Школа ранняга развіцця для дзяцей і іх бацькоў

Праблема адаптацыі дзіцяці ў дашкольнай установе з’яўляецца надзвычай актуальнай. Многія маладыя сем’і не ўмеюць ці не могуць правільна падрыхтаваць малышоў да паступлення ў дзіцячы садок. Адсюль высокі працэнт цяжкай адаптацыі дашкольнікаў, іх захваральнасць, недавер з боку бацькоў. Неабходны плаўны пераход ад выхавання дзяцей у сям’і да выхавання ў дашкольнай установе.

Каб вырашыць праблему адаптацыі дашкольнікаў, наш педагагічны калектыў звярнуў увагу на такую форму работы, як школа ранняга развіцця для дзяцей ад аднаго да трох гадоў, якія не наведваюць садок. Вызначылі задачы: шляхам супрацоўніцтва садзейнічаць паўнацэннаму псіхафізічнаму, асобаснаму і інтэлектуальнаму развіццю дзяцей, іх сацыялізацыі ў калектыве равеснікаў і дарослых, а таксама самастойнасці падчас сумеснай гульнявой дзейнасці. Акцэнтуем увагу на павышэнні педагагічнай культуры бацькоў, фарміраванні даверных адносін і стварэнні станоўчага эмацыянальнага фону, што садзейнічае спакойнай і дружалюбнай атмасферы, накіраванай на развіццё і станаўленне асобы.
Для інфармавання грамадскасці аб адкрыцці школы ранняга развіцця на сайце раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму быў размешчаны рэкламны ролік адпаведнага зместу, сярод жыхароў мікрараёна распаўсюджваліся спецыяльныя буклеты, неабходная інфармацыя вывешвалася на стэндах аб’яў у грамадскіх месцах і дамах, а таксама даводзілася да ведама на бацькоўскіх сходах.
З бацькамі, якія захацелі наведваць школу ранняга развіцця, былі заключаны дагаворы. Адначасова бацькам былі прапанаваны для запаўнення анкета-знаёмства і анкета для выяўлення іх запытаў і чаканняў ад супрацоўніцтва з дашкольнай установай. Абавязкова прадастаўлялася даведка пра стан здароўя дзіцяці.
Творчая група педагогаў у адпаведнасці з нарматыўнымі прававымі актамі і зыходзячы з аналізу рэсурснага забеспячэння, вывучэння запытаў бацькоў малышоў распрацавала план работы з дзецьмі і бацькамі на навучальны год, падабрала метадычныя дапаможнікі. Былі вызначаны ўдзельнікі педагагічнага працэсу. З мэтай задавальнення патрэб сям’і ў спецыялізаванай дапамозе
педагога-псіхолага, настаўніка-дэфектолага, музычнага кіраўніка і кіраўніка фізічнага выхавання быў складзены перспектыўны план правядзення кансультацый вузкімі спецыялістамі і створаны пакет кансультацыйных матэрыялаў для бацькоў.
Пры арганізацыі развіццёвага і гульнявога асяроддзя мы абапіраліся на дзве задачы. Першая грунтавалася на тым, што малышам павінна быць утульна і радасна. Другая прадугледжвала стварэнне спецыяльна арганізаванага асяроддзя для гульняў, адпачынку і заняткаў, якое садзейнічала б рознабаковаму развіццю дзяцей. Улічваліся індывідуальныя і ўзроставыя асаблівасці малышоў, таму матэрыялы і элементы інтэр’ера дынамічныя (пры неабходнасці адбываецца хуткая рэарганізацыя прасторы).
Для заняткаў з дзецьмі і бацькамі выкарыстоўваем розныя памяшканні ўстановы. Музычная зала абсталявана неабходным інвентаром — музычнымі і дзіцячымі шумавымі інструментамі, музычнымі цацкамі з рознымі спосабамі ўтварэння гукаў, рознымі відамі тэатраў (пальчыкавы, лялечны, тэатр карцінак) і музычна-дыдактычнымі гульнямі. На музычных занятках фарміруецца мастацкі вопыт дзяцей, якія далучаюцца да музычнай дзейнасці і абагачаюцца музычнымі ўражаннямі.
Фізкультурная зала і фітнес-зала ўкамплектаваны мячамі розных памераў, лесвіцамі, дошкамі рознай даўжыні і шырыні, мяккімі модулямі і інш. Практыкуем выкарыстанне нестандартнага абсталявання і трэнажораў (гімнастычны ролік, дыск здароўя, батут, масажныя дыванкі, мячыкі на рызінцы і масажныя мячыкі). Гэта павышае рухальную актыўнасць дзяцей, удасканальвае каардынацыю іх рухаў.
Малышы любяць наведваць тэатральна-гульнявы салон. Дзецям падабаюцца тэатральныя дэкарацыі, сцэнічныя касцюмы і лялькі.
У кабінеце педагога-псіхолага, які займаецца стварэннем псіхалагічнага камфорту, аказаннем дапамогі ў зносінах бацькоў з дзецьмі і кансультатыўнай дапамогі па актуальных праблемах выхавання і развіцця малышоў, размешчаны нізкія адкрытыя паліцы з цацкамі, розныя віды канструктараў, набор для гульняў з вадой і пяском.
Для цікавага і прадукцыйнага знаходжання ў гульнявым пакоі ёсць цацкі і гульнявыя дапаможнікі, якія ўлічваюць узроставыя асаблівасці дзяцей: цацкі-каталкі, пірамідкі рознай велічыні і формы, наборы сенсорнага матэрыялу, канструктары, машынкі, дыдактычныя гульні, матэрыялы для малявання, лепкі і аплікацыі, літаратурныя творы.
Паводле вынікаў анкетавання бацькоў, адной з самых важных з’яўляецца праблема развіцця маўлення дзяцей. Для задавальнення адпаведных запытаў настаўнікі-дэфектолагі праводзяць з малышамі пальчыкавыя гульні, гульні з прадметнымі і сюжэтнымі карцінкамі, расказваюць дзецям казкі, чытаюць апавяданні, а таксама рэкамендуюць бацькам матэрыялы для заняткаў з дзецьмі ў дамашніх умовах.
Заняткі ў школе ранняга развіцця доўжацца дзве гадзіны (з 10.00 да 12.00) і праходзяць штотыдзень па аўторках і чацвяргах. Падчас заняткаў бацькі знаходзяцца з дзецьмі.
Заняткі школы складаюцца з некалькіх частак. Першая — гульня-прывітанне. Другая частка накіравана на сенсаматорнае, маўленчае і пазнавальнае развіццё дзяцей (залежыць ад мэты канкрэтных заняткаў). Трэцяя частка ўключае прадукцыйную дзейнасць у залежнасці ад узросту дзіцяці (маляванне, аплікацыя з наклейваннем і без яго, лепка, канструяванне). Чацвёртая частка прадугледжвае музычную дзейнасць і заняткі фізкультурай. Пятая частка — кансультаванне бацькоў і гульня-развітанне.
Добра прыжыліся ў школе фітапаўзы, якія садзейнічаюць зносінам бацькоў і педагогаў. Мы не даём ацэнку і парады бацькам, бо сям’я выхоўвае дзіця не па педагагічных методыках, а па сваіх жыццёвых прынцыпах, у адпаведнасці са сваімі культурай і традыцыямі, па сваіх правілах і планах. Наша задача — навучыць бацькоў бачыць і правільна ацэньваць выхаваўчыя дзеянні.

Алена МАРОЗ,
загадчыца ясляў-сада № 9 Кобрына.