"Школа бяспекі" для педагогаў

“Бяспека дзяцей — клопат дарослых” — пад такім дэвізам пачыналася работа нашай дашкольнай установы шмат гадоў назад. І гэта невыпадкова. Праблема бяспекі жыццядзейнасці чалавека надзвычай актуальная. Сучасныя рэаліі патрабуюць ад выхавальнікаў дзіцячых садкоў неабходных ведаў і ўменняў у гэтым кірунку.

У нашай установе праблему бяспекі жыццядзейнасці чалавека надзвычай добра вывучыла выхавальніца вышэйшай катэгорыі Валянціна Іванаўна Жыгар. На працягу многіх гадоў яна выкарыстоўвала розныя формы работы з дзецьмі і іх бацькамі. Станоўчыя вынікі карпатлівай работы радавалі не толькі Валянціну Іванаўну, але і яе калег. Абагульніўшы вопыт работы па фарміраванні асноў бяспекі жыццядзейнасці дзяцей, выхавальніца прапанавала арганізаваць на базе нашага садка кансультацыйны пункт “Школа бяспекі” для педагогаў раёна. Для таго каб навучыць дзяцей азбуцы бяспекі, педагог павінен сам добра разбірацца ў гэтым пытанні і быць зацікаўленым у вырашэнні такой праблемы.
Ужо з першай сустрэчы з педагогамі з розных дзіцячых садоў раёна стала ясна, што стварэнне кансультацыйнага пункта цалкам апраўдана. Наведванні заняткаў былі ўсвядомленымі, а іх тэмы цікавымі. Так, на першым пасяджэнні “Школы бяспекі” быў прэзентаваны вопыт работы і прадстаўлены план дзейнасці пункта на навучальны год, а таксама было праведзена анкетаванне педагогаў з мэтай выяўлення запытаў і прапаноў. Валянціна Іванаўна арганізавала экскурсію па дашкольнай установе і паказала, колькі куткоў бяспекі абсталявана ў ёй.
“Не жартуй, малыш, з агнём!” — так гучала тэма другіх заняткаў. На іх выхавальніца падзялілася вопытам стварэння куткоў па пажарнай бяспецы. У адпаведным кутку сада ёсць не толькі пажарная машына, але і макет дома, пажарны шчыт, лялька-ратавальнік, каланча, вогнетушыцель, тэлефон, а таксама шмат дыдактычнага і метадычнага матэрыялу. Педагогам былі прапанаваны памяткі і буклеты.
На наступных занятках іх удзельнікі гаварылі пра Правілы дарожнага руху. У групе “Рамонак” нашай установы дзейнічае гурток “Зялёны аганёк”. За час яго існавання назапашана шмат цікавага і карыснага матэрыялу. Заняткі гуртка праходзяць у гульнявой форме на пляцоўцы па вывучэнні Правіл дарожнага руху, дзе малышы знаёмяцца з перакрыжаваннем дарог, разметкай, аўтобусным прыпынкам, дарожнымі знакамі і відамі транспарту. У кутку па вывучэнні Правіл дарожнага руху ладзяцца гутаркі, абыгрываюцца розныя сітуацыі. На бацькоўскіх сходах дзеці бяруць інтэрв’ю ў татаў і мам, інспектараў ДАІ.
На занятках “Школы бяспекі” Валянціна Іванаўна выкарыстоўвала матэрыялы па тэмах “Здароўе дзіцяці”, “Эмацыянальны дабрабыт”, “Бяспека ў побыце”, “Бяспека ў прыродзе” і інш. На занятках паказваліся прэзентацыі, арганізоўваліся выставы, выпускаліся газеты і буклеты, праводзіліся гульні і экскурсіі.
Валянціна Іванаўна сабрала матэрыялы, назапашаныя за час шматгадовай работы, у электронным выглядзе, сістэматызавала іх і прапанавала калегам. Выхавальнікі іншых дашкольных устаноў раёна ўдзячны В.І.Жыгар за даступную і практыка-арыентаваную інфармацыю, добразычлівую абстаноўку на занятках.

Алена НАВУМЧЫК,
загадчыца ясляў-сада № 4 Івацэвіч.