Школа чалавечнасці

Акцыя пад назвай “Падзяліся дабром” прайшла ў сярэдняй школе № 12 Гродна ў падтрымку кампаніі “Беларусь інклюзіўная”. У яе аснову была пакладзена маладзёжная ініцыятыва каманды “Разам”, якая прадстаўляла школу ў інтэрнэт-гульні “НАША Беларусь”.

Актыўны ўдзел у мерапрыемствах прынялі навучэнцы і настаўнікі, жыхары мікрараёна школы, а таксама дзеці з асаблівасцямі развіцця, якія вучацца ў спецыялізаваных класах сярэдняй школы № 12. Акцыю пачала стартавая лінейка, на якой прадстаўнікі валанцёрскага аб’яднання “Школа чалавечнасці” ўручылі дзецям і дарослым маршрутныя лісты інклюзіўнага квеста “Падзяліся дабром”. У гэты дзень у школе праводзілі інфармацыйныя гадзіны “Беларусь інклюзіўная”, працаваў інтэрактыўны стэнд “Падзяліся дабром”. Дабрачыннае “Дог-шоу”, білетам на якое быў сухі корм для жывёл, што ўтрымліваюцца ў спецыялізаваным прытулку, дапамагло сабраць звыш 60 кілаграмаў корму.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел рэгіянальныя каардынатары Праекта ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” Аляксандр Шухно і Сяргей Салей. Яны перадалі дырэктару школы Але Галавенка буклет, выдадзены паводле акцыі “Экспрэс “ААН-70”, у якой сярэдняя школа № 12 была прадстаўлена адразу на некалькіх пляцоўках, з аўтографамі арганізатараў.

Фіналам акцыі стаў флэш-моб з жывой інсталяцыяй “ААН-71”, вырабам і запускам у неба папяровых галубоў з пасланнем чалавецтву ад удзельнікаў акцыі.

Галіна БОГДАН,
настаўніца выяўленчага мастацтва і чарчэння сярэдняй школы № 12 Гродна.