Майстар-класы ад бацькоў

Пяць дзён на тыдзень заняткі ў школе праводзяць настаўнікі, і як жа прыемна, калі ў шосты школьны дзень у ролі педагогаў выступаюць бацькі. У гэтым навучальным годзе ў Поразаўскай школе амаль кожную суботу праходзяць бацькоўскія майстар-класы для навучэнцаў.Вольга Мікалаеўна Гойлік — шматдзетная маці, якая выхоўвае траіх дзяцей. Яна пакінула ўсе тэрміновыя справы і знайшла час у суботні дзень правесці майстар-клас “Чароўныя нажнічкі” па вырабе кветак з гафрыраванай паперы. Навучэнцы пачатковых класаў з задавальненнем паўтаралі няхітрыя аперацыі, якія прапаноўвала Вольга Мікалаеўна. Хлопчыкі і дзяўчынкі адчувалі сябе сапраўднымі чараўнікамі, калі простыя прамавугольнікі тонкай паперы ператвараліся ў пялёсткі, а звычайны дрот — у сцяблінку будучай кветкі. Дзеці даведаліся, як правільна выбраць колер для пялёсткаў, якія адценні зялёнага больш падыходзяць для сцябла, а якія — для лісцікаў. Адначасова навучэнцы слухалі аповед-легенду аб незвычайнай прыгожай кветцы крокусе.

Наталля Іванаўна Здрадоўская дзялілася сваім майстэрствам па вырабе навагодняй ёлкі. Непатрэбныя шпалеры ў руках шасцікласнікаў ператвараліся ў святочную прыгажуню, упрыгожаную яркімі атласнымі стужкамі.

Марына Станіславаўна Дмухоўская лічыць галоўным для будучай маці-гаспадыні валоданне кулінарным майстэрствам, таму правяла майстар-клас “Шэдэўры навагодняга стала”.

Удзельнікі майстар-класаў, вярнуўшыся дадому, напэўна, пытаюцца ў сваіх бацькоў: “А чаму вы можаце навучыць маіх сяброў?”

Таццяна АСТАПЧЫК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Поразаўскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна.