Школьным факультатывам — пільная ўвага

На базе Цяцерынскай сярэдняй школы Круглянскага раёна адбыўся раённы тэматычны семінар “Кіраўнічыя аспекты арганізацыі факультатыўнага навучання ў школе”. На семінары разгледжаны пытанні арганізацыйна-метадычных асноў факультатыўнага навучання і сістэмы кіравання развіццём якасці факультатыўнага навучання.

У рабоце семінара прынялі ўдзел начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Круглянскага райвыканкама С.М.Храмцоў, намеснік начальніка І.У.Крывіцкая, загадчыца раённага метадычнага кабінета Л.А.Гарусава, дырэктары і намеснікі дырэктараў па вучэбна-выхаваўчай рабоце ўстаноў адукацыі Круглянскага раёна.
Адміністрацыя нашай установы адукацыі прадставіла ўдзельнікам семінара вопыт работы па забеспячэнні выканання гадавой цыклаграмы мерапрыемстваў з высокаматываванымі вучнямі, школьнай праграмы кіравання развіццём якасці факультатыўнага навучання, плана самааналізу арганізацыі факультатыўнага навучання. Прысутныя пазнаёміліся з выставай метадычных напрацовак з вопыту арганізацыі, метадычнага суправаджэння факультатыўных заняткаў у школе; з матэрыяламі, падрыхтаванымі адміністрацыяй па выніках правядзення ўнутранага кантролю і самааналізу.
Выкарыстанне рэфлексіўных метадаў зносін дазволіла стварыць на семінары атмасферу зацікаўленасці і цеснага супрацоўніцтва. Прадстаўнікі адміністрацыі ўстаноў адукацыі раёна абгрунтавана выказвалі ўласныя пункты гледжання падчас удзелу ў інтэрактыўнай лекцыі “Заканамернасці адукацыйнага працэсу на факультатыўных занятках”, праявілі творчы падыход пры выкананні заданняў “Алфавіт”, “Сінквейн”, “Выбар”.
Удзельнікі семінара наведалі змястоўныя факультатыўныя заняткі з выкарыстаннем эфектыўных сродкаў зваротнай сувязі (ацэначных лістоў, эталонаў правільных адказаў, рэфлексіі). Заняткі былі падрыхтаваны настаўнікамі А.У.Анадзенка, Д.А.Ігнатковічам, І.Ф.Пашкоўскай, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі рэалізуемага ў школе інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі арганізацыйна-метадычнага забеспячэння атэстацыі педагагічных кадраў устаноў адукацыі рэгіёна (на аснове развіцця рэфлексіўных прафесійных якасцей)”.
Пры падвядзенні вынікаў семінара яго ўдзельнікі адзначылі, што пераканаліся ў мэтазгоднасці і эфектыўнасці выкарыстання рэфлексіўных метадаў работы як на факультатыўных занятках, так і пры арганізацыі метадычнай работы з педагагічнымі кадрамі.

Таццяна ЖУКОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Цяцерынскай сярэдняй школы Круглянскага раёна.