Школа паспяховага бацькоўства

У школе дзяцей вучаць розным прадметам, але, на жаль, не вучаць быць бацькамі — любячымі, добрымі і адказнымі. Праблем з паспяховасцю ўдалося б пазбегнуць, калі мамы і таты ўмелі б канструктыўна будаваць адносіны з уласнымі дзецьмі.

Вялікую ролю ў арганізацыі работы з бацькамі адыгрывае інструментарый, якім карыстаюцца спецыялісты сацыяльна-псіхолага-педагагічнай службы. Для дапамогі ў выхаванні дзяцей добра зарэкамендавала сябе праграма “Школа паспяховага бацькоўства”, прапанаваная прадстаўніцтвам Міжнароднага дзіцячага фонду ў Беларусі. Праграма, аўтарамі якой з’яўляюцца Майкл і Тэры Квін, адаптавана да айчынных умоў і ўяўляе сабой цыкл заняткаў у форме трэнінгаў / семінараў-практыкумаў, якія выбудаваны ў лагічнай паслядоўнасці і закранаюць асноўныя аспекты дзіцяча-бацькоўскіх адносін.Каб атрымаць права весці заняткі па праграме “Школы паспяховага бацькоўства”, давялося прайсці спецыяльны трэнінг для трэнераў, якія працуюць з бацькамі. Гэта дазволіла арганізаваць іх навучанне па 4 праграмах: “Ад каляскі да школы”, “Што могуць бацькі” (ад 5 да 15 гадоў), “Як выжыць бацькам падлетка” і “Мастацтва самасцвярджэння”. Найбольш запатрабаванымі аказаліся праграмы “Што могуць бацькі” і “Як выжыць бацькам падлетка”.
Чатырохгадовы вопыт работы па праграмах “Школы паспяховага бацькоўства” паказаў іх выніковасць. Бацькі набылі ўпэўненасць у сваіх сілах, зразумелі прычыны парушэння паводзін дзяцей і шляхі вырашэння розных праблем. Галоўнае, што мамы і таты паверылі ў свой поспех у выхаванні падлеткаў.
Добрую эфектыўнасць мае не толькі групавая, але і індывідуальная форма работы з бацькамі ў выглядзе тэматычных кансультацый. Прывяду прыклад. Аднойчы ў маім кабінеце з’явіўся новы хлопчык, непаседлівы, з калючым позіркам, напружаны. За 2 тыдні вучобы ўсе настаўнікі-прадметнікі прыйшлі ад яго ў жах. Даведваюся, што ў папярэдняй школе ён часта біўся з іншымі дзецьмі. З-за гэтага быў пастаўлены на ўлік у ІСН. Веды па прадметах вымушаюць жадаць лепшага. У размове скардзіцца на тое, што ніхто яго не разумее. Гавару з падлеткам пра правакуючыя паводзіны і навыкі самарэгуляцыі. Разумею, што працаваць трэба не столькі з дзіцем, колькі з яго мамай.
Першая сустрэча з мамай падлетка адбылася ў кабінеце дырэктара. Жанчына была выклікана з-за шматлікіх парушэнняў яе сынам дысцыпліны. У маці напружаная поза, такі ж калючы позірк, поўная гатоўнасць да “баявых дзеянняў”. Але вайна нікому не патрэбна. Бацькі і педагогі павінны быць саюзнікамі. Застаецца толькі пераканаць маці, што паводзіны сына можна змяніць у лепшы бок.
Спачатку пытаюся, ці варта працягваць мець зносіны з сынам па-ранейшаму, нават калі гэта не дае чаканага выніку. Далей працягваем гутарку ў маім кабінеце. Прапаную прапрацаваць матэрыялы курса для бацькоў падлеткаў у форме тэматычных кансультацый. Тлумачу асаблівасці курса, неабходнасць змянення падыходаў у выхаванні, гавару пра фарміраванне прыхільнасцей і інш. Мама згаджаецца наведваць заняткі. Акрамя таго, дамаўляемся, што кожны вечар яна будзе пытацца ў сына, як тлумачаць (якімі словамі) вучэбны матэрыял настаўнікі на кожным уроку. Далей на працягу двух з паловай месяцаў мы сустракаемся па серадах і працуем па тэматыцы курса. Адначасова настаўнікі знаходзяць прычыны, па якіх можна пахваліць падлетка. З ім таксама працягваю зносіны.
Вынік прыйшоў хутка. Літаральна праз месяц спыніліся бойкі, палепшыліся адзнакі. Праўда, маці праз 2 тыдні пасля змянення падыходаў давялося вытрымаць сур’ёзнае супраціўленне сына. Ён скардзіўся, што стаміўся ўважліва слухаць тлумачэнні настаўнікаў на ўроках ды і ўвогуле моцна стамляецца ад школьных заняткаў. Мама спачувала, але працягвала працаваць па плане.
Сёння, праз паўгода пасля заканчэння заняткаў, маці працягвае выкарыстоўваць новыя падыходы ва ўзаемаадносінах з сынам. Ім разам стала прасцей і цікавей жыць. Класны кіраўнік і настаўнікі-прадметнікі адзначаюць, што паводзіны падлетка сталі лепшымі, бойкі спыніліся, аднакласнікі пачалі яго больш паважаць. Праўда, ёсць яшчэ пытанні па вучэбнай матывацыі, патрабуецца кантроль. Але не ўсё прыходзіць адразу. Радуе, што ў мяне з’явіўся сябар, які прапануе дапамогу ў чым-небудзь. Падлетку хочацца быць карысным людзям. Знік калючы позірк, на твары часцей стала з’яўляцца прыемная ўсмешка.
Станоўчых прыкладаў змянення паводзін дзяцей падчас прымянення іх бацькамі матэрыялаў “Школы паспяховага бацькоўства” шмат. На жаль, даводзіцца сутыкацца з сітуацыямі, калі мамы і таты, якія маюць патрэбу ў занятках, не жадаюць траціць асабісты час на іх і работу над сабой. Такія бацькі пераносяць адказнасць за выхаванне дзяцей на школу. Ім прасцей папрасіць зрабіць што-небудзь з іх дзецьмі, каб яны сталі паслухмянымі, але самі пры гэтым мяняцца не хочуць. А без асабістых змен нічога не атрымаецца. У гэтым заключаецца асноўная цяжкасць работы з бацькамі. І ўсё ж такі станоўчыя вынікі ёсць. Яны натхняюць на далейшую работу з мамамі і татамі па фарміраванні канструктыўных дзіцяча-бацькоўскіх адносін.

Ірына КАРОЗА,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 18 Брэста.