Школьныя радасці для дашкалят

Па вызначэнні педагога Д.Б.Эльконіна, дашкольны і малодшы школьны ўзрост — гэта адна эпоха чалавечага развіцця, названая дзяцінствам. Выхавальнікі дзіцячага садка і настаўнікі пачатковых класаў маюць шмат агульнага ў выкананні свайго прафесійнага абавязку, таму ў іх агульнае радавое імя — педагог. Менавіта таму праблемы пераемнасці (фізіялагічная і сацыяльна-псіхалагічная дэзадаптацыя) могуць быць паспяхова вырашаны пры цесным узаемадзеянні дзіцячага сада, сям’і і школы. Выйграюць ад гэтага ўсе, асабліва дзеці. Пераходны перыяд ад дашкольнага да школьнага дзяцінства лічыцца найбольш складаным і ўразлівым для дзяцей 5-6 гадоў.

Актуальнасць гэтай праблемы заахвоціла педагагічныя калектывы сярэдняй школы № 1 Ашмян і ясляў-сада № 4 распрацаваць стратэгію па ажыццяўленні пераемнасці. Яна ўключае выпрацоўку праграмы супрацоўніцтва, павышэнне псіхолага-педагагічнай пісьменнасці бацькоў, фарміраванне фундаментальных перадумоў да вучэбна-пазнавальнай дзейнасці (дашкольная ўстанова) і навыкаў “умення вучыцца” (I ступень агульнай сярэдняй адукацыі).
Першарадным для нас з’яўляецца правядзенне маніторынгу для вырашэння задач лёгкай адаптацыі да новага сацыяльнага статусу “вучань”: гэта дыягностыка школьнай сталасці і праяў дэзадаптацыі, аналіз стану здароўя дзяцей, аналіз прафесійнай кампетэнцыі выхавальнікаў і настаўнікаў пачатковых класаў, зыходзячы з патрабаванняў адукацыйнага стандарту “Дашкольная адукацыя”, штогадовая тэматычная праверка “Вынікі адаптацыі навучэнцаў першых класаў” (кастрычнік, красавік), мікрадаследаванне задаволенасці школай сярод дзяцей і іх бацькоў.
Традыцыйна ў кастрычніку на базе школы праводзіцца псіхолага-педагагічны кансіліум, дзе адміністрацыя дзіцячага сада і школы, служба сацыяльна-педагагічнай дапамогі аналізуюць паспяховасць стварэння настаўнікамі 1-х класаў і выхавальнікамі груп прадоўжанага дня аптымальных умоў для спрыяльнай адаптацыі першакласнікаў да школы, вызначаюць напрамкі для далейшай карэкцыйнай работы па забеспячэнні паўнацэннага псіхічнага і асобаснага развіцця кожнага дзіцяці.
Дасягнуць пазітыўных вынікаў у забеспячэнні бесперапыннага развіцця і выхавання дзяцей дапамагае мэтанакіраваная работа педкалектываў дзіцячага садка № 4 і школы па арганізацыі сумесных мерапрыемстваў (спартыўных спаборніцтваў “Няхай жыве Спартландыя!”, “Здаравячок”, запрашэнне дашкалят на святы ў школу і г.д.), правядзенне сходу для бацькоў “На парозе школьнага жыцця”, узаеманаведванне ўрокаў у першым класе школы і адкрытых заняткаў у старшай групе дзіцячага сада. На занятках у дзіцячым садзе прысутнічае настаўнік, які будзе вучыць гэтых дзяцей у першым класе. Пасля наведвання педагогі маюць магчымасць абмеркаваць надзённыя праблемы і скарэкціраваць сваю дзейнасць, што дае магчымасць удасканальваць метады навучання.
Стварэнню псіхафізічнага і сацыяльнага камфорту для паспяховай адаптацыі пяці- і шасцігодак спрыяе і арганізацыя “Школы радасці” па суботах. Асноўная яе мэта — паслядоўнае ўвядзенне дзіцяці ў свет новых сацыяльных адносін, падрыхтоўка да новай сацыяльнай ролі — “школьніка”. Педагогі I ступені агульнай сярэдняй адукацыі праводзяць з дашкалятамі наступныя заняткі: “Па дарозе да Азбукі”, “Мастацкая творчасць”, “Вясёлая матэматыка”, педагог-псіхолаг арганізуе развіццёвыя гульні. Школа радасці дазваляе дзецям мець роўныя стартавыя магчымасці пры паступленні ў школу.
На працягу некалькіх гадоў супрацоўніцтва аб’яднанымі намаганнямі педагогаў, адміністрацыі дзіцячага садка № 4 і школы наладжана стыкоўка адукацыйных праграм, створаны аптымальныя ўмовы для карэкцыйнай работы, развіцця пазнавальных здольнасцей дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Усё гэта пацвярджаюць аналітычныя і дыягнастычныя даныя адаптацыйнага перыяду. У цэлым усе першакласнікі паспяхова і хутка адаптуюцца да школьных умоў: шасцігодкі працаздольныя, жыццярадасныя, з жаданнем ходзяць у школу, паспяхова засвойваюць вучэбны матэрыял, адэкватна рэагуюць на патрабаванні і заўвагі педагогаў.
Перспектыва такой работы — захаванне псіхафізічнага здароўя кожнага дзiцяцi, развіццё яго інтэлектуальна-творчых здольнасцей праз актыўнае выкарыстанне здароўезберагальных і інтэрактыўных тэхналогій, наданне педагагічнаму працэсу цэласнага, паслядоўнага і перспектыўнага характару праз абавязковае ўключэнне бацькоў у адукацыйны працэс.
У гэтым годзе да сумеснай работы па пытаннях пераемнасці ў выхаванні і развіцці дзяцей падключыўся і педагагічны калектыў ясляў-сада № 7 Ашмян, адкрытага ў мікрараёне школы ў лютым 2013 года.
У канцы верасня на базе школы была праведзена аглядная экскурсія па школе для выхаванцаў старшых груп дзіцячых садкоў №№ 4 і 7. Пяцігодкі наведалі школьную бібліятэку, кабінет дырэктара, настаўніцкую, сталовую, спартыўную залу, вучэбныя кабінеты, камп’ютарныя класы. Малышы змаглі пасядзець за школьнай партай, наведаць рухавыя перапынкі, паглядзець выставы дзіцячых малюнкаў і вырабаў. Пасля экскурсіі дашкаляты разам са сваімі выхавальнікамі пабывалі на канцэрце ўдзельнікаў узорнай студыі эстрадных спеваў “Палёт”, прайшліся па прыгожай школьнай тэрыторыі. Трэба адзначыць, што экскурсія зрабіла на малых незабыўнае ўражанне: усе яны захацелі хутчэй стаць сапраўднымі школьнікамі.

Святлана ЖУКОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ашмянскай сярэдняй школы № 1.