка патрабуецца высокі прафесіяналізм, глыбокія веды прадмета і метадычная пісьменнасць.
Падрыхтоўка да алімпіяды працягваецца на факультатыўных і стымулюючых занятках. Праграмы факультатыўных заняткаў даюць магчымасць паступовага паглыблення ў асобныя тэмы або напрамкі вучэбнага прадмета.
У гімназіі склалася сістэма размеркавання стымулюючых заняткаў. На пачатак навучальнага года кожнаму настаўніку, які працуе з алімпіяднікамі, выдзяляецца пэўная колькасць гадзін. Педагог па сваім меркаванні складае план правядзення такіх заняткаў. Гэта можа быць работа з рознаўзроставай групай навучэнцаў або з навучэнцамі адной паралелі. Круглы год арганізавана работа “Школы алімпійскага рэзерву”, дзе заняткі праводзяць усе настаўнікі-прадметнікі па распрацаваных праграмах. Такі абмен настаўнікамі дае магчымасць рознабаковага развіцця, больш глыбокай падрыхтоўкі вучняў па розных тэмах або відах заданняў. Заняткі школы працягваюцца ў канікулярны час, у тым ліку і летам.
Мэтанакіраваная работа дае стабільныя вынікі. На працягу 10 гадоў гімназісты штогод становяцца пераможцамі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Англійская мова”, “Матэматыка”, “Руская мова і літаратура”, “Геаграфія”, “Інфарматыка”. Сёлета да спіса прадметаў дабавілася і “Грамадазнаўства”.
За апошнія тры гады навучэнцы гімназіі заваявалі 3 дыпломы I ступені, 9 дыпломаў II ступені і 16 дыпломаў III ступені на трэцім этапе алімпіяды па вучэбных прадметах. У бягучым навучальным годзе ў гімназістаў з Горак 11 дыпломаў.
Павялічваецца і колькасць удзельнікаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, а ў апошнія два гады гімназісты сталі і яго пераможцамі (дыпломы III ступені па матэматыцы, спецпрыз міністра адукацыі па англійскай мове).
Дзесяць пераможцаў трэцяга этапу алімпіяды падрыхтавала настаўніца англійскай мовы Г.Е.Іскрова. Выбраўшы “моцную” асобу вучня, вывучыўшы прыярытэты сям’і дзіцяці, Галіна Емяльянаўна паступова вядзе яго да перамогі. Падача матэрыялу на апярэджанне, пільны аналіз любога выкананага задання, “разбор палётаў” і накід найбліжэйшых планаў на выпраўленне памылак — абавязковыя ўмовы пры падрыхтоўцы да алімпіяды. І, вядома ж, работа настаўніка над сабой: “Мова — гэта жывы матэрыял. Важна сачыць за ёй, чытаць сучасныя газеты і часопісы, літаратурныя навінкі, інфармацыйныя рэсурсы сеткі інтэрнэт, каб быць сучаснай і не прапусціць новыя з’явы ў мове краіны, якая так далёка ад нас!”
Настаўніца англійскай мовы А.У.Клопатава свой сакрэт поспеху бачыць ва ўменні зацікавіць вучня, уцягнуць у алімпіядны рух, даць магчымасць рэалізацыі яго ўласных ідэй і ўнікальнасці мыслення.
Атрымліваць перамогі па матэматыцы вучням гімназіі дапамагае высокая працаздольнасць і штодзённая праца. Настаўнікі матэматыкі В.С.Стрыжэнікава і В.С.Данілёнак знаходзяць сваіх вучняў і вядуць іх да перамогі пачынаючы з 5 класа. Штогод сярод іх выхаванцаў ёсць пераможцы абласнога этапу алімпіяды, а навучэнец Ігар Жарыкаў двойчы з’яўляўся пераможцам заключнага этапу алімпіяды па матэматыцы і ў 2014 годзе стаў студэнтам БДУ без уступных выпрабаванняў.
Асаблівасці паспяховай работы настаўніка інфарматыкі Т.А.Пруднікавай у сумесным з вучнямі планаванні і стварэнні індывідуальнай траекторыі працы, у матывацыі навучэнцаў да дасягнення найвышэйшых вынікаў. “Кожны чарговы поспех стварае веру ў тое, што ў будучыні ты зможаш дасягнуць яшчэ большага. Калі дзіця пазнае смак перамогі, яно хоча ісці далей”, — лічыць Таццяна Аляксандраўна.
Стабільныя вынікі на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды паказваюць гімназісты па геаграфіі. Настаўнікі Л.М.Шведава і А.С.Скаромная належаць да ліку педагогаў, якія сумяшчаюць у сабе выкладчыцкі вопыт, энцыклапедычны аб’ём ведаў і па-сапраўднаму творчае, душэўнае стаўленне да працэсу навучання школьнікаў. Паспяховасць іх работы заключаецца ў добраахвотнасці і ўсвядомленасці выбару вучнем вучэбнага прадмета, сістэматычнасці заняткаў, поўным пагружэнні ў геаграфічную навуку.
Вучні В.Я.Дронінай неаднаразова з’яўляліся пераможцамі абласнога і рэспубліканскага конкурсаў навукова-даследчых работ вучняў па вучэбным прадмеце “Грамадазнаўства”, а ў бягучым навучальным годзе атрымалі перамогі і ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды. Вікторыя Яўгенаўна фарміруе матывацыю навучэнцаў да вывучэння прадмета праз уключэнне ва ўзаемадзеянне і творчасць, заахвочвае самастойнасць, арыентуецца на ўнікальны асобасны патэнцыял вучня.
Настаўнікам Н.У.Рэндавай, Н.Е.Сяргеенка, Т.А.Вярэніч дасягнуць вынікаў дапамагае любоў да рускай мовы і літаратуры. Улюбіўшы ў мову і літаратуру сваіх вучняў, паказаўшы ім прыгажосць, багацце і магчымасці рускай мовы, навучыўшы іх працаваць і самастойна шукаць адказы на пытанні, гэтыя педагогі ўпэўнена вядуць навучэнцаў да перамогі. Вучаніца Н.У.Рэндавай Хрысціна Ларковіч да сваіх двух дыпломаў II ступені на абласным этапе алімпіяды дадала ў гэтым годзе і перамогу на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” (дыплом III ступені).
“Калі на шляху да поспеху ў вучня ёсць талент, працавітасць, мэта, а ў настаўніка — прафесіяналізм і жаданне бачыць свайго вучня паспяховым — усё атрымаецца” — такі дэвіз поспеху Т.А.Вярэніч. Яе выпускніца Аліса Васканян, прызёр абласных алімпіяд па рускай мове і літаратуры, у 2013 годзе стала студэнткай факультэта журналістыкі МДУ імя М.В.Ламаносава, атрымаўшы на творчым уступным іспыце максімальную колькасць балаў.
Удзельнічаючы і перамагаючы ў алімпіядах, гімназісты атрымліваюць велізарны багаж ведаў, уменне самастойна думаць і займаць асобасную пазіцыю ў любой жыццёвай сітуацыі. Нашы выпускнікі ўпэўнена становяцца студэнтамі прэстыжных ВНУ, працягваюць навуковую і грамадскую дзейнасць. Без навукі не можа быць прагрэсу, таму ў нашай гімназіі клопат пра будучых навукоўцаў краіны — адна з прыярытэтных задач, якая паспяхова рэалізоўваецца.

Ірына ХАЛЮКОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Горак.