Шанаваць сваё да самазабыцця

Згодна з рашэннем Ушацкага райвыканкама, Плінская сярэдняя школа вызначана ў раёне як апорная па патрыятычным выхаванні. У год 70-годдзя прарыву варожай блакады ў час Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Ушацкага раёна і 40-годдзя адкрыцця мемарыяльнага комплексу “Прарыў” гэтаму кірунку ў выхаваўчай рабоце ўдзяляецца асаблівая ўвага. Тым больш, што наша школа знаходзіцца ў той мясцовасці, дзе Вялікая Айчынная вайна напамінае аб сабе літаральна на кожным кроку. Напрыклад, у школьным двары стаіць абеліск-стэла з імёнамі 223 землякоў, якія загінулі на фронце.

За тры кіламетры ад школы ўзвышаецца велічны комплекс “Прарыў”, узведзены на тым самым месцы, дзе ў ноч з 4 на 5 мая 1944 года партызаны прарвалі кола фашысцкай блакады і вывелі з акружэння каля 15 тысяч мірных жыхароў. Настаўнікі і вучні прымаюць удзел у мерапрыемствах, якія арганізоўваюцца на гэтым святым месцы. Сімвалічным стала правядзенне тут свята прыёму ў піянеры. Дарэчы, піянерскай дружыне школы прысвоена імя аднаго з арганізатараў партызанскага руху на Ушаччыне Героя Савецкага Саюза Ф.Ф.Дуброўскага. Кожны год вучні пачатковых класаў у час летніх канікул праводзяць паходы па месцах правядзення прарыву варожай блакады вёскі Новае Сяло — Забораўна. Менавіта ў Забораўне пахаванні мірных жыхароў, якія загінулі ў час варожай блакады, знаходзяцца ў многіх дварах вёскі, на тэрыторыі палеткаў. Кожную вясну сюды спяшаюцца нашы вучні, каб пасля зімы навесці парадак, які падтрымліваюць і на працягу ўсяго года. На гэты раз прыбралі і брацкія магілы, і тэрыторыю вакол мемарыяльнага знака, дзе пазней будуць пасаджаны кветкі. А яшчэ вучні шэфствуюць над абеліскам на месцы былога партызанскага аэрадрома ў вёсцы Пліне. Як дапамагчы вучням зразумець трагізм лёсу людзей ваеннага пакалення? Адказ на гэтае пытанне даюць сустрэчы з ветэранамі падчас акцыі “Іх подзвіг мы захоўваем у сэрцы”.

Невычэрпнай крыніцай фарміравання ў вучняў патрыятычных пачуццяў з’яўляецца Пакой баявой славы, які існуе ў школе з 1976 года. Асноўныя моманты гісторыі роднага краю паказаны на стэндах “Схема і камандны склад Ушацка-Лепельскай партызанскай зоны”, “Адкрыццё мемарыяльнага комплексу “Прарыў”, “ Нашы землякі — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны”, “Настаўнікі — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны”. Настаўнікамі і вучнямі сабраны багаты і цікавы матэрыял пра барацьбу мясцовага насельніцтва з акупантамі. У музейным пакоі захоўваюцца пажаўцелыя ад часу фотаздымкі і дакументы, а таксама дзясяткі вучнёўскіх работ з каштоўнай інфармацыяй пра гісторыю партызанскага руху ва Ушацкім раёне. Гэты матэрыял выкарыстоўваецца пры правядзенні выхаваўчых мерапрыемстваў, урокаў мужнасці. У Год гасціннасці прапаноўваюцца экскурсіі для вучняў, настаўнікаў школ раёна, выхаванцаў мясцовага дзіцячага сада, гасцей школы, бо нам ёсць што расказаць. Па-іншаму і не можа быць: надта ж многа трагічных і адначасова гераічных старонак звязана з ваенным мінулым нашага краю.

Кожны год нашы вучні ўдзельнічаюць у конкурсах даследчых работ. Не стаў выключэннем і гэты навучальны год. Так, старшакласнікі прынялі ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе па айчыннай гісторыі, прысвечаным 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Іх работа “Лёс, знітаваны з Перамогай” прысвечана заслужанай настаўніцы БССР, былому дырэктару школы, у Вялікую Айчынную вайну кіраўніку падпольнай антыфашысцкай арганізацыі, партызанцы брыгады імя В.І.Чапаева Варвары Сцяпанаўне Мірановіч. Работы “Партызанскі рух на тэрыторыі Ушацкага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны” і “Лёс маёй сям’і ў гады Вялікай Айчыннай вайны” накіраваны на міжрэгіянальны інтэрнэт-конкурс “Сусветная вайна ў лёсах Айчыны”. Сёлета мы актыўна ўключыліся ў Абласны дыстанцыйны конкурс “Любі чужое аж да захаплення, сваё шануй да самазабыцця”. Работа плінскіх навучэнцаў адзначана дыпломам ІІІ ступені.
Можна пералічваць мерапрыемствы і перамогі, але самае галоўнае, што ў напружанай вучэбнай і пазакласнай рабоце выхоўваецца душа чалавека, які заўтра возьме на сябе адказнасць за будучыню сваёй малой і вялікай радзімы.

Галіна САРОКІНА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Плінскай сярэдняй школы.