Семінар-практыкум — прадукцыйная форма метадычнай работы

У дашкольныя гады дзеці кожны дзень сутыкаюцца з новымі прадметамі і з’явамі, у гэты час закладваюцца асновы іх жыццёвых арыенціраў, і ўсё, што дзіця засвоіць у дашкольнай установе, трывала застанецца ў яго свядомасці назаўсёды. Таму вельмі важна з ранніх гадоў прывіць дзецям навыкі бяспечных паводзін у навакольным свеце.

Задача выхавальніка дашкольнай адукацыі — азнаёміць дзяцей з нормамі бяспечных паводзін, узброіць патрэбнымі ведамі з улікам іх узросту. Менавіта таму адным з прыярытэтных кірункаў работы калектыву санаторнага ясляў-сада № 12 Ваўкавыска з’яўляецца фарміраванне бяспечнай і здароўезберагальнай сістэмы. Пытанні здароўезберажэння і бяспекі ўжо на працягу некалькіх гадоў уносяцца ў гадавое планаванне і праходзяць праз розныя формы метадычнай работы. Яны знайшлі адлюстраванне падчас правядзення майстар-класаў “Дыдактычная гульня сваімі рукамі”, “Стварэнне кутка бяспекі”, “Фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця” і інш. Як вынік такой работы, распрацавана прыкладнае планаванне па фарміраванні ўяўленняў пра бяспеку жыццядзейнасці і здаровы лад жыцця ў дашкольнікаў; створаны цэнтры бяспекі, у якіх прадстаўлены разнастайны матэрыял, мадэлі пажарнай тэхнікі, машыны спецыяльнага прызначэння, спецыяльнае абсталяванне; распрацаваны дыдактычныя гульні. Такая форма работы спрыяла трансляцыі ўласнага педагагічнага вопыту, развіццю прафесійных кампетэнцый педагогаў па праблеме. Праведзеныя дзелавыя гульні, гульнявыя трэнінгі “Бяспека жыцця дзяцей”, “Умацаванне псіхалагічнага здароўя дашкольнікаў”, “Правілы пажарнай бяспекі” спрыялі ўдасканаленню навыкаў прафесійнай дзейнасці педагогаў, якія потым пераносяцца ў сітуацыі рэальнай практычнай дзейнасці.


Семінар-практыкум з’яўляецца для нашага педагагічнага калектыву найбольш прадукцыйнай формай метадычнай работы, бо дазваляе глыбока і сістэматычна вывучыць праблему, якая разглядаецца. Тэматыка семінараў-практыкумаў будуецца ў адпаведнасці з задачамі гадавога плана: “Узаемадзеянне ўстановы дашкольнай адукацыі і сям’і па фарміраванні асноў здаровага ладу жыцця ў дашкольнікаў”, “Прафілактыка парушэнняў зроку ў дзяцей”, “Фарміраванне асноў бяспекі жыццядзейнасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту”.

Семінары-практыкумы скіраваны на павышэнне ўзроўню не толькі тэарэтычнай, але найперш практычнай падрыхтоўкі педагогаў. Падчас семінараў-практыкумаў намі выкарыстоўваюцца відэаматэрыялы, мультымедыйныя прэзентацыі, паказваюцца ў дзеянні патрэбныя прыёмы. Для павышэння эфектыўнасці работы з педагогамі выкарыстоўваюцца і розныя метады актыўнага навучання: вырашэнне педагагічных сітуацый, ролевая гульня, крыжаванка, экспрэс-апытанне, а таксама інтэрактыўныя метады. Добра зарэкамендавалі сябе педагагічная віктарына, педагагічны КВЗ, якія выкарыстоўваюцца намі як самастойная форма работы, а таксама як метад дзейнасці ў рамках семінара-практыкуму. Бясспрэчная каштоўнасць такіх форм — варыятыўнасць сітуацый, якія прайграюцца і мадэлююцца, што дазваляе падтрымаць адпаведную цікавасць, эмацыянальны пад’ём на працягу ўсяго мерапрыемства.

Вынікам павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных работнікаў шляхам метадычнага суправаджэння стала тое, што педагогі пераносяць атрыманыя веды, напрацоўкі ва ўласную практыку пабудовы сістэмы здароўезберажэння ў адукацыйным працэсе; ствараюць спрыяльныя ўмовы для захавання здароўя і бяспекі жыццядзейнасці дзяцей; фарміруюць у дзяцей патрэбу ў захаванні свайго здароўя ва ўмовах адукацыйнага працэсу.

Выкарыстанне актыўных метадаў навучання педагогаў, а ў выніку павышэнне іх педагагічнага майстэрства спрыяе якаснаму забеспячэнню рэалізацыі пастаўленых гадавых задач, а галоўнае, з’яўляецца фундаментам бяспекі і здароўя дзяцей.

Іна ЛОБІК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
санаторнага ясляў-сада № 12 Ваўкавыска.