Школьнікі выходзяць у дазор

З 24 навакольных вёсак і вёсачак прывозяць кожную раніцу школьныя аўтобусы дзяцей у Сапоцкінскую сярэднюю школу. І дзіўнага тут бы нічога не было, калі б не адна акалічнасць — частка гэтых населеных пунктаў Гродзенскага раёна знаходзіцца на тэрыторыі, дзе сыходзяцца межы Беларусі, Літвы і Польшчы. І ўжо больш за 60 гадоў у гэтай школе існуе гурток “Дазор” юных сяброў пагранічнікаў.

Раней і пасёлак гарадскога тыпу Сапоцкін знаходзіўся на памежнай тэрыторыі. З рэканструкцыяй Аўгустоўскага канала зона аддалілася, але цеснае супрацоўніцтва мясцовага насельніцтва з пагранічнікамі мае даўнія традыцыі. Дзядулі і бацькі сённяшніх школьнікаў і самі калісьці наведвалі гурток юных сяброў пагранічнікаў, дапамагалі ахоўваць дзяржаўную мяжу.
— “Дазор” — гэта важны элемент выхавання грамадзянскай пазіцыі школьнікаў, падрыхтоўкі да службы ў арміі і выбару жыццёвага шляху, — гаворыць дырэктар Сапоцкінскай сярэдняй школы Тэрэса Кодзік. — Многія хлопцы праходзяць тэрміновую службу ў органах пагранічнай службы, некаторыя выбіраюць для сябе прафесію афіцэра. Вось у мінулым годзе 1 верасня на ўрачыстую лінейку прыехаў наш выпускнік — курсант-першакурснік Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь Данііл Кізюкевіч, які быў удзельнікам “Дазору”.
Гурток “Дазор” працуе па адпаведным плане, які ўключае вывучэнне гісторыі і баявых традыцый органаў пагранічнай службы, асновы пагранічнага майстэрства, заняткі па агнявой, страявой, ваенна-медыцынскай падрыхтоўцы. Заняткі праводзяць кіраўнік гуртка настаўнік фізічнага выхавання Іосіф Закрэўскі і пагранічнікі. Прадстаўнікі застаў аказваюць дапамогу ў правядзенні практычных і тэарэтычных заняткаў, такіх як “Традыцыі пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь”, “Іх імёнамі названы заставы”, “Тэрміновая ваенная служба салдат і сяржантаў”, “Правілы воінскай ветлівасці”, “Знакі адрознення і форма адзення”. Дарэчы, упраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенская пагранічная група распрацавалі сумесную праграму дзейнасці гурткоў юных пагранічнікаў.
Кожнае лета выхаванцы “Дазору” выязджаюць у дзевяцідзённы лагер на заставу імя Віктара Усава. Тут разам з пагранічнікамі яны на практыцы спазнаюць, як быць у дазоры. Іх вучаць маскіравацца і арыентавацца на мясцовасці, вызначаць адлегласць і распазнаваць розныя сляды, працаваць з компасам і рознымі сродкамі сувязі, знаёмяць са спецыяльнай ваеннай тэрміналогіяй. Спартыўныя заняткі і заняткі па асновах ваеннай справы праводзяцца штодзённа. Далучэнне да ваеннай справы дазваляе не толькі ўдасканаліць уменне страляць ці разбіраць аўтамат, палепшыць фізічную форму, але, галоўнае, яшчэ больш зразумець адказнасць абаронцы Радзімы.
Хлопцы жывуць па распарадку заставы, а ў вольны час разам з маладымі пагранічнікамі, якія толькі на некалькі гадоў старэйшыя за іх, праводзяць таварыскія матчы па футболе, валейболе, настольным тэнісе. Сяброўства працягваецца і падчас навучальнага года. Пагранічнікі з’яўляюцца членамі журы школьнага конкурсу строю і песні “Песня ў ваенным шынялі”, абавязкова ўдзельнічаюць у круглых сталах “Любоўю да Радзімы дыхаючы” і “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”. Школьнікі і пагранічнікі разам праводзяць уборку месцаў пахавання ў вёсках Галавенчыцы і Чарток.
Члены гуртка “Дазор” паказваюць высокія вынікі ў конкурсах і аглядах. Так, па выніках абласнога злёту атрадаў юных сяброў пагранічніка ў 2014 годзе дазораўцы занялі 1 месца.
Намеснік камандзіра па ідэалагічнай рабоце заставы № 14 “Сонічы” Андрэй Скарына адзначае важнасць такой работы: нямала выхаванцаў гуртка “Дазор” праходзяць тэрміновую ваенную службу ў органах пагранічнай службы, яны вылучаюцца добрай падрыхтоўкай і матываванасцю.
Чарговы раз школьнікі Сапоцкінскай школы пабывалі на заставах імя В.Усава і “Сонічы” падчас правядзення рэспубліканскай акцыі “Да абароны Айчыны гатовы!”. Для вучняў была арганізавана сустрэча з афіцэрамі і салдатамі, якія расказалі аб станаўленні і традыцыях пагранічнай службы Беларусі. Не абышлася сустрэча і без практычных заняткаў — і хлопцам, і дзяўчатам было вельмі цікава паўдзельнічаць у конкурсе па зборцы і разборцы аўтамата.
Як і ў мінулыя гады, Сапоцкінская школа ў маі разам з пагранічнікамі ўрачыста адзначыць Дзень Перамогі і Дзень пагранічніка.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.